«Усе найбольш важныя рэчы ў жыцці адбываюцца, як правіла, экспромтам і нечакана. Немагчыма падрыхтавацца да таго, каб стаць героем. Проста ў жыцці кожнага чалавека раптам узнікае сітуацыя, у якой ён павінен здзейсніць учынак тут і цяпер. Або ўвайсці ў гісторыю, або вырашыць пачакаць больш падыходзячага моманту. Лёс, як правіла, дае шанец здзейсніць сапраўдны ўчынак толькі адзін раз», — кажа камбрыг.

«Цяпер я наважыўся запісаць першы ў сваім жыцці відэазварот таму, што мае суайчыннікі, хлопцы ў блакітных цяльняшках, такіх жа, як усё жыццё насіў я, сядзяць у лесе ля мяжы з Украінай, — працягвае ён. — І вельмі падобна на тое, што ў бліжэйшы час збіраюцца паўдзельнічаць у вельмі нядобрай справе, якая можа мець катастрафічныя наступствы для нашай краіны і канчаткова пахаваць славу і традыцыі войскаў, якія здабывалі многія пакаленні дэсантнікаў. І магчыма, далёка не ўсе вярнуцца на радзіму жывымі. Расійская армія, якая мае велізарны баявы досвед, трое сутак знаходзіцца ў пекле».

Пры гэтым, кажа ён, украінцы вытрымалі самыя цяжкія 72 гадзіны і атрымалі падтрымку ад усяго свету.

«Расіяне проста сталі ахвярамі сваіх жа прапагандыстаў, якія паабяцалі, што народ Украіны сустрэне іх хлебам-соллю як вызваліцеляў. Але вы ўжо ўсё ведаеце. Хоць вам і забараняюць мець смартфоны, але вы пакуль на радзіме, у кантакце з роднымі і сябрамі і мелі час усё ацаніць і асэнсаваць. У кагосьці ёсць сумневы, што ваш ўваход ва Украіну будзе лепшы за навагодні штурм Грознага 1995 года?» — выказваецца камбрыг.

«Не хачу лезці ў палітыку, палітыка заўсёды была мне чужая. Але любому разважліваму чалавеку павінны быць зразумелыя як мінімум тры рэчы.

Першая. Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не пагражае цяпер. Другая: наркаманаў, нацыяналістаў ва ўкраінскай уладзе няма, а калі б і былі, яны былі б абраныя на свабодных дэмакратычных выбарах. Трэцяя: ніякіх прававых падстаў урывацца на тэрыторыю Украіны ў беларускіх узброеных сілаў няма, тым больш, што гэта забараняе дзеючая Канстытуцыя.

Гэта не наша вайна. Вы не будзеце абараняць свой дом, сваю Радзіму, сваю сям'ю. Вы не здабудзеце ў гэтым канфлікце славы — толькі ганьбу, прыніжэнне, кроў, смерць і становішча нацыі-ізгоя для ўсяго беларускага народа на дзесяцігоддзі.

Браткі, знайдзіце спосаб не ўдзельнічаць у гэтай бруднай справе. Бацькі-камандзіры, вы зможаце жыць з тым, што паклалі пацаноў ні за што? Як вы будзеце глядзець у вочы маці, якія аддалі вам сваіх сыноў?»

Валер Сахашчык звярнуўся таксама да военачальнікаў:

«Як бы на вас ні ціснулі, здзейсніце сапраўдны мужчынскі ўчынак. Прыміце правільнае рашэнне, набярыцеся грамадзянскай мужнасці. Не адпраўляйце пацаноў на бойню.

Часам найвышэйшы подзвіг — сказаць «не», і ўвайсці ў гісторыю як чалавек, які выратаваў жыцці сотняў, а можа быць, тысяч людзей і адносіны з брацкім народам. І нават калі вас цяпер звольняць, паверце, вы будзеце героямі».

label.reaction.like
3
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0