«Нядаўна рабіла распакоўку асобы»

«Наша Ніва»: Давайце пра тыкток. Навошта ён вам, калі завялі?

Крысціна Ціманоўская: Насамрэч, ён у мяне даўно. Проста раней я рабіла нейкія відэа, якія пасля павыдаляла, яны мне не падабаліся.

Калі шчыра, то план весці тыкток у мяне быў даўно. Я ўсё адкладала… А нядаўна я рабіла такую папулярную штуку, распакоўку асобы. І вось падчас гэтага куратар параіла не баяцца здымаць, а таксама запісваць тэмы для відэа ў нататках. Я так і пачала рабіць, спачатку запісвала ідэі, і прыйшоў дзень, калі я вырашыла: здыму-ка ролік у тыкток. Вось так і пачала (пасміхаецца).

«НН»: Так, прашу прабачэння, але: што за распакоўка асобы? 

КЦ: Як бы патлумачыць… Гэта патрэбна калі ты, напрыклад, вядзеш інстаграм і хочаш праз яго нешта людзям паказваць, даносіць нейкія думкі, «закрываць праблемы», як гэта цяпер называюць. Больш як праца з псіхолагам, які пасля робіць табліцу, куды ўпісвае, што мы рабілі, упісвае рэкамендацыі, пра што весці блог. Гэтая «распакоўка» была мне патрэбная якраз для маіх блогаў у інстаграме і тыктоку. Гэта некалькі заняткаў па тры-чатыры гадзіны, падчас якіх вы калупаецеся ў дзяцінстве, у сучасным, марыце пра будучыню, аналізуеце свае моцныя і слабыя бакі. 

«НН»: Вам не здаецца, што гэта нейкая «інфацыганшчына»?

КЦ: Не, «інфацыганшчына» — гэта анлайн-марафоны, якія прадаюць папулярныя блогеры, дзе людзі мусяць жаданні загадваць і ў іх пасля нібыта яны будуць ажыццяўляцца. 

А тут усё рэальна працуе. Я папрацавала з гэтым чалавекам і для сябе шмат што зразумела: пра сябе, пра свае жаданні, пра тое, чаго хачу. Бо да гэтай «распакоўкі» я сама для сябе не магла вызначыцца нават з будучай прафесіяй, чым я хацела б займацца. А пасля зразумела гэта для сябе. Таму гэта можа дапамагчы не толькі з блогам, а ў прынцыпе, дапамагчы чалавеку зразумець, хто ён. 

«НН»: І што за прафесію вы вызначылі для сябе? 

КЦ: Ну вось я ж стварыла свой брэнд. Вырашыла, што хачу рабіць вопратку!

«НН»: А гэты распакоўшчык — ён дыпламаваны псіхолаг? Ці проста нейкі інстаграм-дзеяч?

КЦ: Цяпер гэта такая папулярная ў інстаграме прафесія: эксперт, які робіць распакоўку асобы. Але, думаю, у мінулым яны псіхолагі, проста цяпер іх стала модным так называць. Усё ж мяняецца, прыходзяць новыя трэнды, новыя прафесіі. У інстаграме вельмі шмат новых прафесій з’яўляецца. 

«НН»: Якія напрыклад?

КЦ: SMM-спецыяліст, таргетолаг, візуалізатар — вельмі шмат розных.

«НН»: Візуалізатар? 

КЦ: Чалавек, які робіць прыгожы візуал старонкі. Між іншым, гэта сёння вельмі добры накірунак, бо калі ты ўмееш рабіць добры візуал, то можна бясплатна падарожнічаць па ўсім свеце! Таму што з візуалізатарамі звязваюцца гатэлі і прапануюць за прыгожыя фатаграфіі для інстаграма бясплатна жыць у іх!

«НН»: Колькі каштавала распакоўка вашай асобы?

КЦ: Я не плаціла, бо ў мяне ёсць добры знаёмы. Ён сам псіхолаг, ментар, коўч, а цяпер заняўся прадзюсіраваннем анлайн-марафонаў. Не ўсе марафоны махлярства і «інфацыганства»!

