Мсціслаў Чарноў. 24 лютага, дзень абстрэлу ваеннай базы ў Марыупалі. Фота: Яўген Малалетка, АР.

Мсціслаў Чарноў. 24 лютага, дзень абстрэлу ваеннай базы ў Марыупалі. Фота: Яўген Малалетка, АР.

Рускія палявалі на нас. У іх быў спіс прозвішчаў, сярод якіх былі і нашы, і яны былі ўжо блізка.

Мы былі адзінымі міжнароднымі журналістамі, якія засталіся ў Марыупалі, і мы больш за два тыдні дакументавалі яго аблогу расійскімі войскамі. Мы рабілі рэпартаж у шпіталі, калі ў яго калідорах з’явіліся ўзброеныя людзі. Хірургі далі нам белыя медыцынскія касцюмы, каб мы маглі замаскіравацца.

Раптам на досвітку ўварвалася каля дзесяці салдат: «Дзе ж, ***, журналісты?»

Я паглядзеў на іх павязкі, блакітныя (што сімвалізуе Украіну), і паспрабаваў падлічыць верагоднасць таго, што яны пераапранутыя рускія. Я выйшаў наперад, каб ідэнтыфікаваць сябе. «Мы тут, каб забраць вас», — сказалі яны.

Ад артылерыйскага і кулямётнага агню звонку трэсліся сцены кабінета, і заставацца ўнутры здавалася бяспечней. Але ўкраінскія салдаты атрымалі загад забраць нас з сабой.

Фатограф АР Яўген Малалетка дапамагае медыку весці жанчыну, параненую падчас абстрэлу. 2 сакавіка, Марыупаль. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Фатограф АР Яўген Малалетка дапамагае медыку весці жанчыну, параненую падчас абстрэлу. 2 сакавіка, Марыупаль. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Мы выбеглі на вуліцу, кідаючы дактароў, якія нас хавалі, цяжарных жанчын, якіх абстрэльвалі, і людзей, якія спалі ў пад'ездах, бо ім не было куды ісці. Я адчуваў сябе жудасна, калі пакінуў іх усіх за сабой.

Дзевяць хвілін, а можа, дзесяць, вечнасць па дарогах і разбомбленых шматкватэрных дамах. Калі паблізу разарваліся снарады, мы паваліліся на зямлю. Час вымяраўся ад аднаго снарада да іншага, нашыя целы напружваліся, дыханне затрымлівалася. Ударная хваля за хваляй штурхала ў мае грудзі, і мае рукі пахаладзелі.

Мы дабраліся да пад'езда, і бронеаўтамабілі павезлі нас у цёмны склеп. Толькі тады мы даведаліся ад міліцыянта, чаму ўкраінцы, рызыкуючы жыццём салдат, выцягвалі нас са шпіталя.

«Калі яны зловяць вас, вас прымусяць стаяць перад камерай і казаць, што ўсё, што вы знялі, — хлусня», — сказаў ён. «Усе вашыя намаганні і ўсё, што вы зрабілі ў Марыупалі, будзе марным».

Афіцэр, які калісьці ўпрошваў нас паказаць свету яго паміраючы горад, цяпер маліў нас ісці. Ён падштурхнуў нас да тысяч пашкоджаных машын, якія рыхтаваліся выехаць з Марыупаля.

Было 15 сакавіка. Мы не ўяўлялі, ці выедзем адтуль жывымі.

***

Калі я быў падлеткам ва ўкраінскім Харкаве, усяго за 30 кіламетраў ад расійскай мяжы, я ў рамках школьнай праграмы навучыўся абыходзіцца са зброяй. Гэта здавалася бессэнсоўным — Украіну, як я меркаваў, атачалі сябры.

Мужа гэтай жанчыны забілі падчас абстрэлу. Марыупаль, 11 сакавіка. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Мужа гэтай жанчыны забілі падчас абстрэлу. Марыупаль, 11 сакавіка. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

З тых часоў я асвятляў войны ў Іраку, Афганістане і спрэчнай тэрыторыі Нагорнага Карабаха, спрабуючы паказаць свету разбурэнне ад першай асобы. Але калі гэтай зімой амерыканцы, а потым і еўрапейцы эвакуявалі супрацоўнікаў сваіх амбасадаў з горада Кіева, і калі я разглядаў карты збірання расійскіх войскаў насупраць майго роднага горада, маёй адзінай думкай было: «Мая бедная краіна».

У першыя дні вайны рускія разбамбілі вялізную плошчу Свабоды ў Харкаве, дзе я бавіў час, калі быў падлеткам.

Я ведаў, што расійскія сілы будуць разглядаць горад-порт Марыупаль на ўсходзе як стратэгічна важны аб’ект праз тое, што ён знаходзіцца на Азоўскім моры. Таму вечарам 23 лютага я накіраваўся туды разам са сваім даўнім калегам Яўгенам Малалеткам, украінскім фатографам Associated Press, на яго белым фургоне Volkswagen.

