Прыводзім гэты аповед са скарачэннямі.

«Пасярод музычнай падборкі раптам зайграў «Магутны Божа»

«Узровень установы і яе персаналу стаў зразумелы яшчэ на подступах, калі нас вялі па калідорах. Некаторыя камеры былі падпісаныя назвамі раёнаў. Адзін з надпісаў горда абвяшчаў «Ленинский. Совецкий».

Нейкі ўпыр, які крычаў на жанчын і, што самае страшнае, гучна і рэгулярна паўтараў «ложите!», ладзіў нам цёплы прыём і нешта распавядаў пра логіку і яе адсутнасць у нас. Мы з маёй адукацыяй дружна пасмейваліся ў баку.

Камеры ў ІЧУ — камеры класа люкс. Драўляныя артапедычныя шхонкі, экспрэсіўна выфарбаваныя ў сіне-бірузовы колер, драўляныя лавы і столікі, на якіх выразаныя ўсе магчымыя гульні тыпу шахмат і нард. Першую камеру ўспамінаю з некаторым цяплом.

Туалет знаходзіцца ў камеры і вучыць цябе нічога не саромецца.

Першая раніца на Акрэсціна пачалася з падборкі беларускамоўнай музыкі. Магчыма, яны чакалі, што гэта пакаранне для нас, закліканае выгнаць дэманаў і прышчапіць правільную любоў да Радзімы. Калі пасярод гэтай падборкі раптам зайграў «Магутны Божа», мы зразумелі, што яны проста тупыя.

«Увесь персанал Акрэсціна паводзіць сябе так, быццам мы прывялі іх на гэтую працу і прымусілі яе рабіць»

У камерах нас сядзела ад 15 да 37 чалавек. У асноўным мы прасядзелі 25 — 27 чалавек у 6-меснай камеры. Гэта менш за квадратны метр на чалавека. Усім адначасова ўстаць-сесці не было дзе. Дыхаць было, відавочна, няма чым. Мы яшчэ прасілі пакінуць нам адкрытай кармушку.

Святло на ноч не выключалася («тут вам не дзіцячы садок, каб вам яшчэ і святло выключалі»). Будзілі ў 2 і 4 ночы на пераклічку. Пад'ём у 6 раніцы.

Мы ўсе абураліся, што нас ноччу катуюць гэтымі пабудкамі, а потым да нас падсялілі жанчын, якія вельмі храпелі. Тады мы зразумелі, што нам не спаць перашкаджаюць, а проста даюць яшчэ адзін шанец паспрабаваць заснуць першым, калі ты да гэтага не паспеў…

Перадачы палітычным — не прынята. Нават тое, што ў цябе было з сабой у рэчах. Зубная паста, шчоткі, шампунь — не прынята. Дзяўчыне з вельмі дрэнным зрокам не перадалі нават акуляры. Мне не перадалі лекі. Сардэчна запрашаем на Акрэсціна — мы дапаможам вам злезці з антыдэпрэсантаў.

У ІЧУ аднойчы мы выпрасілі аж дзве кнігі на камеру: біяграфію Лесі Украінкі і кнігу «Я станаўлюся мамай». Зладзілі варажбу па кнігах. На пытанне «Чым скончыцца вайна ва Украіне?» атрымалі радок «…прыйшлі віншаванні з Варшавы, Парыжа, Берліна…» Апладзіравалі ўсёй камерай.

У ЦІПе на просьбу даць хоць якую кнігу нам адказалі: «Ну дзяўчаты, вы ж самі ўсё разумееце, вам — не прынята. У вас і так гора ад розуму».

Увесь персанал Акрэсціна паводзіць сябе так, быццам мы прывялі іх на гэтую працу і прымусілі яе рабіць. Людзей, больш незадаволеных сваёй працай, яшчэ пашукаць трэба. Фраза «мы з Акрэсціна выйдзем, а яны тут застануцца» аказалася не такім ужо пафасным праклёнам.

Фразу «яны там вальней, чым мы тут» у дачыненні да палітычных я стала яшчэ больш не разумець. Не ведаю, як у іншых месцах, але на Акрэсціна ты маўчыш, самацэнзурышся, хаваеш сябе далей і спрабуеш выжыць. Больш несвабодным сябе складана ўявіць.

«Развараныя ў соплі кашы і суп на абед з кашы на сняданак»

Адна дзяўчынка прасіла таблеткі, у яе пачыналася мігрэнь. Яе вывелі і е**нулі галавой аб сцяну. М — медыцына.

На Акрэсціна не хапае прыкладна ўсяго. Лыжкі на абед толькі для паловы людзей — норма. Аднойчы мы сядзелі 3 дні без туалетнай паперы і мыла. Выпрошваць мыла і туалетку было асобнай забаўкай. Затое хлеба заўсёды шмат! І грэчкі. Вы спрабавалі грачаны суп з нічым?

Я за 2 тыдні з'ела роўна адну талерку гарохавага супу. Сілкавалася гарбатай на сняданак і мякішамі хлеба. Мой арганізм адмовіўся ёсці тое, што даюць на Акрэсціна. Развараныя ў соплі кашы, мікс круп «усё, што завалялася на паліцы» і суп на абед з кашы на сняданак — бон апетыт.

Пракладкамі можна было палохаць мужчынскі персанал і даводзіць да шаленства медработніц. Аднойчы доктарка раз'юшылася, што занадта шмат дзяўчат папрасілі пракладкі: «У наступны раз трусы правяраць буду, каб ведаць, каму трэба». Пасля гэтага пракладак мы не бачылі — давалі толькі вату.

Усе ахоўнікі на Акрэсціна шчыра дзівяцца таму, што людзі не ўмеюць выконваць каманды.

Да пападання на Акрэсціна я неяк думала, што многія працуюць па прынцыпе «ну вы самі ўсё разумееце, праца такая». А, аказалася, не — яны шчыра вераць ва ўсю гэтую дур. Узнікла думка, што мы сапраўды турбуем гэтых людзей сваім светлым будучым і перашкаджаем ім жыць у гаўне.

Адзіным праменьчыкам святла з боку гэтай сістэмы была адна наглядчыца, наша святая жанчына. Называлі мы яе так за ветлівасць, за тое, што яна прыходзіла і пыталася «дзяўчаты, як у вас тут справы?», не будзіла ноччу і старалася выбіць нам туалетную паперу з мылам.

«Якое да пабачэння? Бывайце, бл**ь»

Але самае страшнае ў Акрэсціна не ўмовы, а тое, калі ты сядзіш і не ведаеш, ці выйдзеш.

Затое мы выпісваліся з Акрэсціна весела. Па пратаколе [пры затрыманні] я крычала «Жыве Украіна». Наглядчык пасля прафілактычнай гутаркі на развітанне сказаў: «Усё, каб больш не крычалі сваё «Жыве Украіна». Крычыце «Жыве Беларусь», за гэта менш даюць».

З апошнім перад выхадам канваірамі адбылася лепшая размова эвер:

— Да пабачэння.

— Якое да пабачэння? Бывайце, бл**ь, каб вас тут больш не з'яўлялася.

Ні дадаць, ні адняць».

Клас
0
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
8
Абуральна
1