Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Загінулага звалі Уладзімір. Яму было 49 гадоў, ён працаваў на адным з прыватных прадпрыемстваў у Баранавічах.

— Валодзя мой такі добры быў, працавіты, усім дапамагаў, — расказвае яго маці Галіна Уладзіміраўна.

У Сталовічах ва Уладзіміра быў свой дом, у якім ён рабіў рамонт. А ў двары гэтага дома стаяў вальер з алабаямі. Іх ва Уладзіміра было чатыры.

— Сабак Валодзя разводзіў не першы год. Любіў іх больш за ўсё, яны таксама да яго пастаянна лашчыліся. Ён заўсёды называў іх сваімі дзецьмі і жартаваў, што, калі памрэ, сабакі нікога да яго не падпусцяць: так яны яго любяць, — распавядае Галіна Уладзіміраўна.

Алабаі, па словах жанчыны, заўсёды слухаліся свайго гаспадара і не праяўлялі агрэсіі ў яго адрас. Ён займаўся з імі, дрэсіраваў, сабакі не былі безгаспадарнымі, але нікога, акрамя Уладзіміра, гаспадаром не прызнавалі.

— Я казала яму: Валодзя, зводзь іх. Навошта табе такія сабакі? А ён мне: «Не, гэта мае дзеці», — успамінае Галіна Уладзіміраўна. — Валодзя казаў, што сабака яго ніколі не ўкусіць. А яна во як ўкусіла.

Апошні раз Галіна Уладзіміраўна бачыла сына напярэдадні трагедыі: Уладзімір заходзіў да яе забраць дзверы, якія яму ў той вечар ставілі. Жанчына кажа, што сын спяшаўся скончыць справы ў Сталовічах, бо яму трэба было на працу ў Баранавічы.

А раніцай 25 снежня Галіна Уладзіміраўна даведалася, што яе сына больш няма.

— Я сядзела дома. Прыйшла мая дачка: на ёй не было твару, — успамінае жанчына. — Нешта здарылася, пытаюся, нешта з Валодзем? Яна ківае. Валодзі больш няма? І яна адказала, што Валодзі больш няма.

Як Уладзімір загінуў, жанчына ведае толькі са слоў. Ёй распавялі, што сын з прыяцелем працавалі да позняй ночы. Калі, скончыўшы працу, яго знаёмы сыходзіў, на яго раптам напаў алабай. Уладзімір паспрабаваў адагнаць сабаку, але той накінуўся і на яго. Знаёмаму удалося выратавацца, а Уладзіміру — не.

— Ён сцёк крывёю, бо да яго не маглі падысці, каб аказаць першую дапамогу. Усе баяліся за сваё жыццё. Міліцыянты стралялі з суседняга двара, каб адпудзіць сабаку. А потым яны пачалі страляць у яго, — распавядае жанчына. — «Хуткая» забрала Валодзю. Ён у машыне хвілін дваццаць яшчэ пажыў і памёр ад страты крыві. Гэта ж напісана ў яго заключэнні аб смерці.

Хавалі Уладзіміра 27 снежня. Галіна Уладзіміраўна кажа, што праводзіць у апошні шлях яе сына прыйшло вельмі шмат людзей.

Сабак, якія жылі ва Уладзіміра, па словах яго маці, застрэлілі, бо «з імі ніхто акрамя Валодзі не справіўся бы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2