Фота: media-polesye.by

Фота: media-polesye.by

Па афіцыйных звестках, у аграгарадку Ахова жыве 450 чалавек. Шчыра кажучы, мы чакалі, што на наступны пасля скандалу дзень мясцовыя жыхары будуць стаяць на вушах. Але памыліліся.

«Мы жывём, як і жылі. Нават і не ведала, што кагосьці там затрымалі. У нас праблем і без таго хапае. А тут проста дубы», — сказалі нам супрацоўнікі ААТ «Ахова».

Мы пагаварылі і з Зміцерам Кісялём, на сайце ААТ «Ахова» пазначана, што ён выконвае абавязкі дырэктара арганізацыі.

«Я быў на тым сходзе, калі вырашаўся лёс дрэў. І ведаю людзей, якім гэтыя дубы перашкаджалі. Там сапраўды падалі буйныя галіны з дрэў і разбуралі магілкі нябожчыкаў. Людзі пакутавалі і плакалі. Тым больш, на тым сходзе сказалі, што дрэвы сапраўды аварыйныя. Я таксама выступаў за тое, каб іх спілавалі», — адзначыў Зміцер Кісель.

Вышка, якую прыгналі ў Ахова. Фота: media-polesye.by

Вышка, якую прыгналі ў Ахова. Фота: media-polesye.by

На пытанне аб тым, ці лічыць мужчына нармальнай сітуацыю, калі на мясцовых бабуль, якія абаранялі дубы, выклікалі АМАП і затрымалі дырэктара дома культуры, ён нават крыху разгубіўся:

«Шчыра кажучы, нават не чуў, што яго арыштавалі. Таксама не чуў і пра тое, што бабулі гэтыя дубы баранілі. У нас пра гэта ніхто не кажа. Цішыня».

Амаль тое ж самае нам адказалі і яшчэ некалькі мясцовых жыхароў, да якіх мы датэлефанаваліся. Па іх прызнаннях, з інтэрнэту пра ўсю гэтую гісторыю яны даведаліся больш, чым ад сваіх суседзяў.

«Жыццё спакойна сабе працягваецца. Ніхто не мітынгуе», — кажуць мясцовыя.

Фота: media-polesye.by

Фота: media-polesye.by

«Няпраўда, вёска падзялілася на два лагеры, — запэўнівае аховец Аляксандр, які выступаў супраць спілоўвання дубоў. — Але ўсе пратэстуюць чамусьці па хатах, а не адкрыта.

Ну і да таго ж, большая частка людзей, якія выступаюць супраць знішчэння дубоў, пажылыя або вельмі пажылыя людзі. Яны ж у інтэрнэтах не сядзяць. Нічога там не напішуць. Гаруюць сабе каля вакна.

Маладзейшым, на жаль, да гэтых дубоў няма справы. Мы выхавалі пакаленне, якому напляваць на гісторыю і спадчыну. І гэта ўжо не першыя дубы, якія там спілавалі. Раней іх было там штук 12. Знішчылі паціху. Вось і да апошніх дабраліся».

На пытанне аб тым, што цяпер з дырэктарам Дома культуры, наш суразмоўца толкам нічога не змог адказаць.

«Нічога пра яго не ведаем. І як ён залазіў на дрэвы — не бачылі. Таму я казаць нічога не буду. Але ён добры хлопец, актыўны, з галавой і мазгамі. Збіраў подпісы супраць знішчэння дубоў. Вось яго і забралі, каб хвалю не падымаў.

Тыя ж дубы на самай справе здаровыя. Калі камусьці перашкаджалі нейкія галінкі, можна ж было проста іх спілаваць, а не ўсё дрэва. Увогуле, сумна ўсё гэта», — уздыхае мужчына.

Звязацца з дырэктарам Дома культуры Аляксандрам Дземчуком у нас не атрымалася. Ён пакуль не выходзіць на сувязь. Як паведамляе media-polesye.by, ноч ён правёў у Пінскім РАУС.

Чытайце таксама: 

Пенсіянеркі не далі камунальнікам спілаваць 300-гадовыя дубы на Піншчыне. У вёску адправілі АМАП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0