Па дарозе мы пачалі турбавацца пра запасныя шыны і сярод ночы знайшлі ў інтэрнэце чалавека, які хацеў іх нам прадаць. Мы растлумачылі яму і касіру ў краме, што рыхтуемся да вайны. Яны глядзелі на нас, як на вар'ятаў.

У Марыупаль мы пад'ехалі ў 3.30 раніцы, а праз гадзіну пачалася вайна.

Прыкладна чвэрць з 430 000 жыхароў Марыупаля з’ехала ў тыя першыя дні, пакуль гэта было яшчэ магчыма. Але мала хто верыў, што вайна ўжо блізка, і калі большасць зразумелі сваю памылку, было ўжо позна.

Праз расійскія бамбёжкі зніклі электрычнасць і вада, у горадзе спыніліся пастаўкі ежы і, нарэшце, што важна, былі разбураныя вышкі мабільнай сувязі, радыё і тэлебачання. Некалькі іншых журналістаў у горадзе выехалі з яго да таго, як знікла апошняя сувязь і ўсталявалася поўная блакада.

Адсутнасць інфармацыі ў блакадзе дасягае дзвюх мэтаў. Першая з іх — хаос. Людзі не ведаюць, што адбываецца, і панікуюць. Спачатку я не мог зразумець, чаму Марыупаль так хутка быў разбураны. Цяпер я ведаю, што гэта было з-за адсутнасці сувязі.

Беспакаранасць — другая мэта. Без інфармацыі з горада, без фатаграфій знесеных будынкаў і паміраючых дзяцей расійскія войскі маглі рабіць усё, што захацелі. Калі б не мы, нічога б не было.

Вось чаму, каб мець магчымасць даслаць свету тое, што мы бачылі, мы пайшлі на такую рызыку, і менавіта гэта раззлавала Расію настолькі, каб паляваць на нас. Я ніколі, ніколі не адчуваў, што парушаць цішыню было так важна.

***

Хутка прыйшла смерць. 27 лютага мы назіралі, як доктар спрабаваў выратаваць маленькую дзяўчынку, пацярпелую ад асколкаў. Яна памерла.

Загінула другое дзіця, потым трэцяе. Хуткая дапамога перастала забіраць параненых, таму што людзі не маглі датэлефанавацца да яе, а самі медыкі не маглі арыентавацца па разбомбленых вуліцах.

Брацкая магіла на ўскрайку Марыупаля, 9 сакавіка. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Брацкая магіла на ўскрайку Марыупаля, 9 сакавіка. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Дактары прасілі нас зняць сем'і, якія прыносілі ім сваіх загінулых і параненых, і дазволілі нам выкарыстоўваць іх слабую генератарную магутнасць для нашых камер. Яны казалі, што ніхто не ведае, што адбываецца ў горадзе.

Абстрэлы пашкодзілі шпіталь і дамы вакол яго. Снарады разбілі шыбы нашага мікрааўтобуса, прабілі дзірку ў баку і ў шыне. Часам мы выбягалі здымаць палаючы дом, а потым беглі назад пад выбухамі.

Заставалася адно месца ў горадзе, каб атрымаць стабільную сувязь — каля разрабаванага прадуктовага магазіна на праспекце Будаўнікоў. Раз у дзень мы ехалі туды і сядалі на кукішкі пад лесвіцай, каб перадаць у свет фота і відэа. Лесвіца не надта магла б абараніць нас, але гэта было больш бяспечна, чым быць на адкрытым паветры.

***

Да таго часу я стаў сведкам смерцяў у шпіталі, бачыў трупы на вуліцах, дзясяткі целаў, закінутых у брацкую магілу. Я бачыў столькі смерці, што здымаў яе, амаль не прымаючы блізка да сябе.

9 сакавіка двайныя авіяўдары здрабнілі пластыкавы скотч на вокнах нашага фургона. Я ўбачыў вогненны шар усяго за секунду да таго, як боль пранізаў унутраную частку майго вуха, скуру, твар.

Мы назіралі за дымам з радзільні. Калі мы прыехалі туды, супрацоўнікі МНС яшчэ выцягвалі з руін акрываўленых цяжарных жанчын.

Нашы батарэі амаль скончыліся, і ў нас не было сувязі, каб адправіць выявы. Каменданцкая гадзіна павінна была хутка пачацца. Афіцэр паліцыі падслухаў, як мы размаўляем, як данесці навіны пра выбух у шпіталі.

Гэтае фота з разбомбленай марыупальскай радзільні абляцела ўвесь свет. Крыніца: АР.

Гэтае фота з разбомбленай марыупальскай радзільні абляцела ўвесь свет. Крыніца: АР.

«Гэта зменіць ход вайны», — сказаў ён. Ён павёў нас туды, дзе можа было зарадзіць акумулятары і падключыцца да інтэрнэту.

Мы знялі столькі памерлых людзей, памерлых дзяцей, ім няма канца. Я не разумеў, чаму ён думаў, што новыя смерці могуць нешта змяніць. Я не меў рацыі.