Я сама хацела б зладзіць анлайн-марафон, з прыцягненнем дактароў, спецыялістаў, каб наладжваць здароўе. Мы, трэнеры, будзем складаць план трэніровак, таксама будуць дыетолаг, нутрыцыёлаг і псіхолаг. Калі гэта будзе сапраўды дапамагаць людзям — то хіба ж гэта «інфацыганства»? 

Ну і гэты прадзюсер спытаў, чым можа дапамагчы. Я расказала, што хацела б, ён прапанаваў дапамогу з гэтым марафонам, але дадаў, што спачатку мне трэба прайсці распакоўку асобы. І аплачваў гэта ён. 

«Ці была б я ў псіхіятрычнай клініцы, у турме? Я не ведаю»

«НН»: У тыктоку вы выкладваеце ў асноўным нейкія жарты. Якая мэта ўсяго гэтага? Вы хацелі на гэтым неяк зарабляць?

КЦ: Не ведаю. Мне проста падабаецца так бавіць час. Я адчувае сябе больш разняволенай, неяк больш раскрываюся з розных бакоў для сваіх падпісчыкаў, для сябе самой.

Не тое, каб я здымала штодня. Але маю раз на тыдзень дзве вольныя гадзіны, калі магу наздымаць кучу ролікаў, якія пасля паціху публікую.

Мне гэта проста ўздымае настрой. Плюс у галаве з’яўляецца шмат ідэй для ролікаў — я іх ажыццяўляю, і гэта мне таксама вельмі падабаецца. Пераўтвараць у ролік тое, што я прыдумала ў сваёй галаве. 

«НН»: Скажам так… Апошнім часам нешта вельмі часта натыкаюся ў сацыяльных сетках на абмеркаванне вашага тыктока. І нешта вельмі часта гучаць выразы «крындж» і «іспанскі сорам». 

КЦ: Ну гэта таксама меркаванне людзей, яно таксама можа існаваць, чаму ж не. Можа быць як пахвала, так і крытыка, гэта нармальна. Я спакойна стаўлюся.

Калі крытыкуюць па справе, што кепская якасць відэа ці не бачныя літары, я прыслухоўваюся, выпраўляю. 

«НН»: Не было такога, што вы выклалі ролік, а праз пару тыдняў пераглянулі і падумалі: «Нешта не тое я наздымала…»

КЦ: Не, такога не было. Перад тым, як публікаваць, я паказваю відэа мужу, знаёмым. І калі яны ўхваляюць, то я выкладваю. 

«НН»: Ваша самае знакамітае відэа — «Лучшее, что ты можешь сделать в Беларуси, — это уехать из неё». Навошта ён быў? І колькі негатыву вам прыляцела? 

КЦ: На негатыўныя каментары мне ўсё роўна. Я іх, можна сказаць, і не чытала.

А пра сам ролік: гэта быў такі трэнд, пад такую музыку шмат людзей здымалі пра розныя краіны. І я проста вырашыла выйсці ў трэнд…(смяецца). Ладна, нешта не вельмі смешна гучыць.

Але, сапраўды, пра іншыя краіны людзі так і пісалі: лепшае, што можаш зрабіць, — з’ехаць з гэтай краіны. Я таксама так зрабіла.

Сэнс быў там іншы, і я разумела, што можа нехта не зразумее і пачне мяне хэйціць, маўляў, людзі ў Беларусі пакутуюць, а я з гэтага смяюся. Але я ўкладвала сэнс, што для людзей, якім пагражае небяспека ў Беларусі, якіх могуць пасадзіць, сапраўды лепшае — з’ехаць. І быць у бяспецы, дапамагаць іншым. Гэта лепш, чым быць за кратамі ў Беларусі. 

Я ж чаму і паказваю там сябе, бо на маім прыкладзе бачна: лепшае, што я магла зрабіць, гэта з’ехаць. Бо калі б была ў Беларусі, то відавочна, што не жыла б так, як жыву цяпер. Я не была б на волі, не ведаю, дзе была, што было б. Мая спартыўная кар’ера скончылася б — гэта 100%.

Ці была б я ў псіхіятрычнай клініцы, у турме? Я не ведаю. Адпаведна, для мяне лепшым было з’ехаць, як для шмат каго сёння. Гэта не нейкі крындж ці жарты з беларусаў. Гэта проста парада. 

«НН»: Вы не пашкадавалі пра гэтае відэа? 

