Масты Правыя

Сядзіба Азнабішыных размешчаная на высокім беразе Нёмана, недалёка ад моста, «прадзед» якога быў пабудаваны яшчэ па загадзе каралевы Боны Сфорцы ў XVI стагоддзі. Адтуль адкрываюцца цудоўныя краявіды.

Першым вядомым гаспадаром сядзібы быў памешчык Азнабішын, які атрымаў яе пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Расійскі род, а пройдзе час, і прадстаўнік яго — Аляксей Азнабішын — у 1919 годзе ўвойдзе ў склад дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі на Парыжскай мірнай канферэнцыі. 

З 1945­-га ў былым маёнтку мясціўся Дом-­інтэрнат для дзяцей­сірот. Сёння там храм іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць».

Ражанка

Здзіўляе касцёлам Святых апосталаў Пятра і Паўла, які быў пабудаваны ці то ў XVII, ці нават у XVI стагоддзі, але сучасны выгляд атрымаў пасля перабудовы 1827 года, у выніку якой касцёл стаў першым неагатычным будынкам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Менавіта тады галоўны фасад быў абліцаваны бутавым каменнем, у яго цэнтры размясцілася круглае акно ў выглядзе ружы і франтон, упрыгожаны ў сярэдзіне ляпным гербам. Касцёл быў зачынены ў 1960 годзе і пераабсталяваны пад склад ды аптовую краму, у 1989-­м вернуты Каталіцкай царкве.

Выгляд мае казачны. Для агляду абавязковы!

Ражанка здзіўляе казачным храмам. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Ражанка здзіўляе казачным храмам. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Жалудок

У палацы Святаполк­-Чацвярцінскіх, напэўна, усе былі, а хто яшчэ не быў, той лёгка знойдзе пра яго цікавую інфармацыю. Пра яго шмат пісалі, і няма сэнсу паўтарацца.

Палац уражвае. Але да гэтага я была падрыхтаваная, а вось да чаго я падрыхтаваная не была.

Па-­першае, калі глянуць на Жалудок зверху, то можна ўбачыць, што сучасны пасёлак стаіць на барочным шкілеце, дзе вуліцы з цэнтра разыходзяцца промнямі ў розныя бакі.

Жалудок стаіць на барочным шкілеце, а найбольш вядомы ў ім кінематаграфічны палац Святаполк-Чацвярцінскіх. Пра Чацвярцінскіх, Жалудок і яго залаты век падрабязней гл. у артыкуле Андрэя Вашкевіча ў No 4/2019 «Нашай гісторыі». ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Жалудок стаіць на барочным шкілеце, а найбольш вядомы ў ім кінематаграфічны палац Святаполк-Чацвярцінскіх. Пра Чацвярцінскіх, Жалудок і яго залаты век падрабязней гл. у артыкуле Андрэя Вашкевіча ў No 4/2019 «Нашай гісторыі». ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Па-­другое, уразіў мяне касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Магутны. Неверагодны. А з якой прамовай выступаў ксёндз! Узнёслай, эмацыйнай, старанна падрыхтаванай. Заслухаліся.

Касцёл быў пабудаваны яшчэ ў 1490 годзе, але сучасны выгляд набыў у 1853­м паводле праекта ўраджэнца вёскі Жырмуны Воранаўскага раёна Караля Падчашынскага — архітэктара і тэарэтыка позняга класіцызму.

Мураванка

Да нашага часу захаваліся дзве царквы-­крэпасці абарончага тыпу: у вёсках Сынкавічы (Зэльвенскі раён) і Мураванка (побач Малое Мажэйкава, таму яе яшчэ называюць Маламажэйкаўскай). Тып адзін, адрозненне каласальнае. Сынкавічы — сапраўдны аб’ект абарончага тыпу. Мураванка — прыгажунька, якая зачароўвае сваімі вытанчанымі лініямі. У 2020 годзе ўрачыста адзначалася 30-­годдзе адраджэння храма.

Мураваны храм з’явіўся ў 1524 годзе, будынак быў адноўлены ў першай чвэрці XIX стагоддзя па ініцыятыве расійскага імператара Аляксандра I. Дуэт готыкі і рэнесансу зачароўвае, вачэй не адвесці.

Мураванка зачароўвае сваімі лініямі. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Мураванка зачароўвае сваімі лініямі. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Старыя Васілішкі

Знаходзяцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе працякае рачулка Лебяда.

Цяпер там дзве галоўныя славутасці: чырвоны касцёл і музей спевака Чэслава Немэна. Мы пачалі з апошняга, бо, калі праязджалі міма, пабачылі, як гаспадар музея выйшаў на вуліцу. Было зразумела, што ён збіраецца зачыніць дзверы ды адправіцца дадому. Гадзіннік паказваў 18.05. Я выскачыла з аўто і папрасіла пусціць нас літаральна на 5 хвілін. Але ж спадар Уладзімір запэўніў, што працуе да апошняга кліента. І гэта быў не жарт.

