Фота: LyazaTretyakova / depositphotos.com
У сусветнай гісторыі было нямала выпадкаў, калі аўтарытарныя лідары, стаміўшыся выконваць рытуалы па пацвярджэнні сваёй легітымнасці праз рэгулярнае пераабранне на высокія пасады ці то насельніцтвам, ці то прадстаўнічым органам, прапісвалі ў законах ці канстытуцыях свае пажыццёвыя паўнамоцтвы. І што, пасля таго яны спакойна кіравалі да смерці і паміралі за працоўным сталом?
Статыстыка сведчыць пра зусім адваротнае.
За апошнія 200 гадоў пажыццёвымі прэзідэнтамі афіцыйна сябе абвяшчалі 17 чалавек, перадусім у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы. З іх памерлі пры захаванні паўнамоцтваў толькі шасцёра, то-бок усяго 35%.
Ды і з гэтых шасцёх трое, то-бок палова, кіравалі вельмі даўно, яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А ў ХХ і ХХІ дабыць прэзідэнтамі, як было прадугледжана законамі, да самай смерці ўдалося толькі гаіцянскаму дыктатару Франсуа Дзювалье (памёр у 1971 годзе, перадаўшы ўладу ў спадчыну сыну), камуністычнаму лідару Югаславіі Іосіпу Броз Ціта (1980) і экстравагантнаму Туркменбашы Сапармураду Ніязаву (2006).
Што рабілася з астатнімі? Найчасцей яны зрыналіся сваімі ўласнымі паплечнікамі, а то і блізкімі сваякамі ў ходзе вайсковых ці цывільных пераваротаў, часам трацілі ўладу ў выніку народных выступленняў.
Але якім бы шляхам гэта ні адбывалася, пра іх «гарантаваны законамі» статус ніхто пры гэтым не ўспамінаў і не ламаў галаву, як бы гэты юрыдычны нюанс абысці.
І ў гэтым няма анічога дзіўнага. Пры сваім уласным кіраванні кожны з гэтых самаўладных правіцеляў сам ставіўся да Канстытуцыі і законаў як да пустых паперак, якія ніяк не звязвалі рукі яму самому.
А калі не выконваеш уласныя законы сам, то ці можна чакаць гэтага нават ад сваіх паплечнікаў, не кажучы пра палітычных апанентаў? «Часам не да законаў» — зброя двусечная.
Таму і спробы аўтакратаў самастойна, у аднабаковым парадку прапісаць сабе любімаму нейкія пісьмовыя гарантыі на будучыню — справа марная. У сітуацыі, калі «Акела прамахнуўся», гэта анітрохі не ратуе.
«Стары, сыходзь!» Расказваем пра культ асобы Назарбаева, супраць якога паўсталі казахі
Меркаванне: Варта Назарбаеву было своечасова сысці, і ён застаўся б у гісторыі пазітыўным персанажам
Такаеў прыбраў Назарбаева з пасады кіраўніка Рады бяспекі