КЦ: Не. Яно ж і па сёння там. Каб я пашкадавала, то выдаліла б.

«НН»: Муж, дарэчы, не раіў выдаліць?

КЦ: Не, я ж кажу, што спачатку яму паказваю. І калі ён дае дабро — выкладваю. 

«НН»: Увогуле, падпісчыкаў у вас няшмат, але некаторыя ролікі збіраюць вялікія прагляды.

КЦ: І гэта ж я вяду тыкток толькі два тыдні. Але ўжо ролік пра з’ехаць з Беларусі сабраў амаль 190 тысяч, з майкай, дзе «што будзе, калі апрануць яе ў Беларусі», — 127 тысяч. 

«Чым больш каментараў — без розніцы, кепскіх ці добрых — тым больш актыўнасць»

«НН»: Будзеце асвойваць іншыя фарматы? Ютуб? 

КЦ: Не, пакуль у планах зрабіць той марафон, пра які казала. Гэта нават не марафон — гэта ўсё ж сапраўды гучыць як «іфацыганства». Таму думаем, як яго назваць. Можа, «праект»?

Менавіта хачу стварыць такую анлайн-платформу, куды змогуць прыходзіць людзі, каб трэніравацца, папраўляць здароўе, кансультавацца з псіхолагамі, дактарамі.

«НН»: Гэта будзе менавіта як бізнэс?

КЦ: Безумоўна, гэта будзе платна, бо трэба ж будзе плаціць дактарам за кансультацыі. Трэба арандаваць студыю, каб зняць трэніроўкі, заплаціць аператару за відэа, за мантаж — гэта ўсё вялікія грошы. 

«НН»: І дзе іх возьмеце? 

КЦ: Я ж казала, ёсць чалавек, які дапамагае. Яму будзе ісці працэнт, можа, нават большы, чым нам. 

«НН»: Гэта вы пра таго прадзюсера? А хто гэта, дарэчы? 

КЦ: Пакуль не разгалошваем. Але ён будзе таксама адным з куратараў — псіхолагам на нашым праекце. Бо ў яго адукацыя псіхолага. Ён і мне даваў шмат парадаў, якія дапамаглі. Ён шмат працуе з людзьмі, нават цяпер, я маю праблемы са сном, і ён даў мне рэкамендацыі, як наладзіць сон. Ён добры спецыяліст. А прадзюсер для яго новая спецыяльнасць, на якую ён нядаўна адвучыўся. 

«НН»: А дзе ён адвучыўся на прадзюсера?

КЦ: Калі шчыра, я не пыталася.

«НН»: Што адкажаце хэйтарам ці тым, хто цяпер ловіць фэйспалмы ад вашага тыктока? 

КЦ: Ды не хачу я ім нічога казаць. Хай працягваюць пісаць далей і тым падымаць маю актыўнасць. Чым больш каментараў — без розніцы, кепскіх ці добрых — тым больш актыўнасць, тым больш відэа трапяць у рэкамендацыі, тым больш падпісчыкаў я набяру. 

«НН»: Ох, нейкая логіка Азаронка.

КЦ: Чаму?

«НН»: Бо можна і праз хэйт да сябе дабіцца вядомасці. 

КЦ: Не, мае ж усе ролікі адэкватныя. Хіба толькі той, пра ад’езд з Беларусі, няправільна зразумелі. Астатнія ролікі, яны проста… прыкольныя. Ды і я ж не толькі вясёлыя відэа здымаю: яшчэ і трэніроўкі, а будуць і рэцэпты. Будзе шмат карыснага. 

«НН»: Мне здаецца, што вы пасля Токіа сталі яркай заўважнай фігурай, ад якой чакалі, можа, актыўнай дзейнасці, каляпалітычных выказванняў, а вы замест гэтага пачалі дурыцца ў сацыяльных сетках. І вось гэта, можа быць, раздражняе людзей, маўляў, яна там у бяспецы рот адкрывае пад нясмешную песню, а ў нас кожны дзень людзей судзяць ні за што!

КЦ: Ну а што? У мяне ж таксама ёсць праблемы ў сям’і і даволі вялікія. І я магла б проста сядзець і плакаць, але намагаюся, нягледзячы на праблемы, заставацца пазітыўным чалавекам. Так, я весялюся такім чынам. Але ж многія таксама вяселяцца з маіх ролікаў, шмат каму смешна.

