Фота sb.by

Фота sb.by

Хімік

«Самы малады доктар хімічных навук у Рэспубліцы Беларусь», — з захапленнем характарызавалі будучага міністра ў дзяржСМІ.

Іванец нарадзіўся ў Мінску, скончыў ліцэй БДУ. Хіміяй захапіўся яшчэ ў школе. 

«Я хадзіў у не зусім звычайную пачатковую школу, наш клас быў эксперыментальным, пазначаўся літарай «П», што значыць «паскораны». Праграму трох гадоў мы асвоілі за два гады», — расказваў пра школьныя гады сам Іванец.

У 11 класе ён стаў абсалютным пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, атрымаў бронзавыя медалі ў Маскве на міжнароднай Мендзялееўскай Алімпіядзе і на Міжнароднай хімічнай Алімпіядзе ў Індыі. Праз такія поспехі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт без уступных экзаменаў.

Пасля ўніверсітэта Іванец скончыў аспірантуру, у 2009 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па калоіднай хіміі — ва ўзросце 25 гадоў. Пазней абараніў доктарскую па фізічнай хіміі.

Акадэмік 

У 27 гадоў Іванец узначаліў лабараторыю адсарбентаў і адсарбцыйных працэсаў Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі. А пасля заняў пасаду кіраўніка Рады маладых вучоных НАН.

«Наша дзейнасць уключае ў сябе тры асноўныя напрамкі. Гэта навуковая праца, сацыяльна-бытавыя пытанні і культурна-масавыя мерапрыемствы. Стараемся дапамагчы ў вырашэнні самых разнастайных праблем маладых навукоўцаў і аспірантаў — ад засялення ў інтэрнаты да ўдзелу ў канферэнцыях», — расказваў пра Раду маладых вучоных Іванец. 

У 2021 годзе ён стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук.

Атлет

Фота: sb.by

Фота: sb.by

У 10 гадоў пачаў займацца цяжкай атлетыкай, а ў 15 выйграў юнацкі чэмпіянат Рэспублікі Беларусь у сваёй узроставай катэгорыі. У 17 гадоў перайшоў у сілавое трохбор’е-паўэрліфтынг, атрымаў званне майстра спорту. У 19 гадоў стаў бронзавым прызёрам Кубка свету сярод студэнтаў, а праз год —першым у Рэспубліцы Беларусь бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы ў адкрытай узроставай катэгорыі.

У 23 гады стаў пераможцам чэмпіянату Еўропы і юніёрскага чэмпіянату свету. У 2010 яму прысвоілі званне майстра спорту міжнароднага класа.

Шматдзетны бацька

Фота: sb.by

Фота: sb.by

Жонка Андрэя Іванца юрыст па адукацыі. Але не адвакат ці юрысконсульт — супрацоўніца ЦК БРСМ.

«Пазнаёміліся ў Акадэміі навук. У нас праводзілі фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі», а Крысціна працавала ў ЦК БРСМ і была адным з арганізатараў. Прыйшла паглядзець залу, у якой праводзілі ўзнагароджанне пераможцаў, так і пазнаёміліся. Праз паўтара месяца я зрабіў прапанову, праз два-пажаніліся, праз шэсць гадоў у нас трое дзяцей», — расказваў Іванец.

Дарэчы, сыноў будучы міністр назваў Яўхім і Елізар.

Свае густы Іванец апісваў так: музыка — Віктар Цой, Ігар Талькоў, Уладзімір Высоцкі; кнігі — Харукі Муракамі.

Прыхільнік Лукашэнкі

Па меры таго, як Іванец сталеў, мяняліся і яго выказванні. У 2013 годзе малады вучоны не саромеўся прызнаваць праблемы. Казаў, што недастаткова развітая матэрыяльна-тэхнічная база, прыборы, з якімі даводзіцца працаваць, часцяком не адпавядаюць сучасным патрэбам. Адзначаў недахоп спецыялістаў і праблемы з фінансаваннем, праз што вучоныя сыходзяць у камерцыйныя структуры. 

