Спачатку просяць звольніцца па ўласным жаданні

У БНТУ масава «просяць звольніцца» выкладчыкаў, якія заступіліся за адлічаных студэнтаў або выступілі супраць гвалту.

2020 год змог аб'яднаць сумленных выкладчыкаў. Калі студэнтаў масавага арыштоўвалі або адлічвалі, яны запісвалі відэазварот з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і падпісвалі петыцыі з просьбамі аднавіць незаконна адлічаных студэнтаў. За гэта выкладчыкаў пазбаўлялі прэмій, рабілі ім вымовы, некаторых удалося звольніць па артыкуле, іншыя не вытрымалі ціску і сышлі самі. З астатнімі працягваюць «разбірацца».

Вядома, што ў аддзеле кадраў ужо ёсць «спіс няўгодных выкладчыкаў», якія павінны пакінуць БНТУ да 1 студзеня. Для пачатку ім прапануюць звольніцца па ўласным жаданні. 

Праваабаронцам таксама паведамляюць, што «палітычныя» звальненні закранулі і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут толькі ў снежні прымусілі звольніцца дацэнтаў Уладзіміра Лобу, Віктара Якубава і Ігара Бортніка. Вядома, што першы з іх быў звязаны са стачкамам, другі — сядзеў «на сутках», а трэці таксама патрапіў ў нейкія спісы.

Ціск з усіх бакоў

На пачатку снежня дырэктар Пружанскай музычнай школы Вераніка Крылова і начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш змушалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні прыбіральшчыцу Людмілу Царану, а калі пагрозы не дапамаглі, сталі прымушаць не выходзіць на працу, каб звольніць яе за прагул, паведамлялі незалежныя СМІ. 

На пачатку траўня 2021 года за рэпост звестак аб участковым інспектары Людміла Царану была асуджаная на 1,5 года «хатняй хіміі». Звальненне з працы можа значыць перавод за краты.

Сярод аргументаў быў і такі: «Калі вы не напішаце па ўласным жаданні, звольняць нас».

Суд над Людмілай Царану за «паклёп» на міліцыянта, падсудная на першай лаве. Фота: spring96.org

Людміла Царану працуе прыбіральшчыцай у музычнай школе, мае кантракт на два гады — да пенсіі. «Хатняя хімія» — абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, асуджаным даюць жыць дома, але абавязваюць працаваць і быць пад кантролем міліцыі.

Царану патрабуе, каб яе ці не звальнялі, або звальнялі па нейкай законнай прычыне. Жанчына адчувае ціск з усіх бакоў, яна штотыдзень павінна даваць справаздачы міліцыі аб працы на «хатняй хіміі».

Дарэчы, незаконнае звальненне з працы, згодна з арт. 199 КК РБ, караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. Палітычныя матывы злачынства з'яўляюцца абцяжарвальнымі абставінамі.

«Недапушчальна, каб амаральны чалавек вучыў нашых дзяцей»

Праваабаронцы прыводзяць гісторыю звальнення работніка сістэмы адукацыі адной з вясковых школ Мінскай вобласці, які звярнуўся да іх.

Настаўніка-філолага Сцяпана ў кастрычніку запрасіла да сябе ў кабінет дырэктар школы, дзе проста прапанавала звольніцца «па ўласным жаданні».

На пытанне «чаму?», яна адказала, што званілі бацькі дзяцей і казалі: «Недапушчальна, каб амаральны чалавек вучыў нашых дзяцей».

«Амаральнасць» Сцяпана, відаць, заключалася толькі ў тым, што ў лістападзе 2020 года ён быў затрыманы, як удзельнік акцыі пратэсту, і аштрафаваны.

Сцяпан, які дагэтуль па працы не меў аніякіх заўваг і спагнанняў, не пагадзіўся з такой прапановай і нейкі час працягваў працаваць. А ўжо на пачатку снежня адміністрацыя школы правяла некалькі праверак працы ўпартага педагога: афармленне дакументацыі, якасць праверкі вучнёўскіх сшыткаў, працоўны рэжым.

На гэты раз прапанавалі падпісаць загад на звальненне па артыкуле 42 Працоўнага кодэкса РБ «неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе».

Сцяпан адмовіўся падпісваць загад, запатрабаваў прадставіць яму копіі дакументаў з вынікамі праверак яго працы.

Урэшце быў знойдзены кампраміс, і Сцяпан вымушаны быў сысці са школы «па ўласным жаданні».

«Праца мяне цалкам задавальняла, школа і калектыў падабаліся. Апроч таго, было зручна дабірацца з раённага цэнтра. Цяпер, вось, спрабую знайсці хоць нешта, каб зарабляць на жыццё, паколькі не ўпэўнены, што ў мяне будзе шанец зноў вярнуцца ў школу», — распавядае Сцяпан.

Настаўнік адной са школ Маладзечанскага раёна Аляксандр некалькі дзён таму паведаміў у сацыяльных сетках пра сваё звальненне:

«Амаль 16 гадоў аддаў школе. Хапала ўсялякага. Але добрага было больш, чым дрэннага. Усё толькі пачынаецца…»

Ці можна атрымаць дапамогу ў такой сітуацыі?

Калі вы сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй і вам настойліва прапануюць пагадзіцца на звальненне «па пагадненні бакоў», альбо пагражаюць больш жорсткімі захадамі ў выпадку адмовы пайсці на такія крокі — звяртайцеся па кансультацыю ў адзін з незалежных прафсаюзаў. Таксама вы можаце напісаць праваабаронцам і распавесці пра асаблівасці вашага звальнення. 

«Ніхто не казаў, што назад нельга браць». Кіраўнікі расказваюць, як выкручваюцца падчас звальненняў за палітыку

«Працаваць няма каму». На беларускай чыгунцы — новая хваля палітычных звальненняў (дабраліся і да кіраўніцтва)

«Спісы спускае КДБ». Чытачы з усёй краіны паведамляюць пра новыя «палітычныя» звальненні АБНОЎЛЕНА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру