Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла: бальніцы ў краіне паступова вяртаюцца ў звыклы рэжым працы, пандэмія COVID-19 адступае. Да ранейшай працы вяртаюцца медустановы ў Мінску, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Праводзіцца дэзапрацоўка, аднаўляецца планавая медыцынская дапамога.

Але ў той жа час медыкі папярэджваюць: на пару з каранавірусам у Беларусі цяпер гуляе яшчэ і сезонны грып. Пра яго сімптомы і адрозненні ад COVID-19 «Нашай Ніве» ужо расказваў вядомы доктар-інфекцыяніст Мікіта Салавей.

Але ці можа чалавек адначасова хварэць на грып і кавід? 

«Калі ён не прышчэплены ад абодвух захворванняў, то ёсць рызыка атрымаць мікст-інфекцыю, то-бок заразіцца двума вірусамі адначасова, — расказаў нам медык. — У гэтым выпадку два вірусы будуць патэнцаваць дзеянне адзін аднаго, і захворванне пройдзе цяжэй, чым калі б гэта былі грып або кавід паасобку».

Наколькі рэальна, знаходзячыся ў стане хваробы, дакладна размежаваць два захворванні?

«Так, адрозненні ёсць. І пра іх казаў Мікіта Салавей. Але калі чалавеку ўжо дрэнна, то выразна зразумець, што ў цябе грып і кавід адначасова, самастойна вельмі складана, — кажа медык. — Пра наяўнасць у чалавека мікст-інфекцыі мы даведваемся, як правіла, у стацыянары, калі праводзім тэставанне на абодва захворванні ў выпадку цяжкай хваробы.

Калі ж чалавек знаходзіцца на амбулаторным лячэнні, то без тэста на кавід адгадаць, што ў яго за вірус, будзе сапраўды складана. Усё ж у грыпа і кавіда вельмі падобнае цячэнне захворвання.

У паліклініках, калі туды звернецца чалавек з тэмпературай, таксама наўрад ці пачнуць дакладна разбірацца, з чым да іх прыйшоў пацыент — з грыпам ці за кавідам, або з тым і другім адначасова. Адправяць адразу ў «чырвоную зону», а далей ужо будзе бачна. Калі тэст на кавід яму ўсе ж зробяць і ён будзе адмоўны, хутчэй за ўсё, выставяць ВРВІ і адправяць на бальнічны».

Якое лячэнне?

Патлумачылі медыкі і тое, наколькі спецыфічным павінна быць лячэнне пры двух захворваннях адначасова і наколькі небяспечнай можа быць сітуацыя, калі нейкага з гэтых захворванняў чалавек усё ж не распазнае, а лекары не дыягнастуюць.

«Лячэнне павінна праходзіць згодна з пратаколам. Зыходзячы з аналізаў і клінічнай карціны, могуць дадавацца тыя ці іншыя спецыфічныя прэпараты.

Ёсць небяспека, што медык або пацыент могуць няправільна дыягнаставаць захворванне. Гэта значыць, чалавек можа пачаць прымаць супрацьгрыпозныя прэпараты, але калі ў яго кавід, яны проста не дадуць эфекту.

Важна разумець: падбор прэпаратаў павінен быць індывідуальным і карэктавацца ў залежнасці ад стану хворага».

Важна!

Медыкі настойваюць: самы эфектыўны спосаб папярэдзіць захворванне ці цяжкае цячэнне COVID-19 — гэта вакцынацыя.

Прышчапіцца ў Беларусі сёння можна амаль ва ўсіх паліклініках і бальніцах краіны, у пунктах вакцынацыі на некаторых станцыях метро, у гандлёвых цэнтрах.

У ліку даступных беларусам супрацькавідных вакцын сёння — расійскія «Спутнік V» і «Спутнік Лайт», кітайскі Vero Cell («Сінафарм»).

Днямі ў Беларусь завезлі таксама расійскі «КавіВак» — усяго 300 тысяч доз. Міністэрства аховы здароўя выдала дазвол на яго прымяненне. У некаторых паліклініках вакцынацыя «КавіВакам» ужо пачалася.

Людзі таўсцеюць па двух тыпах: або яблык, або груша. Што горш? Расказвае доктар

Чаму шведы ядуць цукерак па кілаграме на сям’ю ў тыдзень, а зубы ў іх адны з найлепшых у Еўропе

Як не хвалявацца і не выгараць. Парады псіхолага прадуктыўнасці, які выкладае амерыканскім вайскоўцам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0