Але пазней з вуснаў Іванца — ужо члена «Белай Русі» і дэпутата Савета Рэспублікі — даносіліся толькі дыфірамбы ў бок дзяржавы. 

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Іванец быў даверанай асобай Лукашэнкі, нават выступаў перад выбаршчыкамі. У выступах ён хваліў дзеючую ўладу, палохаў людзей тым, што «перамены грамадзянам прапануюць асобы з крымінальным мінулым». Адзначыўся і некалькімі яскравымі цытатамі.

Напрыклад, заявіў, што «настаўнік не павінен звяртаць увагу на сваю зарплату, паколькі прафесія настаўніка з'яўляецца пакліканнем». У адказ на пытанне з залы аб дасягненнях аграпрамысловага комплексу Іванец паведаміў, што адным з найважнейшых паказчыкаў развіцця малочнай галіны за апошнія тры гады з'яўляецца «значнае зніжэнне колькасці занятых у галіне на адзінку галоў жывёлы». 

А калі пасля выбараў лаяльнасць стала галоўным патрабаваннем да кіруючых кадраў, Іванец не забываўся публічна ўхваляць і змены ў Канстытуцыю, і закон аб генацыдзе беларускага народа, і Усебеларускі народны сход.

«Пад выглядам дэмакратыі аказваецца вельмі сур'ёзны санкцыйны ціск на нашу краіну, фактычна вядзецца гібрыдная вайна. Вядома, нашы адказы павінны быць адэкватныя тым выклікам, якія сёння перад намі стаяць», — казаў Іванец.

Таксама ён адкрыта прагаварыў «праблему» сённяшняй беларускай сістэмы: «У нас у краіне практычна ўсе патрыёты, у нас людзі любяць сваю краіну.

Але ў ідэалагічным плане мы недапрацоўваем, таму што не ўсе нашы грамадзяне-патрыёты асацыююць краіну і народ з дзяржаўнай уладай».

«З усмешкай адказаў, маўляў, так, падпісаў і гатовы падпісацца пад кожным словам»

У лістападзе 2020 года са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Сяргеем Бесарабам, таксама вядомым як аўтар «Блога беларускага хіміка», не працягнулі кантракт.

Бесараб распавёў, што ў яго быў канфлікт з Іванцом пасля таго, як бюро Прэзідыума напісала свой адказ расійскім навукоўцам. 

Нагадаем, расійскія акадэмікі выступілі супраць эскалацыі гвалту ў Беларусі і падтрымалі пратэстоўцаў. Прэзідыум беларускай Акадэміі навук адказаў ім, што ўсё не так, і што «натоўп, які дзейнічае па метадычках каляровых рэвалюцый, чыніць беззаконне, правакуе дзеячаў правапарадку і адкрыта заклікае да іншых дзеянняў, накіраваных на звяржэнне законнай улады, знішчэнне эканомікі краіны і заклікае да заходніх краін да дапамогі».

«Я тады прыйшоў да яго ў кабінет і спытаў: Андрэй Іванавіч, вы падпісалі гэты ліст? На што ён мне з усмешкай адказаў, маўляў, так, падпісаў і гатовы падпісацца пад кожным словам, — згадваў Бесараб. — Пасля чаго я сказаў, што ў такім выпадку з ім за адзін стол не сяду. Так што непрацягненне кантракта было чаканым ходам, але я упэўнены ў сваёй праваце.

Мне неаднаразова неафіцыйна паведамлялі, што «ніхто з табой не будзе звязвацца». Гэта значыць, мяне маглі проста перавесці ў іншую лабараторыю ў інстытуце, але паступіла ўказанне не браць пад пагрозай сапсаваць адносіны з Іванцом».

Чытайце яшчэ:

Новы міністр адукацыі назваў галоўныя пытанні на новай пасадзе. І гэта зусім не ўзровень ведаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1