Ну і нехта можа проста мне зайздросціць — сам хоча здымаць ролікі, але не можа на гэта рашыцца.

«На запуск брэнда вопраткі сышло 10 тысяч еўра»

«НН»: Вы запусцілі свой брэнд вопраткі. Чыя была ідэя?

КЦ: Ідэя мая, я два гады марыла гэтым заняцца, яшчэ ў Беларусі мы мелі пэўныя дамоўленасці, і пасля Токіа я планавала ехаць глядзець матэрыялы, тканіну…

Але ж я не вярнулася ў Беларусь і давялося ўсё арганізоўваць за мяжой, бо людзі ў Беларусі ўжо не вельмі хацелі супрацоўнічаць — проста баяліся.

«НН»: Колькі каштуе ў вас такі касцюм? 

КЦ: Калі кофта з капюшонам, то 160 еўра. Калі без — то 150. 

Крысціна з мужам у вопратцы свайго брэнда «Be Strong»

Крысціна з мужам у вопратцы свайго брэнда «Be Strong»

«НН»: Нямала. 

КЦ: Ну, па-першае, мы шыем у Еўропе, у Вільні. І тканіну набывалі з Італіі, яна даволі дарагая. Калі мы прынялі рашэнне рабіць першую калекцыю, то гаварылі з дызайнеркай, і яна казала, што трэба рабіць акцэнт на якасці, не трэба эканоміць на тканіне, бо будуць пасля кепскія водгукі. Нам дапамагалі парадамі людзі, якія ўжо маюць свой брэнд, яны расказвалі, дзе купіць тканіну, колькі каштуе. 

Ну і плюс пашыць каштуе даражэй, чым у Беларусі. Вышыўка таксама аплачваецца асобна і каштуе нармальных грошай. Адпаведна і такія кошты атрымаліся.

«НН»: Атрымліваецца зарабляць? 

КЦ: Паціху прадаецца нешта. Заказваюць шмат з Беларусі. Адпраўлялі двойчы ў ЗША, некалькі разоў па Польшчы, па Еўропе. 

Першая калекцыя была заснаваная на падзеях у Токіа: там вышытае сэрца на рэчах, у сэрца мы ўпісалі словы падтрымкі, якія мне пісалі людзі. І замежнікі, можа, не разумеюць пакуль, таму асноўная аўдыторыя менавіта суайчыннікі. 

Але я за ўсё адказваю сама, няма нікога, хто б займаўся развіццём, рэкламай. Ды і на рэкламу патрэбныя грошы, а іх пакуль няма на дадатковыя выдаткі.

«НН»: Колькі патрацілі на запуск бізнэсу?

КЦ: Амаль 10 тысяч еўра. Гэта былі ўсе нашы накопленыя грошы. І, на жаль, цяпер у нас узнікла такая сітуацыя, што гэтыя грошы былі б нам вельмі патрэбныя, але ўсе яны былі ўкладзеныя ў бізнэс. 

«НН»: А на што неабходныя цяпер грошы? 

КЦ: Маёй маме нядаўна паставілі вельмі сур’ёзны дыягназ. Ёй патрабуецца доўгае лячэнне, аперацыя, аднаўленне… Трэба грошы. 

«Розніца ў прадуктах для мяне заўважная, мы сталі харчавацца тут заўважна лепш»

«НН»: Чым увогуле займаецеся цяпер?

КЦ: Я працягваю займацца спортам, уступіла ў спартыўны клуб у Варшаве і, як яго член, трэніруюся штодня. У нас такога няма, а тут кожны спартовец мусіць мець членства спартыўнага клуба. У розных клубах розныя ўмовы, некаторыя плацяць стыпендыю. Таксама клубы праводзяць спаборніцтвы паміж сабою. 

Пакуль не магу выступаць на спаборніцтвах, бо чакаю дазвол, які трэба атрымаць ад World Athletics, як атрымаю, буду спаборнічаць. 

Таксама вучу польскую, яна неабходная ў штодзённым жыцці. На трэніроўках я звычайна размаўляю на англійскай, але апошнім часам прашу гаварыць са мною па-польску, каб хутчэй засвоіць мову. Я сама размаўляю пакуль яшчэ на мешанай рускай, польскай і беларускай, але ж мы адно аднаго разумеем. 

Муж вядзе трэніроўкі ў анлайне, вядзе персанальныя трэніроўкі тут, у Варшаве, таксама робіць масаж, ён вучыўся і падпрацоўваў масажыстам яшчэ ў Беларусі. На радзіме ён быў фітнес-трэнерам у буйным клубе, але тут пакуль не можа працаваць, бо не ведае яшчэ мовы. 

«НН»: Калі выбухнула ваша гісторыя ў Токіа, ці атрымлівалі вы нейкія прапановы працы?

КЦ: Працы — не, але прапанавалі быць трэнерам у фітнес-праекце. Ведаеце, ёсць такія анлайн-марафоны, і нехта з Амерыкі мне даслаў прапанову, нават даслалі працоўную дамову. Але там былі такія ўмовы, што мы не пагадзіліся.

Той бок адмовіўся мяняць умовы, і мы не сталі ўдзельнічаць, нешта нам падалося, што гэта можа быць махлярствам. Падрабязней не магу разгалошваць, прабачце. 

«НН»: Як вам жыццё ў Польшчы? 

КЦ: Мне падабаецца амаль усё. У прынцыпе, пра жыццё тут я падрабязна пішу ў сваім блогу. І нехта пасмяяўся з маёй фразы пра тое, што тут мы можам харчавацца прадуктамі, якія ў Беларусі былі для нас раскошай.

Але тут насамрэч не пра тое, што ў Беларусі мы былі нейкімі жабракамі без грошай. Проста у Польшчы шмат італьянскіх, нямецкіх прадуктаў, і яны тут каштуюць даступна. А ў Беларусі такія ж прадукты прадаюцца па коштах у пяць разоў вышэйшых.

Адпаведна, тут мы іх можам сабе дазволіць хоць штодня, а ў Беларусі — раз на год, бо проста шкада было пераплачваць. Тая ж садавіна, гародніна, асабліва экзатычная, чамусьці здаецца тут смачнейшай.

Можа, у Беларусь вязуць недаспелыя ці я недзе не там купляла, не ведаю. Але розніца ў прадуктах для мяне заўважная, мы сталі харчавацца тут заўважна лепш. 

Цяжка хіба разбірацца з падаткамі, бо тут кожны сам вядзе свой улік, сам рэгіструецца ў падатковай, запаўняе дакументы… Вось цяпер разбіраемся, гэта ўпершыню для нас і трохі складана.

Але, кажуць, можна нават прыйсці ў падатковую і там дапамогуць, патлумачаць — без нерваў і злосці, без валачэння па кабінетах, як у Беларусі. У гэтым плане тут больш адэкватная стаўленне да людзей, нават калі не ведаеш польскую мову.

Увогуле, палякі не вельмі любяць украінцаў, але да беларусаў адваротнае стаўленне. Такое ўражанне, што да беларусаў ставяцца вельмі пазітыўна, заўсёды намагаюцца дапамагчы, самі цікавяцца, ці не патрэбныя нейкія парады. Нават палякі, якія нічога не ведаюць, хто я, якая ў мяне сітуацыя, ставіліся да мяне так жа, прапаноўвалі дапамогу. 

«Мне пішуць, што пераламаюць рукі і ногі, пішуць: «Не выходзь адна на вуліцу»

«НН»: Раней вы казалі, што вас пастаянна ахоўваюць. Сёння яшчэ таксама?

КЦ: Так. Бо я перажываю за сваю бяспеку. Мне пастаянна паступаюць паведамленні з пагрозамі. Я не ведаю, наколькі сур’ёзна да іх ставіцца, але ж часам пішуць, што мяне сустрэнуць у горадзе, пераламаюць рукі і ногі, пішуць: «Не выходзь адна на вуліцу». Думаю, любы чалавек на маім месцы перажываў бы. 

Гэтыя пагрозы пішуць у сацыяльных сетках. Я адказваю такім людзям: «Зрабіла скрыншот і перадам гэта ў паліцыю». Некаторыя адразу выдаляюць свае паведамленні і мяне блакуюць, але некаторыя працягваюць пагражаць далей.

