Следчы камітэт: «З тэрарыстамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць»

Як паведамляла МУС, з 28 лютага на 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцей зафіксавана тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання, блакавання чыгуначных шляхоў. Супраць затрыманых узбуджаюць крымінальныя справы па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму).

«Папярэджваем усіх, хто нават падумае здзяйсняць любыя супрацьпраўныя дзеянні на Беларускай чыгунцы: усе яны будуць кваліфікаваныя як акт тэрарызму і рэакцыя будзе максімальна жорсткай. З тэрарыстамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць», — кажуць у ведамстве.

Віцебск: «планаваў вывядзенне са строю чыгуначных сістэм»

Сяргей Канавалаў

Сяргей Канавалаў

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа затрымалі жыхара Віцебска за «падрыхтоўку акта тэрарызму». Па версіі МУС, мужчына планаваў вывядзенне са строю сістэмаў, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. 

Па інфармацыі чыгуначнага тэлеграм-канала @bel_zhd, затрыманым з'яўляецца супрацоўнік Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Сяргей Канавалаў. Супольнасць чыгуначнікаў паведамляе, што затрыманы мужчына быў пасля канфлікту з ідэолагам:

«Напярэдадні затрымання Канавалаў уступіў у канфлікт з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі, Глячковым В. А. (з якім раней ужо канфліктаваў). Глячкоў з ведама начальніка дыстанцыі Селіёнава І. В. паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ пра падрыхтоўку дадзеным работнікам дыверсіі, у выніку чаго Канавалава і арыштавалі без якіх-небудзь на тое рэальных падстаў».

Па інфармацыі МУС, Канавалаў меў доступ да ўказанага абсталявання, але, як піша «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за падрыхтоўку да акта тэрарызму.

Светлагорск: «Спалілі шафу сігнальнай устаноўкі на чыгунцы»

Дзяніс Дзікун

Дзяніс Дзікун

4 сакавіка ў Светлагорску затрымалі трох мясцовых жыхароў. Як сцвярджае прэс-служба МУС, 29-гадовы светлагорац разам з двума знаёмымі ўвечары 28 лютага прыйшлі на чыгуначны перагон за горадам, двое з іх аблілі палівам рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі і падпалілі — абсталяванне выгарэла. На іх завялі крымінальную справу за ўчыненне акта тэрарызму.

З 2 сакавіка ў Светлагорску праходзілі ператрусы ў сувязі са спаленым абсталяваннем. Тады на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), і ў выніку святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку ў непрацоўным стане. Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалонаў у бок Украіны падчас Першай сусветнай вайны.

Праваабаронцам вядома, што 4 сакавіка ў Светлагорску затрымалі Дзмітрыя і Наталлю Равіч (муж і жонка), брата Наталлі Дзяніса Дзікуна і ягоную дзяўчыну Алісу Маланаву. У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з Дзянісам Дзікуном. На відэа Дзяніс выглядае збітым. Ён кажа, што па ўказанні ByPOL падпаліў яшчэ з двума чалавекамі 28 лютага шафу сігнальнай устаноўкі на станцыі «Жэрдзь — Астанковічы».

Следчы камітэт 4 сакавіка паведаміў пра затрыманне 30-гадовага жыхара Светлагорску. СК сцвярджае, што ён дзейнічаў у змове са сваім сваяком, які пасля падзей жніўня 2020 году выехаў з Беларусі ў Літву, дзе хаваўся ад крымінальнага пераследу. Ад BYPOL затрыманы нібыта «атрымаў заданне ажыццявіць акты тэрарызму на чыгунцы». СК сцвярджае, што затрыманы меў «падрабязныя інструкцыі і відэаўрокі пра тое, як вырабляць прылады злачынства і ўчыняць тэракты на чыгуначных аб’ектах».

Асіповічы: «выказаў гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння з мэтай недапушчэння прасоўвання эшалонаў з вайсковай тэхнікай»

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Асіповічах затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта Аляксей Шышкавец.

Па інфармацыі МУС, у пачатку 2022 года мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боте для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава».

У адносінах да фігуранта распачатая крымінальная справа за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. 

«Ён выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з вайсковай тэхнікай», — кажа начальнік магілёўскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіл Сухачоў.

Супраць Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні з мэтай здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці (арт. 361-1 КК).

Стоўбцы: «паклаў два палена на пуці і падпаліў»

Сяргей Глебка

Сяргей Глебка

Па інфармацыі МУС, у ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрыманыя мясцовыя жыхары, муж з жонкай, якія на чыгуначных пуцях здзейснілі падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», гэта Сяргей і Кацярына Глебкі. Дома ў іх трое непаўнагадовых дзяцей. На «пакаяльным відэа» бачна, што Сяргей збіты.

«Мужчына ўсё здымаў на мабільны з адпаведным каментарыем, дзе адкрыта выказваў свае тэрарыстычныя намеры. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі», — піша МУС.

«Паклаў два палена на шляхі, так як нагледзеўся телеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палена», — кажа мужчына на відэа і раскайваецца ў здзейсненым.

Супраць Сяргея Глебкі распачатая крымінальная справа па арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Жодзіна: затрыманы «рэйкавы партызан»

2 сакавіка ў Жодзіне быў затрыманы 35-гадовы «рэйкавы партызан», але падрабязнасці справы не паведамляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0