Жук увайшоў у гісторыю як чалавек, які ўзяў удзел у аднаўленні незалежных СМІ пасля дзесяцігоддзяў савецкага таталітарызму. Жыццялюб, паспяховы прадпрымальнік, ён даў імпульс газетнай справе. Браў на сябе вялізныя рызыкі, але газеты выходзілі.

Павел Жук нарадзіўся ў 1956 годзе ў Баранавічах. Скончыў фізічны факультэт БДУ, працаваў у Акадэміі навук. У 1989 годзе ён, удзельнік незалежніцкага падполля, увайшоў у выдавецкую групу часопіса «Літаратура», які заснавалі Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Потым браў удзел у выданні «Навін БНФ».

У сакавіку 1990 года разам з Дубаўцом і Алесем Гурковым выдаў «Дзень Волі — 90», прымеркаваны да 72-х угодкаў стварэння БНР. «Дзень Волі» стаў пралогам газеты «Свабода», першы нумар якой пабачыў свет у красавіку 1990 года. 

Газету «Свабода» выдаваў да лістапада 1997 года, пакуль яна не была зачыненая пасля неаднаразовых папярэджанняў за публікацыю крытычных да палітыкі Лукашэнкі артыкулаў.

У студзені 1998 года газета адрадзілася пад назвай «Навіны», выдаўцом зноў стаў Жук.

У 1990-я Жук браў актыўны ўдзел і ў палітычнай барацьбе за дэмакратыю і незалежнасць. У 2000-я ён адышоў ад палітыкі, выйшаў з медыйнага і перайшоў у немедыйны бізнэс.

Да 2002 года Павел Жук быў таксама і выдаўцом газеты «Наша Ніва». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0