У цемры мы адпраўлялі выявы. Мы падзялілі відэафайл на тры часткі і адпраўлялі кожную з асобнага мабільнага тэлефона, каб паскорыць працэс. Гэта заняло некалькі гадзін, і мы скончылі нашмат пазней, чым пачалася каменданцкая гадзіна. Абстрэл працягваўся, але афіцэры, прызначаныя для нашага суправаджэння ў горадзе, цярпліва чакалі.

Тады наша сувязь са светам за межамі Марыупаля зноў абарвалася.

Мы вярнуліся ў пусты падвал гатэля з акварыумам, запоўненым мёртвымі залатымі рыбкамі. У нашай ізаляцыі мы нічога не ведалі пра расійскую кампанію дэзынфармацыі з мэтай дыскрэдытацыі нашай працы.

Амбасада Расіі ў Лондане размясціла два твіты, у якіх нашы фатаграфіі называюцца фальшывымі і сцвярджаецца, што цяжарная жанчына была актрысай. Расійскі амбасадар выставіў копіі фотаздымкаў на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН і паўтарыў хлусню пра напад на радзільны дом.

Тым часам у Марыупалі да нас звярталіся людзі, якія пыталіся пра апошнія навіны з вайны. Столькі людзей прыходзілі да мяне і казалі: «Калі ласка, здымайце мяне, каб мая сям'я за горадам даведалася, што я жывы».

***

Пасля 11 сакавіка ўкраінскія вайскоўцы, якія ахоўвалі шпіталь, зніклі. А шлях да нашага мікрааўтобуса з прадуктамі, вадой і тэхнікай перакрываў расійскі снайпер, які ўжо параніў медыка, што выйшаў на вуліцу. У цемры праходзілі гадзіны, пакуль мы слухалі выбухі на вуліцы. Вось тады па нас прыйшлі салдаты, якія крычалі па-ўкраінску.

Гэта не было падобна на выратаванне. Было адчуванне, што нас проста пераводзяць ад адной небяспекі да другой. Да гэтага часу нідзе ў Марыупалі мы не былі ў бяспецы, і палёгкі не было. Ты мог памерці ў любы момант.

Я адчуваў сябе дзіўна ўдзячным перад салдатамі, але пры гэтым анямеў і перажываў сорам, што з'язджаю. Мы з сям’ёй з трох чалавек уціснуліся ў Hyundai і пакінулі горад, пасля чаго апынуліся ў 5-кіламетровым заторы. У той дзень з Марыупаля выехала каля 30 тысяч чалавек — столькі, што расійскія салдаты не паспявалі прыглядацца да машын з вокнамі, заклеенымі кавалачкамі пластыку.

Машына, на якой рэпарцёры АР здолелі з'ехаць з Марыупаля. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Машына, на якой рэпарцёры АР здолелі з'ехаць з Марыупаля. Фота: Мсціслаў Чарноў, АР.

Людзі нерваваліся. Яны біліся, крычалі адзін на аднаго. Кожную хвіліну было чуваць самалёт ці авіяўдар, дрыжэла зямля.

Мы перасеклі 15 расійскіх кантрольна-прапускных пунктаў. На кожным з іх маці, якая сядзела ў пярэдняй частцы нашай машыны, шалёна малілася, дастаткова гучна, каб мы чулі.

Калі мы праязджалі праз гэтыя КПП — трэці, дзясяты, пятнаццаты, усе ўкамплектаваныя салдатамі з цяжкай зброяй, — мае надзеі на тое, што Марыупаль выжыве, знікалі. Я разумеў, што толькі каб дабрацца да горада, украінскай арміі трэба было б прарваць столькі тэрыторыі. І гэта наўрад ці здарылася б.

На захадзе сонца мы падышлі да моста, некалі разбуранага ўкраінцамі, каб спыніць наступ рускіх. Там ужо затрымалася калона Чырвонага Крыжа прыкладна з 20 машын. Мы ўсе разам збочылі з галоўнай дарогі на палі і прасёлкавыя дарогі.

Ахова на пятнаццатым КПП размаўляла па-руску з грубым каўказскім акцэнтам. Яны загадалі ўсёй калоне выключыць фары, каб схаваць прыпаркаваную на ўзбочыне зброю і тэхніку. Я ледзь мог разгледзець белую літару Z, намаляваную на аўтамабілях.

Калі мы пад'ехалі да шаснаццатага КПП, то пачулі галасы і зразумелі, што гэта галасы ўкраінцаў. Мяне перапоўніла палёгка. Маці ў пярэдняй частцы машыны расплакалася. Мы выйшлі.

Мы былі апошнімі журналістамі ў Марыупалі. Цяпер журналістаў там няма.

Што спыніць Пуціна, чаму расійскія войскі не штурмуюць Кіеў і навошта руйнуюць Марыупаль — распавядае ўкраінскі ваенны эксперт

У Марыупалі сотні загінулых ляжаць проста каля будынкаў ВІДЭА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0