Уладзімір Сянюта з любоўю апякуецца музеем Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, непаўторная атмасфера. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Уладзімір Сянюта з любоўю апякуецца музеем Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, непаўторная атмасфера. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Старыя Васілішкі здзівілі нават такога дасведчанага турыста, як я, сваёй кліентаарыентаванасцю. Тут пра вандроўнікаў падумалі, якім бы ні выдаўся дзень: спякотным ці дажджлівым. За цану білета вы атрымліваеце экскурсію, а таксама столікі ў цяні дрэваў, мясцовыя вішні, яблыкі, цукеркі, гарачыя напоі ці сцюдзёную ваду, а галоўнае — такую ўсёабдымную ўвагу гаспадароў, што з нязвычкі яна нават пужае. І, канешне, слухаеце спевы Немэна.

Чэслаў Немэн 

(сапр. Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, 1939—2004), польскі спявак беларускага паходжання. 

Нарадзіўся і выгадаваўся ў Старых Васілішках. Вучыўся ў музычнай педагагічнай вучэльні ў Гродне па класе домры. У 1958 годзе разам з бацькамі скарыстаўся магчымасцю выехаць у Польшчу, калі савецкі ўрад дазволіў палякам з СССР «рэпатрыявацца». Жыў у Гданьску, дзе вучыўся ў вышэйшай музычнай школе.

У пачатку 1960-х пачаў выступаць на польскай эстрадзе, набыў вялікую папулярнасць. Тады ж узяў псеўданім Немэн ад ракі Нёман, на якой стаяць Вялікія Васілішкі. Выступаў у жанры рок-музыкі. Самая вядомая песня — «Дзіўны гэты свет» («Dziwny jest ten świat»). 

У Старых Васілішках нам двойчы пашанцавала: а 19-­й гадзіне касцёл быў адчынены, бо прымаў чарговую групу турыстаў. Таму і нам удалося разгледзець яго прыгажосць не толькі звонку, але і ўсярэдзіне.

Першы драўляны касцёл у Старых Васілішках быў пабудаваны яшчэ ў 1489 годзе. Дазвол на будаўніцтва сучаснага касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла парафія атрымала ў 1897-­ м. У будаўніцтве касцёла бралі ўдзел усе парафіяне. Прадзед маёй сяброўкі Тэрэсы таксама вазіў камяні на будаўніцтва, што нават зафіксавана на фота. 

Унутры храма ў Старых Васілішках. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Унутры храма ў Старых Васілішках. ФОТА ЮЛІІ УЛАДЗІМІРСКАЙ

Вялікі ўклад у будаўніцтва ўнёс ксёндз­-канонік Францішак Сакалоўскі. Пра Сакалоўскага апавядаюць такую гісторыю. 

Зайшоў неяк ксёндз Францішак да аднаго заможнага гаспадара, каб прасіць ахвяру на касцёл. У гэты момант гаспадар дома і яшчэ некалькі мужчын сядзелі за сталом і гулялі ў карты на грошы. Калі ксёндз сказаў, з якой мэтай ён прыйшоў, адзін з мужчын падышоў да яго і моцна стукнуў у твар. Ксёндз спакойна сказаў: «Дзякуй, але гэта было для мяне, а цяпер прашу ахвяраваць што­небудзь на касцёл». Усім адказ так спадабаўся, што выйграныя ў карты грошы былі аддадзеныя на патрэбы касцёла.

Будаўніцтва было скончана ў 1904 годзе. Касцёл уяўляе сабой помнік архітэктуры неаготыкі. Храм­карабель ганарліва ідзе пад распушчанымі ветразямі дзвюх трох’ярусных вежаў. Палымяная чырвоная цэгла змяняецца ў інтэр’еры светлай тынкоўкай. Унутраная прастора храма — адзіны ансамбль, дзе архітэктура, скульптура, жывапіс, разьба па дрэве, чаканка, вітраж сышліся ў сваім імкненні матэрыялізаваць хрысціянскую ідэю. На мяне вялікае ўражанне зрабілі аконныя вітражы і, канешне, капліца­грот. Капліца ў левым нефе ўпрыгожаная неверагоднымі формамі з гіпсу і ўяўляе сабою выдатны твор мадэрну.

З 1958 года парафія ў Старых Васілішках на 30 гадоў засталася без ксяндза. Улады хацелі забраць ключы ад касцёла, але парафіяне пакінулі іх у сябе. Заходзіць у касцёл было нельга, таму людзі маліліся перад зачыненымі дзвярыма, дзе ўстанавілі мініяцюрны алтар. Урачыстасць Святых апосталаў Пятра і Паўла людзі таемна адпраўлялі ноччу, без святла… Стаіш увечары перад храмам і ўяўляеш тыя часы і тых людзей…

Клас
37
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
2

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?