«НН»: Гэта нейкія ананімы ці людзі са сваіх сапраўдных старонак пішуць? 

КЦ: Часам ананімы, часам проста рэальныя людзі. Пішуць, што яны таксама беларусы, некаторыя з іх нібыта жывуць у Польшчы, Германіі, некаторыя, як я разумею, увогуле расіяне. 

«НН»: А за што вам пагражаюць? 

КЦ: Калі я пытаюся, то кажуць, што я здрадніца, іуда, што я ганьба Беларусі. Што нібыта праз мяне на Беларусь накладваюць санкцыі і беларусы праз гэта вымушаныя пакутаваць. Яны не разумеюць, што ў санкцыях вінаваты адзін канкрэтны чалавек — і гэта дакладна не я. 

Пагрозы я атрымліваю не кожны дзень, канечне. Апошнім часам недзе адзін-два разы на месяц. А нейкія абразы, бывае, што і амаль кожны дзень: пад любым пастом, пад відэа ў тыктоку. Гэта ўжо звыклая з’ява, я нават не акцэнтую ўвагу. А ў тыктоку магу выкарыстоўваць усе гэтыя абразы для нейкага кантэнту, для відэа, проста каб самой пасмяяцца і каб людзі пасмяяліся.

«НН»: Што робіць ваша ахова? 

КЦ: Яны суправаджаюць мяне паўсюль як целаахоўнікі. Так жа, як і Святлану Ціханоўскую, напрыклад. Спачатку было неяк дзіўна і непрыемна, але цяпер я ўжо неяк прызвычаілася.

Мы пачалі яшчэ неяк кантактаваць з нашымі ахоўнікамі, яны нам дапамагаюць банальна з той жа падатковай. Як мой муж жартуе, цяпер мы адна вялікая сям’я. Ну і мо нам проста пашанцавала, што ў нас такія добрыя ахоўнікі. 

«НН»: Так жа суправаджаюць і вашага мужа? 

КЦ: Так, яго таксама. 

«НН»: А гэта аплачваецца кім? 

КЦ: Ахову нам прадаставіла польская дзяржава. Гэта было адмысловае распараджэнне польскага прэм’ер-міністра. 

«НН»: Да вас, дарэчы, падыходзяць на вуліцы, пазнаюць? 

КЦ: Так, у Польшчы было разоў 5-6. Часам пазнаюць нават у масцы. Ад гэтага, калі шчыра, трохі страшна, бо, можа, тады мяне пазнаюць і людзі, у якіх не самыя добрыя намеры? Карацей, добра, што ёсць ахова. Але падыходзяць пакуль усе выключна з пазітывам. Ахова, канечне, калі бачыць, што чалавек накіроўваецца да мяне, спыняе яго. Але я, само сабою, калі бачу, што чалавек нармальны, просіць аўтограф ці фота, заўсёды іду насустрач, фатаграфуюся.

«Пажадала б усім набрацца цярпення і не апускаць рукі»

«НН»: Вы камунікавалі пасля Токіа з людзьмі, якія спрабавалі тады на вас ціснуць? З трэнерам? 

КЦ: Не, ніводнага разу. Мне гэта не трэба і не цікава. Калі нават іх неяк пакаралі за тое, што адбылося ў Токіа, мне ўсё роўна. Я не тая асоба, якая будзе злараднічаць з гэтай нагоды. Як кажа бабуля мая, усім усё вяртаецца ў жыцці. І яна кажа, што ніколі не трэба рабіць зло, бо яно табе вернецца. 

[26 студзеня Мінспорту вырашыла скасаваць пасады галоўных трэнераў зборных па веславанні і лёгкай атлетыцы. Апошнюю пасаду займаў Юрый Маісевіч. Ён стаў вядомы якраз пасля скандалу з Крысцінай Ціманоўскай: менавіта ён хацеў прымусіць спартоўку вярнуцца дадому і заціхнуць. Пасля МАК забраў у трэнера акрэдытацыю на гульнях.

Па вяртанні ў Беларусь Маісевіч неаднаразова выступаў на дзяржТБ і казаў, што скандал з Ціманоўскай нехта арганізаваўНН]

«НН»: На вашу сям’ю, на бацькоў не ціснулі пасля скандалу ў Токіа?

