«Усё больш разумеем, што страцілі»

«У нас добрая сям'я, але, як ва ўсіх, бывала рознае, — кажа Алеся Рак. — Проста, калі мы бачыліся кожны дзень (Андрэй збольшага быў заўсёды дома), часам стамляліся адно ад аднаго. Напрыклад, маглі мала гаварыць нейкіх ласкавых словаў. Аднак, калі гэта [затрыманне і арышт] здарылася, то прыйшло ўсведамленне, што ўсе нашыя непаразуменні, якія маглі з'явіцца ў жыцці, — глупства, і ўсё гэта імгненнае, эмацыйнае, павярхоўнае і несур’ёзнае. Нікуды не падзеліся ні нашы пачуцці, ні мары, ні планы».

Алеся прызнаецца, што цяпер асабліва моцна адчувае каштоўнасць самых простых рэчаў, якія раней успрымаліся як дадзенасць.

«Усё больш разумеем, што мы страцілі — нават магчымасць сказаць нешта добрае адно аднаму ці неяк па-іншаму праявіць свае пачуцці. Мы так надоўга і не расставаліся ніколі — тыдзень, пару тыдняў, калі ў радзільні была ці яшчэ нейкае падарожжа асобнае, але гэта рэдка. Аднак усё роўна была магчымасць неяк патэлефанаваць ці штосьці расказаць. Заўсёды сустрэчы былі вельмі радасныя ў нас».

Сёння звычайныя размовы і спатканні з мужам у Алесі замяніліся на напісанне лістоў у СІЗА некалькі разоў на тыдзень і зборы перадач. Акрамя вырашэння дадатковых штодзённых справаў, якія з'явіліся пасля затрымання мужа, яна цяпер сама займаецца выхаваннем дваіх малых дзяцей — 8-гадовай Яніны і 3-гадовага Мацвея. Яны моцна сумуюць па тату і складана пераносяць расстанне з ім.

«Першы месяц быў вельмі траўматычны і драматычны, мы чакалі яго кожныя 10 дзён»

«Янка больш перажывала ў пачатку. Трагедыя была. Калі яго забралі, яна пасля месяц плакала, успамінала, дзе тата, прыдумляла розныя варыянты, што ён вернецца ў наступным месяцы ці ўвогуле ніколі, — успамінае Алеся. — А Мацвей маленькі. Ён і тады быў вясёлы, і цяпер. Таму неяк не бачу, каб ён па тату моцна гараваў. Але, калі нашы суседзі нядаўна ў падвале грукаталі, то ён такі: «Тата?»

І туды пабег з усёй моцы. У выніку мы ўсе хадзілі правяралі, залазілі ва ўсе цёмныя закуткі, каб упэўніцца, што там таты няма. Яму з Андрэем было б весялей, яны гулялі разам…»

Алеся тлумачыць, што першы месяц зняволення Андрэя быў цяжкі для ўсіх ягоных родных:«Той перыяд быў вельмі траўматычны і драматычны, бо мы чакалі яго кожныя 10 сутак. Спадзяваліся, што ён выйдзе, а ён, відаць, ужо ведаў, што не. Але сукамернікі Андрэя пасля свайго вызвалення казалі нам, што яму там не так і дрэнна, што ёсць добрыя людзі, якія дапамагаюць».

Дапамогу адчувае і Алеся. Яна кажа, што адразу пасля затрымання Андрэя знаходзілася ў разгубленасці, не ведала, што і як рабіць. Аднак знайшліся людзі з падобным досведам, якія далі ёй неабходныя парады.

«… Калі Андрэя ўжо перавялі на Валадарку і я пайшла занесці яму перадачу, там сустрэла жонку Андрэя Скурко. Яна мне шмат чаго парасказвала інфармацыйнага. Ёсць таксама адмысловыя групы ў Telegram, Facebook, сайты… Нават калі прыходзіш у пункт прыёму перадач, то сустрэнеш вельмі шмат добрых людзей. Там месца такое культурнае і цывілізаванае. Незнаёмыя людзі заўсёды дапамогуць, калі ты забыўся паперку ці асадку, падкажуць і нагадаюць, што і куды падаваць. Такое грамадства будучыні».

