23 лістапада Батуева затрымалі ў двары яго дома ў Салігорску, калі ён ішоў забіраць дачку з дзіцячага садка. На волю Павел выйшаў 26 снежня, больш як праз месяц. Яго затрымлівалі ў рамках крымінальнай справы, але падрабязнасцяў ніхто не ведаў.

У размове са «Свабодай», якая адбылася адразу пасля вызвалення, Батуеў расказаў, што з ім было і як яго завербаваў супрацоўнік КДБ.

«Затрыманне было брутальнае: мне робяць падсечку, заломваюць рукі, я ўжо ляжу на зямлі, закоўваюць у кайданкі, надзяваюць маску на галаву і капюшон курткі, — пачынае свой расказ Павел. — Я нават не бачыў, ні хто мяне затрымліваў, ні колькі было людзей. Літаральна праз дзесяць секунд мяне закідваюць у аўтобус, дзе пачынаюць біць».

Паводле яго, нападнікі адразу запатрабавалі пароль ад Тэлеграма, а таксама ад іншых мэсэнджараў і сацыяльных сетак.

«Мне сказалі: «Ты ведаеш, як мы працуем: выбітыя зубы, дубінка ў дупе — і гэта чакае цябе». Гэта цікавы метад крыптааналізу, які дазволіў мне хутка ўспомніць усе паролі.

Іх вельмі цікавіў Тэлеграм, які быў зарэгістраваны на мой польскі нумар. Гэты акаўнт выкарыстоўваўся як сродак сувязі для гарадскога пабліка «Свабодны Салігорск», які нядаўна прызналі экстрэмісцкім.

Яны ўвялі ўсе даныя, каб атрымаць доступ да таго Тэлеграма, але я даўно аддаў нумар іншым людзям. У мяне пыталіся пра двухфактарку. Калі я сказаў, што не ведаю пароля, то зноў пачалі біць. Праўда, чалавек з другога боку хутка спытаў, ці сапраўды я запытваю пароль. Тады яны зразумелі, што я не карыстаўся тым Тэлеграмам».

Павел кажа, што пасля таго, як атрымаць доступ да Тэлеграма сілавікам не ўдалося, размова пайшла ў іншым кірунку.

«Праз 20-30 хвілін яны пачалі пытацца: «Дык што ў цябе за дыплом?». Справа ў тым, што ў 2006 годзе пасля выбараў я быў выключаны з пятага курса БДАТУ. Тады ў мяне ўзнікла авантурная і не дужа разумная думка купіць дыплом праз інтэрнэт. Што я і зрабіў. Прычым купіў па той жа спецыяльнасці, па якой недавучыўся. Гэта быў дыплом расійскай ВНУ. З ім я працаваў нават на кіраўнічых пасадах».

Як гэта ўсплыло? Справа ў тым, што Паўла выбралі старшынёй таварыства ўласнікаў. Пасля гэтага ён мусіў падаць дакументы ў Салігорскі гарвыканкам, сярод іх быў і дыплом.

«Агулам у мяне прайшло пяць вобшукаў, яны шукалі дыплом, але чамусьці забіралі ноўтбук і тэлефоны. Артыкул 380 (Падробка, выраб, выкарыстанне падробленых дакументаў) не адносіцца да катэгорыі цяжкіх, за яго звычайна людзі атрымліваюць штраф.

Улады раздражняла, што паблік «Свабодны Салігорск» шмат пісаў пра міліцыянтаў, датычных да затрыманняў, а таксама пра старшынь выбарчых камісій. Мне сказалі, што я мушу ліквідаваць гэтую групу, хоць я і не меў да яе дачынення, і «прапанавалі» пасядзець у турме і нешта прыдумаць».

Батуева затрымалі ў рамках крымінальнай справы на трое сутак, за гэты час адбываліся пэўныя следчыя дзеянні.

«Была відэафіксацыя допытаў, у пакоі былі толькі я, следчы Міхнавец і адвакатка. Літаральна празь дзень відэа са следчых дзеянняў з'явілася ў салігорскім аналагу «Жоўтых зьліваў». Яны не парыліся, што гэта незаконна, што следства не скончанае.

Праз трое сутак я павінен быў вызваліцца, але прыходзіць супрацоўнік міліцыі, які вядзе мяне на суд. Быў складзены пратакол аб непадпарадкаванні пры затрыманні. На судзе высветлілася, што мяне затрымлівалі супрацоўнікі АМАПа. Вынік — 15 сутак. На суд мяне вадзілі ў кайданках, я быў прышпілены да супрацоўніка міліцыі».