КЦ: Наколькі я ведаю, то не. Але можа бацькі мне не хочуць расказваць. Адзіная бяда — праблемы са здароўем у мамы і таты, усё астатняе ў парадку. 

«НН»: Вы звязваеце іх праблемы са здароўем з гэтым скандалам, з перажываннямі за вас? 

КЦ: Напэўна, усё ж не. Бо тата хварэе даўно, гадоў пяць, мае інваліднасць. А якраз за два тыдні перад маёй паездкай на Алімпіяду ў яго здарыўся інсульт. 

А мама… Складана сказаць. У яе хвароба не можа з’явіцца проста так, гэта спадчыннае захворванне, і ў нашай сям’і раней яно ўжо было. Але ж, магчыма, з’яўленне хваробы зараз магло быць справакаванае нервамі, гэтага не выключаю.

«НН»: Вы плануеце вяртанне ў Беларусь? Ці ўжо ў любым разе хацелі б застацца жыць у Еўропе? 

КЦ: Канечне, хацелася б як мінімум прыехаць у Беларусь, убачыцца з бацькамі. Не зараз, зразумела, бо як прыедзем, то там і застанёмся, прычым не па сваім жаданні. 

Але дзе жыць далей, пакуль не ведаю. Калі ўжо тут абжывёмся, то, можа быць, будзем заставацца тут, бо інакш прыйдзецца зноў пачынаць усё з нуля, толькі ўжо ў Беларусі. 

Плюс я бачу ў Польшчы вельмі шмат пераваг для таго, каб менавіта тут нараджаць і гадаваць дзіця. Пакуль што не планую, але ж размаўляю са знаёмымі, які маюць малых, яны расказваюць пра школы, пра дзіцячыя садкі.

Тут у садку ўжо пачынаюць вучыць дзяцей англійскай — гэта вельмі важна і добра. Ну і ў цэлым бачу, што ўмовы для дзяцей у Польшчы лепшыя, у параўнанні з Беларуссю. Але ж спадзяюся, што праз пяць гадоў усё памяняецца і ў Беларусі будзе не горш — тады прыйдзецца падумаць (смяецца).

«НН»: Сёння памянялася нейкае меркаванне, стаўленне да чагосьці ў вас? 

КЦ: Хіба раней звяртала ўвагу на нейкія дробязі, перажывала… А сёння малыя няўдачы ці праблемы ўжо нашмат лягчэй пераносяцца. Нават нядаўна пашкодзіла нагу на трэніроўцы — раней пабегла ў клініку б адразу, а цяпер: ну ўпала, устала, прайшло пару дзён, і зноў на трэніроўку. Ужо не стала істэрыць. 

«НН»: Мо што з апошніх беларускіх навін вас неяк зачапіла, узрушыла? 

КЦ: Як сказаць… Якія там навіны? Добрых няма. І вельмі хочацца, каб гэта нарэшце змянілася, каб людзей пачулі і перасталі тэрарызаваць. Але пакуль гэтага няма. І ніякіх перспектыў добрых неяк не бачна.

«НН»: Штосьці скажаце на развітанне беларусам? 

КЦ: Я ўжо шмат разоў казала і паўтару: пажадала б усім набрацца цярпення і не апускаць рукі. Хацела б пажадаць, каб людзі менш прыцягвалі да сябе негатыў і больш прыцягвалі пазітыў. Каб не злаваліся адно на аднаго, не хэйцілі, а спрабавалі неяк падтрымаць і дапамагчы.

Калі камусьці нешта не падабаецца, то лепш заўсёды наўпрост напісаць чалавеку. Мне самой неяк у сторыз пачалі кідаць нешта, хэйціць, мы пачалі з імі гаварыць — і яны ў выніку нават выбачыліся перада мною.

Мне проста хочацца, каб у людзей было больш пазітыву, усмешак на тварах, бо два гады таму усе былі такія пазітыўныя, было прыемна выходзіць у горад, глядзець на людзей, усе былі з усмешкамі, а цяпер неяк трошкі ўсё пераходзіць у негатыў.

Чытайце таксама: «Калі б адкруціць час, я б пачала выказвацца раней». Аляксандра Герасіменя пра мужа, скандал з Базанавым і віншаванні Лукашэнкі

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0