З чацвярга Гарда (Ірландская паліцыя) вяла пошукі 17-гадовага сына Шынэйд О'Конар, у апошні раз яго бачылі ў пятніцу раніцай у раёне Талахт у Дубліне, паведамляе Бі-бі-сі.
Падчас пошукаў Шэйна спявачка апублікавала ў сацсетках некалькі эмацыйных пастоў, у якіх прасіла сына звязацца з ёй. «Без цябе мой свет абрынецца. Ты маё сэрца. Калі ласка, не спыняй яго. Калі ласка, не нашкодзь сабе. Ідзі ў Гарду і давай адвязем цябе ў бальніцу», — заклікала яна ў адным з твітаў.
У суботу раніцай Шынэйд О'Конар напісала ў твітары: «Мой цудоўны сын, Невіім Неста Алі Шэйн О'Конар, святло майго жыцця, вырашыў пакончыць са сваёй зямной барацьбой і цяпер знаходзіцца з Богам. Хай ён спачывае з мірам, і хай ніхто не паследуе яго прыкладу. Маё дзіця. Я цябе вельмі люблю. Спачывай з мірам».
У ірландскай паліцыі пацвердзілі, што пошукі Шэйна О'Конара завершаныя пасля выяўлення цела ў пятніцу 7 студзеня.
Калегі спявачкі выказваюць спачуванні ў сувязі са смерцю яе сына.
Ірландцы Шынэйд О'Конар 55 гадоў, акрамя Шэйна ў яе яшчэ трое дзяцей. У 2017 годзе спявачка запісала відэазварот, у якім распавяла аб шматгадовай барацьбе з дэпрэсіяй. У 2018-м яна абвясціла, што перайшла ў іслам і змяніла імя на Шухаду Давіт.





