Прэс-сакратар аператара мабільнай сувязі А1 Мікалай Брэдзелеў

Прэс-сакратар аператара мабільнай сувязі А1 Мікалай Брэдзелеў

Некалькі беларускіх супрацоўнікаў буйных міжнародных кампаній затрыманыя ў Беларусі за апошнія дні. На мінулым тыдні — прэс-сакратар аператара мабільнай сувязі А1 (уваходзіць у А1 Telekom Austria Group) Мікалай Брэдзелеў, дырэктар па маркетынгу і продажы аўтамабіляў «Хёндэ АўтаГрад» (афіцыйны дылер Hyundai у Беларусі) Сяргей Бабашкоў і галоўны бізнес-аналітык IT-кампаніі EPAM Дзяніс Насура.

У праўладных Telegram-каналах зʼявіліся іх так званыя «пакаянныя» відэазвароты, якія, па ўсёй верагоднасці, зробленыя пад прымусам, і ў якіх затрыманыя паведамляюць, што былі падпісаныя на прызнаныя ў краіне экстрэмісцкімі рэсурсы, называюць памер сваіх заробкаў, а Брэдзелеў і Бабашкоў расказваюць падрабязнасці асабістага жыцця.

Брэдзелеву далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, Насуру — 13 сутак за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У панядзелак, 13 снежня, стала вядома аб затрыманні венчурнага інвестара, дырэктара ІТ-кампаніі Aivitam Дзмітрыя Досава. Сілавікі таксама запісалі з ім аналагічнае відэа і распаўсюдзілі яго. Чаму беларускія ўлады атакуюць супрацоўнікаў міжнародных кампаній, і да чаго гэта можа прывесці?

Улады ў Мінску хочуць пакараць нелаяльны буйны бізнэс?

«Прапагандысцкая кампанія, якая суправаджае затрыманне менеджара А1, выглядае як атака на саму кампанію, яе абвінавачваюць у зліве звестак, у дапамозе пратэстам, ці, як гэта называе ўлада, «тэрарызму»», — адзначае беларускі палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

На яго думку, такім чынам улады жадаюць пакараць бізнэс, які мог дазволіць сабе нелаяльнасць, і заходнія краіны, з якіх ён прыйшоў на беларускі рынак.

«Дацягнуцца да заходніх урадаў Мінск няздольны, але можа дацягнуцца да бізнэсу. Улады шматкроць пагражалі, што ў адказ на эканамічныя санкцыі будуць атакаваць заходнія кампаніі», — дадае Шрайбман.

У сваю чаргу, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў лічыць, што

затрыманне топ-менеджараў міжнародных кампаній — гэта сігнал бізнэсу: вы павінны сядзець ціха і ні ў якім разе не мець ніякіх сувязяў з палітыкай.

«Не думаю, што гэта наўпрост звязана з санкцыямі, хаця ўлады яны нервуюць. У стане гэтай нервовасці робяцца дзеянні рэпрэсіўнага характару ў стылі «бамбіць Валожын». Пераследуюцца міжнародныя кампаніі. Улады паказваюць, што ніхто не зʼяўляецца недатыкальным, у тым ліку з менеджменту буйных кампаній. Усе, хто так ці інакш падтрымліваў або сімпатызаваў пратэстам, будуць пакараныя», — тлумачыць Ягораў.

Затрыманні ўдараць па інвестыцыйным клімаце ў Беларусі

Эксперт упэўнены, што такія дзеянні ўдараць па інвестыцыйным клімаце ў краіне. Акрамя таго, кампаніі будуць больш актыўна перадыслакаваць сваіх супрацоўнікаў і выводзіць актывы з Беларусі.

«Гэта падрывае беларускую эканоміку, але не яна цяпер цікавіць улады, а іх устойлівасць у сярэднетэрміновай перспектыве. Яны лічаць, што бізнэс можа мець дачыненне да падтрымкі агульнага дэмакратычнага руху ў Беларусі, і пасылаюць выразны сігнал, што ў перспектыве не будуць дапускаць перацякання капіталу з бізнэс-сектара ў грамадзянскі», — мяркуе Ягораў.

На думку ж Арцёма Шрайбмана, пакуль цяжка сказаць, якія менавіта кампаніі могуць пацярпець, захочуць сысці з Беларусі, будуць выціснутыя з краіны ці нацыяналізаваныя: «Наконт кампаніі А1 — сумняваюся, што яна добраахвотна пакіне Беларусь. Гэта можа здарыцца, калі тут створаць невыносныя ўмовы для працы, ці ёй будзе пагражаць поўная нацыяналізацыя».

Прапаганда накінулася на А1 і заклікае нацыяналізаваць кампанію. Наколькі гэта магчыма?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0