«Машыну з сюрпрызам жыхар Гродна Андрэй купіў пару дзён таму, але ўжо суткі да яе не падыходзіць — паведамляе сайт «Вечерний Гродно». — Справа ў тым, што ў аўтамабілі пасялілася ласка. Як ні спрабаваў мужчына адтуль яе прагнаць, нічога не атрымліваецца: жывёла толькі хаваецца».

Першы раз Андрэй убачыў яе ў гэтыя выходныя, калі ехаў у Ваўкавыскі раён, — звярок выпаўз падчас руху аўто з-пад панэлі па педалях.

«Цалкам адкрываў машыну, думаў, уцячэ — не дапамагло. Звязаўся са старым уладальнікам, скінуў яму фота, той сказаў, што таксама бачыць жывёліну ўпершыню! Знаёмыя кажуць, што лепш яе не чапаць — кусаецца. Можа, у яе там гняздо або нара?» — задаецца пытаннем мужчына.

Спецыялісты з Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя раяць:

«Самы просты спосаб — пакінуць дзверы ў машыне адчыненымі: калі жывёла здаровая, то яна выйдзе сама. Другі варыянт — выгнаць звярка пахам гарэлага: для іх гэта трывожны сігнал. Калі ж ласка не сыдзе сама, то тады трэба звяртацца ў МНС».

Таксама ў ведамстве адзначылі, што ласкі, як і тхары, зайцы ці куніцы, сустракаюцца ў гарадах, хоць і рэдка. Магчыма, звярок у машыне Андрэя — самка, якая шукала сабе прытулак, каб вынасіць патомства. Звычайна гэты перыяд прыпадае на сакавік, але з-за высокіх тэмператур мог і зрушыцца на больш ранні час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0