У аўторак ён патэлефанаваў маці і распавёў, што яму загадалі збіраць рэчы. Увечары адвакат Падлобнікава паведаміла Бі-бі-сі, што яго павезлі з СІЗА. На радзіме яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

25-гадовага Падлобнікава абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Максімальнае пакаранне па іх — сем гадоў пазбаўлення волі.

Падлобнікаў браў удзел у акцыі пратэсту ў Жлобіне 9 жніўня 2020 года. Ён пайшоў сустракацца з сябрам і трапіў на плошчу, дзе праходзіў мітынг супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, распавяла Бі-бі-сі маці абвінавачанага Галіна Падлобнікава. Паводле яе слоў, на мітынгу яе сына збілі, ён быў «у несвядомым стане».

Пра справу Падлобнікава публічна стала вядома толькі ў сярэдзіне снежня — амаль праз паўгода пасля яго арышту.

Паводле Бі-бі-сі, са жніўня 2020 года ў Расіі арыштавалі як мінімум 20 беларусаў па справах, звязаных з пратэстамі супраць Лукашэнкі. Некаторыя з іх ужо высланыя на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя або выдварэнне.

Па версіі следства, Падлобнікаў аказваў супраціўленне пры затрыманні, рукамі і нагамі наносіў удары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама спрабаваў нанесці ўдары аднаму з іх, прычыніўшы яму такім чынам «маральную шкоду».

Абвінавачванне тычыцца не персанальна Падлобнікава, а групы асоб, адзначыла ў размове з Бі-бі-сі яго адвакат Марыя Красава.

Следства прыводзіць у якасці доказу віны расшыфроўку тэлефоннай размовы яго маці са знаёмым Падлобнікава, які быў з ім у той дзень. Мужчына на запісе распавядае, што яе сын «пайшоў да міліцыянераў» і «пачаў з імі біцца».

Пры гэтым самога Падлобнікава «глушанулі добра». «Так ўдарылі, што ён страціў прытомнасць. Яму па галаве дубінкай ударылі», — казаў мужчына, яго словы прыводзяцца ў расшыфроўцы размовы ў матэрыялах справы Падлобнікава.

У Жлобіне Падлобнікава пасля затрымання даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе ён правёў трое сутак, пасля чаго яго адпусцілі. «Яму нічога на рукі не аддалі, падпіску аб нявыездзе ён не даваў», — распавяла маці Падлобнікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0