«Гаспадыня на істотную саступку не пайшла, скінула толькі 15 даляраў»

Алена здымае аднапакаёвую кватэру ў мікрараёне Сухарава. Раней яна плаціла за яе 250 даляраў, па новым курсе гэта каля 800 рублёў. 

«Так супала, што заплаціць за сакавік мне трэба было на самым пачатку месяца, калі даляры ў абменніках прадавалі па 3,6 рубля. Такім чынам, замест звыклых 650 рублёў я мусіла аддаць за тую ж кватэру каля 900. Гаспадыня на істотную саступку не пайшла, скінула толькі 15 даляраў (48 рублёў). Аргументавала гэта тым, што пазбавілася працы. Яна ў яе была звязаная з імпартам прадуктаў, а ў яе два ўнукі, якіх трэба карміць», — кажа дзяўчына.

Алена папярэдзіла гаспадыню кватэры, што плаціць такую суму не зможа. І пачала шукаць новае жытло. 

«Спачатку яна паставілася спакойна, нават казала, што ў яе ўжо ёсць ахвотныя на гэтую кватэру.

Калі праз паўмесяца я раптам заявіла, што пераязджаю, гаспадыня абурылася, пакрыўдзілася і адмовілася вяртаць мне грошы. Гаворка ідзе пра суму больш за сто даляраў. Застацца без іх мне дыскамфортна, але даказаць нічога не магу: жыла без дамовы, хоць і яна не дапамагла б у сітуацыі, якая склалася.

Па законе, трэба папярэджваць уласніка аб пераездзе мінімум за два тыдні, а я папярэдзіла за тры дні, таму што нечакана знайшла ідэальную новую кватэру. Уласнік новай кватэры чакаць два тыдні адмовіўся, і я магу яго зразумець. Ён і так застаўся без жыхароў, сям'і айцішнікаў, якая на фоне вайны пераехала ў іншую краіну», — кажа яна. 

Алена зарабляе каля 1200 рублёў у месяц, працуе ў інфармагенцтве. На аплату кватэры ў яе сыходзіла амаль 70 працэнтаў ад заробку. 

«Возьмем за аснову тыя ж 250 даляраў. Калі палічыць увесь мой даход на працягу месяца, з улікам падпрацовак, атрымліваецца каля 50 працэнтаў, што менш, але таксама моцна б'е па кашальку, бо гэта без уліку камуналкі».

Калі пачаўся рэзкі рост курсу даляра, Алена таксама пацікавілася ў свайго кіраўніцтва, ці павысяць ёй заробак у сувязі з такой сітуацыяй. 

«У апошні месяц у нас адбыліся кадравыя перастаноўкі, і ва ўсіх начальнікаў заробак вырас. У звычайных супрацоўнікаў, як у мяне, — не.

Пра рост зарплаты казаць у бліжэйшай перспектыве не даводзіцца, бо для гэтага Мінгарвыканкам мусіць выдзеліць дадатковыя сродкі ў бюджэт арганізацыі. А адкуль у яго лішнія сродкі?» — разважае дзяўчына. 

«Бліжэй да дня аплаты сказалі, што разлік будзе па курсе 2,7»

Вераніцы 26 гадоў. Дзяўчына здымае ў сталіцы еўрадвушку разам з сяброўкай каля станцыі метро «Парк Чалюскінцаў». За жытло яны плацяць 350 даляраў (па новым курсе гэта 1140 рублёў). 

«З чалавека 175 даляраў (па новым курсе — 570 рублёў). Мы плацілі заўсёды ў рублях па курсе Нацбанка. Пасля 24 лютага, калі даляр пачаў расці, арэндадаўца напісаў, што па цане сыдземся. Бліжэй да дня аплаты сказаў, што разлік будзе па курсе 2,7. Як будзе далей — не загадваю. Ці скарэктуем суму ў далярах, ці прывяжам да рубля», — кажа яна. 

Сама Вераніка працуе ў IT. Яе заробак прывязаны да даляра, таму на арэнду яна траціць столькі ж, колькі і раней.

«У цэлым я задаволеная гэтай цаной. Але калі б я аказалася ў такой сітуацыі пару гадоў таму, калі яшчэ ў IT не працавала, мой адказ быў бы адмоўны», — кажа яна.

«Гаспадар сам прапанаваў падумаць, якая сума будзе для мяне пасільнай»

Ілля здымае аднапакаёвую кватэру на ўскрайку Мінска. Да пачатку вайны ён плаціў за арэнду 220 даляраў (716 рублёў па новым курсе). 

«Калі даляр скакануў, я пасівеў на чвэрць галавы. Думаў, як буду аплачваць кватэру і ў той жа час не галадаць. Даляр быў па 2,5 рубля, а стаў 4. 

Я палічыў, і аказалася, што цяпер мне трэба будзе плаціць 880 рублёў за арэнду. Мне было няёмка абмяркоўваць зніжку на кватэру з гаспадарамі, таму што яны самі былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі ў Кіеў. А потым і адтуль уцякаць з-за вайны. Гаспадар сам напісаў і прапанаваў падумаць, якая сума будзе для мяне пасільнай.

Я папрасіў знізіць кошт арэнды на 30 даляраў на першы час, цяпер плачу 190 даляраў (618 рублёў). А далей, калі не змагу, дык будзем дамаўляцца яшчэ. Калі не змагу набыць даляры, то можна і ў беларускіх рублях па курсе», — кажа ён. 

Працуе Ілля спецыялістам па навучанні персаналу. Раней на арэнду жытла ён аддаваў каля 40 працэнтаў ад заробку. 

«Атрымліваю я 1500 рублёў. Цяпер на арэнду трачу 65 працэнтаў ад заробку. Паднімаць яго, наколькі я ведаю, не плануюць. Хаця б сама праца засталася. Так што ў далярах я раней атрымліваў 600, а цяпер па новым курсе 460», — кажа ён. 

«Вырашылі, што лепш саступіць, чым шукаць новых кватарантаў»

Сваёй гісторыяй падзяліліся таксама мінчукі, якія здаюць кватэру.

«У нас аднапаёўка ў ціхім раёне ў 15 хвілінах ад метро. Здаём яе са снежня. Спачатку выставілі цэннік у 300 даляраў, але ў выніку скінулі да 280», — кажуць гаспадары.

Калі пачалася вайна, кватаранты папрасілі зафіксаваць цану ў рублях.

«Мы дамовіліся на курсе 2,6 рубля за даляр. Вырашылі, што лепш так, чым шукаць новых кватарантаў і самім аплачваць камуналку за гэты час. 720 рублёў таксама грошы. Бліжэйшы месяц так, пасля будзем зноў абгаворваць умовы».

«Каля 70% экспарту ў ЕС — пад санкцыямі». Што чакае беларускую эканоміку

Стаў вядомы памер сярэдняга заробку за люты

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0