«У яго была нейкая самаахвярнасць»

Нягледзячы на масавы пераслед незалежных журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, Андрэй прынцыпова не збіраўся пакідаць Беларусь.

На пытанне, ці падзяляла Алеся пазіцыю мужа, яна адказвае:«Не тое каб мы кожны дзень гэта абмяркоўвалі, але я ж ведала, з кім жыву. Калі я яму выказвала нейкія прэтэнзіі, што, маўляў, ёсць жа і свае інтарэсы, не толькі агульнаграмадскія; што важна не толькі культурнае жыццё і развіццё беларускай мовы; ён мне сам перыядычна гаварыў: «Ты ж ведала, каго выбірала».

Алеся падкрэслівае, што Андрэй быў заўсёды за свабодную краіну і развіццё беларускай культуры, для якога ён рабіў усё магчымае.

«У яго была такая нейкая самаахвярнасць. Ён жа ведаў, што адбываецца ў Беларусі, і адбываецца ўжо не першы год, не другі і нават не дзясяты, — апавядае Алеся. — Андрэй такі быў заўсёды, яшчэ з 90-х. Бывалі моманты, калі ён мяне адукоўваў, настаўляў, што нельга забываць пра свята нацыянальнае, трэба гэта цаніць. Такая ў яго была ўбудаваная прашыўка, прыродная ўласцівасць. І невядома нават, адкуль яна ўзялася, і не тое каб у нас былі нейкія інтэлігенты ў сям’і. Чыталі мы з ім шмат, ён вучыўся ў ліцэі БДУ, які даў яму добрую базу і, відаць, там завершылася ў ім такое ўнутранае фармаванне».

«Думаю, што мы не маглі б жыць інакш»

Згадваючы цяперашнія жыццёвыя выпрабаванні, якія ляглі як на плечы Андрэя, так і ўсіх ягоных родных, Алеся мяркуе, што ўсё склалася так, як павінна было.

«Чым больш праходзіць гэтага часу, тым больш разумею, што была нейкая прадвызначанасць. Мы чыталі з ім розныя творы пра гістарычныя падзеі, гістарычных асоб. Ведаем, што ім «прылятала» яшчэ мацней ад тагачасных уладаў, але гэта былі людзі, якімі захапляліся, і ў нейкай ступені мы таксама паўтараем іх лёс. Не тое каб мы спецыяльна хацелі гэтага, проста ёсць нейкія абставіны, якія самі па сябе адбываюцца. Мы ж не ведаем усіх наступстваў нашых дзеянняў, у некаторыя моманты мы проста робім тое, што павінны. Тое, да чаго ляжыць наша душа».Алеся лічыць, што ўсё, што цяпер адбываецца ў іхнай сям’і, і ўвесь атрыманы за гэты час досвед маюць сэнс і для чагосьці патрэбны.

«Ніхто не ведае, што было б, калі б мы з'ехалі. Было б яно для нас лепш ці горш, такія падзеі нельга ацэньваць на такім кароткім тэрміне.

Андрэй не лічыў, што трапіць у турму — гэта нешта зусім страшнае і што нельга гэтага ні ў якім разе дапускаць.

Для яго важна было жыць у Беларусі і карыстацца тым, што тут ёсць: мясцовай энергетыкай, магчымасцю гаварыць на беларускай мове і чуць яе ў адказ на вуліцах. Гэта было для яго даражэйшым за свабоду. Думаю, што ён не раскайваецца, не шкадуе аб сваім выбары і застаецца пры сваіх перакананнях. Зразумела, гэтая сітуацыя зараз сумная і дзецям без яго дрэнна, але думаю, што мы не маглі б жыць інакш».

Што Андрэй Кузьнечык піша ў лістах з-за кратаў

Пра каштоўнасці жыцця

«А яшчэ прыгадалася, як я калісьці задумаўся пра тое, куды пазнікалі адчуванні свята. Думаць доўга не давялося — у мяне найлепшая ў свеце сям’я; жонка, пра якую я марыў з першай сэкунды, як пабачыў яе; занятак, да якога маю пакліканне і адукацыю. У мяне кожны дзень як свята, даў я сабе тады адказ. Выбачай, што далёка не кожны дзень было бачна, як я ўдзячны, рады гэтаму шчасцю. Спадзяюся, што ў наступным томе раману нашага жыцця я буду больш уважлівы да «згрызоцінак» і падточвальнікаў сямейнага ладу і згоды».

