Сяргей Бабурын і архіепіскап Дзімітрый.

Сяргей Бабурын і архіепіскап Дзімітрый.

На службе сярод іншых прысутнічаў Сяргей Бабурын — дастаткова вядомы яшчэ з 1990-х гадоў палітык, які ў свой час быў віцэ-спікерам Дзяржаўнай думы. Цягам усёй сваёй трыццацігадовай палітычнай кар'еры ён праяўляў цікавасць да ідэяў рускага нацыяналізму: шматлікія арганізацыі, якія ён засноўваў і ўзначальваў, заўсёды мелі нацыянал-кансерватыўную ідэалогію. Ды і сам ён ніколі не грэбаваў імперскай рыторыкай.

Пасля заканчэння літургіі архіепіскап Дзімітрый даў Бабурыну слова, і ён расказаў пра планы на бліжэйшы час, якія падрабязна пераказваюцца на сайце Віцебскай епархіі.

У выступленні Бабурын адзначыў, што ў 2022 годзе спаўняецца 250 гадоў «уз'яднанню Белай Русі і Расіі, калі адбылося вызваленне значнай часткі беларусаў ад польскага прыгнёту». Маўляў, «для рускага народа і Расіі падзея 1772 года стала не менш лёсавызначальным, чым вызваленне ў 1654 годзе Маларосіі і яе ўз'яднанне з Вялікаросіяй».

Для адзначання такога вялікага юбілею Бабурын прапанаваў стварыць грамадскі аргкамітэт. Плануецца з гэтай нагоды правесці ў Маскве і Мінску на грамадскім і дзяржаўным узроўнях урачыстыя мерапрыемствы, арганізаваць сумесныя навуковыя канферэнцыі. А на тых канферэнцыях абмеркаваць у тым ліку «становішча заходнерускіх зямель у Рэчы Паспалітай і вызваленчую барацьбу супраць польскага прыгнёту; ролю Рускай Праваслаўнай Царквы ў захаванні рускага нацыянальнага самасвядомасці, вызваленчай барацьбе і ўз'яднанні Белай Русі і Расіі».

Акрамя таго, іншыя крыніцы паведамляюць, што падчас той сустрэчы гучала таксама і прапанова 

«звярнуцца да Міністэрства асветы Расіі аб неабходнасці перагляду інтэрпрэтацыі падзей 1772, 1793 і 1795 як «падзелаў Рэчы Паспалітай», паколькі ў рэчаіснасці з боку Расійскай імперыі гэта былі акты дзяржаўнай волі па вызваленні адзінароднай Беларусі. Вызваленне свайго не можа быць раздзелам чужога па азначэнні. Польшчу дзялілі немцы паміж Аўстрыяй і Прусіяй, а рускія вызвалялі адзінаверцаў».

Мяркуючы па тым, што словы Бабурына не растварыліся ў паветры, а шырока цытуюцца на сайце Віцебскай епархіі, можна меркаваць, што яе кіраўніцтва з поглядамі расійскага палітыка на падзеі нашай гісторыі цалкам салідарнае. 

Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Яшчэ ў 2016 годзе, пробячы агляд беларускага епіскапату, «Наша Ніва» адзначала пра ўладыку Дзімітрыя, што яго называюць «самым прарасійскім сярод беларускіх епіскапаў», і што пад ягоным крылом знаходзілі прытулак многія людзі, вядомыя антыбеларускімі і нават чарнасоценнымі поглядамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0