Павел расказвае, што ў камерах у яго не было матраца, увесь час гарэла святло, забаранялі нават чытаць кніжкі і ляжаць на ніжніх нарах. Але людзі, нават з крымінальным мінулым, усяляк спрабавалі яму дапамагчы — ежай, цёплай вопраткай. Па яго словах, усе яны разумелі сітуацыю ў краіне.

«Яшчэ праз 15 сутак мяне зноў павялі складаць пратакол. Міліцыянт знайшоў маю фотку са снегавіком, дзе разыгрывалася сцэнка, як быццам я ціхар, а снегавік з бчб-сцягам, і я яго затрымліваю. Нібыта гэта быў пікет. Фотка была змешчаная 11 месяцаў таму. Не важна, што тэрмін даўнасці па адміністрацыйнай справе два месяцы, я атрымаў чарговыя 15 сутак.

Праз пару дзён да мяне прыйшоў намеснік старшыні РАУС Канапацкі, які задаваў пытанні пра планы, што я надумаў. Стаў гаварыць, што вывучыў мой Інстаграм, ведае пра мае паездкі ў Мінск, можа завесці справу паводле артыкула 342 КК. Стаў апісваць мае вельмі змрочныя перспектывы».

Павел кажа, што ў выніку міліцыянт прапанаваў яму пагутарыць з супрацоўнікам КДБ, у якога «павінны быць цікавыя прапановы».

«Я даў згоду на размову. Мяне паклікалі 22 снежня, прыйшоў максімальна ветлівы чалавек, які кантраставаў з паводзінамі міліцыянтаў. Калі б не абставіны, я б ахарактарызаваў яго як прыемнага суразмоўцу. Ён пасмяяўся з майго дыплома, ішла досыць прыемная размова.

Потым я спытаў, чаго ён ад мяне хоча. На гэта я пачуў: «Мы чулі, што ў вас цікавыя сувязі з замежжам». Ён назваў прозвішча страйкамаўца Глеба Сандраса. Стаў гаварыць, што, магчыма, папросіць аб нейкай паслузе, але яна не будзе ісці ўразрэз з маім светапоглядам. Паслуга будзе звязаная з дзейнасьцю дыяспар ці штаба Ціханоўскай. Але я не маю дачынення да ніводнай з гэтых тэмаў».

Павел кажа, што яму сказалі, што «паслуга» спатрэбіцца ўжо па выхадзе з турмы. З ім абяцалі звязацца цягам бліжэйшага тыдня ці месяца. Паабяцалі, што ён застанецца кіраўніком таварыства ўласнікаў, крымінальную справу спыняць, а міліцыя забудзе пра яго існаванне.

«А калі адмоўлюся?» — «Нічога, я проста сыду. Тады міліцыя, магчыма, пра вас не забудзе», — адказаў кадэбэшнік.

Я пагадзіўся на супрацоўніцтва. Ён дастаў паперчыну і сказаў: «Пішыце». Я прапанаваў, каб гэта была джэнтэльмэнская дамова. «Не, прабачце, бюракратыя».

Дыктуе: «Я, Павал Батуеў, буду супрацоўнічаць з КДБ, абавязваюся захоўваць тайну аб усім, што даведаюся цягам супрацоўніцтва. Прашу прызначыць мне аператыўны псеўданім…» Я засмяяўся і кажу: «Можа, вы мне яшчэ «Астан-Марцін» дасцё, у Бонда быў, я бачыў». Ён таксама засмяяўся: «Калі ўжо вы Бонда згадалі, то няхай вашым псеўданімам будзе «Бонд». Нават тады гэта было вельмі смешна», — расказвае Павал.

Батуеву не дазволілі паставіць на паперчыне дату. Ён мяркуе, што гэта можа быць зроблена для таго, каб пазначыць зусім іншы дзень.

«Я разумеў, што адзіная магчымасць захаваць сваё сумленнае імя, — гэта публічна заявіць, што я падпісаў дакументы на супрацоўніцтва з КДБ, тым самым у аднабаковым парадку гэтую дамову скасаваць. Я не мог гэта зрабіць адразу па выхадзе, мне быў патрэбны нейкі час, каб сабрацца і выехаць у бяспечнае месца. Цяпер я пра ўсё гэта адкрыта гавару. Ад моманту выхаду з ізалятара і да выезду з краіны ніякіх кантактаў з КДБ у мяне не было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0