Пра баўленне часу і сустрэчу Новага года ў СІЗА

Прывітанне, любімая мая Алеся. Першы раз за ўсе нашыя супольныя пражытыя гады сустрэў Новы год без цябе. Зрэшты, як «сустрэў» — праспаў. Кажуць, уначы грымелі салюты, даносіліся вясёлыя воклічы звонку, а ў шчылінах аканіц былі бачныя воблікі фаервэркаў, але я ўсё праспаў.

За месяц я ўжо навучыўся моцна спаць са святлом і пад «гукі джунгляў», што ўначы вырываюцца з ратоў розных суседзяў. Так што лёгка абыходжуся без бярушаў.

Хлопцы, якія сядзяць даўжэй, напярэдадні зрабілі святочны стол — сабралі з перададзеных прадуктаў нешта кшталту торта. Тут настрой стваралі хутчэй святочныя клопаты, чым сам торт ды ягонае паяданне.

Сёння хадзіў гуляць па снезе і глядзець на неба. З забавак тут яшчэ лазьня, кнігі з бібліятэкі і газеты па падпісцы. Ну і з суседзямі паразмаўляць, хоць тэмы тут ашчаджаюць — усё ж тэрмін ідзе не на суткі, а на месяцы.

Пра сукамернікаў

Цяпер я жыву ў замку ў самым цэнтры сталіцы. Уранні тут чуваць званы Чырвонага касцёла. Новыя суседзі падзяліліся ўсім, што трэба на першы час, у тым ліку ручкай, паперай і канвертам.У мяне за месяц адбылося столькі неймаверных паваротаў сюжэту, што, здавалася, ужо не хопіць здольнасці здзіўляцца. Але ўсё новыя людзі здзіўлялі і мяне кожны дзень. І ў кожнага свая гісторыя, вартая кнігі, — пра поспехі ў жыцьці, таленавітых дзяцей, любоў і чалавечнасьць. Яны так захоплена расказвалі пра свае ўмельствы, што здавалася, я разам з імі:

— праектаваў метро па-над вуліцай Багдановіча,

— варыў піва на бровары ў Бельгіі,

— адкрываў рэстараны і прадаваў рэстаранны посуд неверагодных формаў і незапамінальных назваў,

— ствараў памяць для ноўтбукаў,будаваў «разумныя» дамы.

Вядучыя распрацоўшчыкі, кандыдаты навук і бізнес-аналітыкі навучылі мяне таксама маладзённым гульням — «Мафіі», «Кракадзілу» і «Ёсць кантакт».

Пра штодзённасць

У нядзелю прачытаў 700 старонак «Графа Монтэ-Крыста». Аказалася, гэта толькі першы том. Часу на чытво тут багата, але нечакана для мяне аказалася, што кніжныя гісторыі амаль не чапляюць, таму што жыццё само па сабе з закручастым сюжэтам і няпэўнай развязкай, а мо проста таму, што развучыўся зачароўвацца кніжным светам і друкаваным словам.

***

Таксама пагадаваў месяц бараду — вырасла густая і з сівізной пасярэдзіне. Учора на Каляды пабачыў сябе ў люстэрку, пасмяяўся і згаліў. Хлопцы казалі, праўда, што мне пасуе, але, думаю, насміхаліся.

На здароўе не наракаю, імунітэт пасля восеньскага ковіду ніводнай акрэсцінскай хваробы да мяне не падпусціў. Ежа дыетычная, вада такая ж, як у нас на Ангарскай, — добрая.

Віншаванні сям’і

Атрымаў твой ліст пад нумарам два і перачытаў ужо дзесяць разоў. Гэта найлепшы падарунак на дзень нараджэння, які толькі можна ўявіць. Дзякуй табе агромністы за добрыя, цёплыя, чулыя словы.Дарагая мая Алеся, Яначка і Мацейка!

З Новым годам вас!

Зычу вам здароўя, радасцяў і цікавостак. Бо цікавыя і радасныя дні пралятаюць хутчэй і зробяць бліжэйшай нашу сустрэчу. А як сустрэнемся, вам будзе што апавесці, а мне што паслухаць і паглядзець на фотачках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0