Што вядома пра паказальную справу?

Злачынства было здзейсненае 10 верасня 2020 года. Пацярпелы міліцыянт прыбыў на выклік і чакаў следчых, паколькі ў кватэры знайшлі труп. Падазраваная ў забойстве ў гэты час сыпала абразамі у адрас міліцыянера і яго калег.

Як паведамляе суд, жанчына мае залежнасць ад алкаголю (ёй нават прызначылі прымусовае лячэнне), раней ужо мела праблемы з законам (не плаціла аліменты на дзяцей).

Спачатку яе і яшчэ аднаго чалавека затрымалі па падазрэнні ў забойстве. 22 верасня 2020 года яе асудзілі за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (ч. 3 арт. 147 КК), за забойства ж у маі 2021 года асудзілі другога фігуранта, затрыманага разам з ёй — ён атрымаў 16 год калоніі. 

За абразу міліцыянта жанчыне далі тры месяцы арышту (арт. 369 КК), якія згарэлі за час знаходжання ў СІЗА (залічваецца дзень за дзень).

Цікава, што з абвінавачвання прыбралі некалькі эпізодаў: абразу яшчэ двух міліцыянтаў (арт. 369 КК) і пагрозу гвалту да іх (арт. 364 КК), а таксама замоўчванне пра злачынства (арт. 406 КК).

Пракурор і пацярпелыя ў судзе адмовіліся ад прэтэнзій. Палітыкі ў гэтай справе няма. Жанчына ж мае залежнасць ад алкаголю і мела судзімасць. Дарэчы, у Вярхоўным судзе яна аспрэчвала менавіта прымусовае лячэнне ад алкагалізму і не адмаўляла, што сапраўды абразіла міліцыянера.

Абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) караецца штрафам, або абмежаваннем свабоды («хімія) на тэрмін да трох год, або пазбаўленнем свабоды на такі ж тэрмін са штрафам.

А як караюць за такія злачынствы палітвязняў?

Як правіла, некалькімі гадамі «хіміі» (хатняй ці рэальнай), гэта лічыцца больш строгім пакараннем.

Вось некалькі прыкладаў. Уладзімір Сушко са Жлобіна асуджаны па арт. 369 КК за абразу супрацоўніка міліцыі ў Тэлеграме да двух гадоў «хіміі».

Жыхар Магілёва Аляксандр Жыхарэвіч асуджаны за абразу міліцыянта да двух гадоў і васьмі месяцаў «хіміі». Пад допісам, у якім сцвярджалася, што міліцыянт фабрыкуе адміністрацыйныя справы, Жыхарэвіч ужыў мянушку «Плявок».

Мінчук Юрый Карніловіч атрымаў тры гады «хіміі» за абразу тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. У судзе каментарый не быў агучаны, бо ўтрымліваў ненарматыўную лексіку, але сэнс зводзіўся да таго, што «Караеў спалохаецца хутчэй, чым скажа Лукашэнку, што будзе выконваць Канстытуцыю». Пацярпелага Караева не дапытвалі па гэтай справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0