«З пункту гледжання гістарычнай навукі і важнасці для яе, гэты закон асаблівага сэнсу не мае. Бо ніхто з гісторыкаў не адмаўляе злачынствы нямецкіх акупантаў у гады Другой сусветнай вайны, гэта проста не прынята ў прыстойным грамадстве, — кажа Пашкевіч. — Бо маецца настолькі шмат доказаў, сведчанняў і настолькі шмат ахвяраў, што займацца менавіта адмаўленнем могуць толькі тыя, хто верыць у зусім ужо альтэрнатыўныя версіі гісторыі.

Сярод тых, хто займаецца гісторыяй прафесійна, я не ведаю людзей, якія б адмаўлялі злачынствы нямецкіх акупантаў.

І слова «генацыд» таксама часта гучыць у гэтым кантэксце, таму нельга сказаць, што закон павінен паўплываць на нейкую змену канцэпцый у гістарычнай навуцы.

Для чаго ж тады прынялі гэты закон?

Іншая справа — на што скіраваныя змены заканадаўства ў нашай дзяржаве за апошнія паўтара года. І гэты закон, баюся, таксама будзе прыняты менавіта з пункту гледжання ўзмацнення рэпрэсіўнасці.

Калі казаць пра гістарычную навуку, то галоўным вынікам прыняцця закона можа быць хіба толькі паралізаванне гэтай самай навукі. Бо людзі будуць баяцца займацца ваеннымі тэмамі. Бо так сфармуляваны законапраект, што незразумела, як і што будзе трактавацца, наколькі шырока будзе ўжывацца менавіта гэты закон? Таму многія, хто піша пра вайну, проста будуць асцерагацца кранаць некаторыя тэмы.

Бо можна пісаць «ура-патрыятычна», так, як робяць прапагандысты: з зацёганнымі агульнымі фразамі, праклёнамі, «не забудзем, не прасцім», і гэтак далей.

Карацей кажучы, пісаць не навуковыя працы, а публіцыстыку. А іншая справа — займацца навукай, бо навукоўцы якраз мусяць пісаць на падставе розных крыніц, падымаць і абмяркоўваць нейкія спрэчныя нюансы.

Напрыклад, наколькі аднолькавай была палітыка акупацыйных уладаў у дачыненні да розных груп насельніцтва? Бо яна ж не была аднолькавай: цыгане і габрэі падлягалі пагалоўнаму знішчэнню, паводле нямецкай расавай тэорыі, а са славянскім насельніцтвам такой адназначнасці не было. Гэта такі нюанс, які заўсёды разглядаецца.

Ці прычыны спалення вёсак: іх палілі для знішчэння беларусаў, ці ў якасці рэакцыі на партызанскі рух? Ці варта разглядаць іх у кантэксце расавай тэорыі? Альбо былі іншыя прычыны? І гэтак далей. Зноў жа, нюансы палітыкі нямецкай адміністрацыі пры Кубэ, пры іншых гаўляйтэрах мелі свае асаблівасці. 

Пры наяўнасці новага закона гісторыкі будуць проста баяцца кранаць гэтыя нюансы. Бо невядома, як гэта пасля будзе трактавацца. А ўлічваючы, што ў нас цяпер усё накіравана на падаўленне, то надзеі, што тваю працу будуць разглядаць аб’ектыўна, асаблівай няма».

Пад гэтую марку забароняць бела-чырвона-белы сцяг?

Таксама ў законапраекце прапісана такая фармулёўка: «генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд». Пры гэтым пасляваенны перыяд лічыцца да 31 снежня 1951 года — цікава, што менавіта да гэтай даты працягвалася савецкая аперацыя па ліквідацыі нацыялістычнага падполля.

«Проста будуць звяртаць увагу таксама на публікацыі пра Армію Краёву, УПА. Не думаю, што гэта робіцца менавіта для забароны бела-чырвона-белага сцяга. Каб прызнаць бела-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім, сёння ўжо не патрэбныя такія тонкія хады, — кажа Алесь Пашкевіч.

— Увогуле, галоўная мэта гэтага закона — магчымасць стварыць яшчэ адзін артыкул, па якім можна будзе судзіць людзей, якія, на думку ўладаў, ідэалагічна не адпавядаюць дзяржаўнаму бачанню. А гісторыкі тут проста апынуцца ў якасці групы найбольшай рызыкі. Але тычыцца гэта будзе не толькі іх. 

Паглядзім, як закон будзе выкарыстоўвацца. Бо могуць жа таксама і абвяшчацца «падрыўнымі» нейкія кніжкі, якія выдадзеныя даўно і ва ўзважанай манеры, але ж не маюць спасылак і згадак пра генацыд на кожнай старонцы.

Закон жа вельмі гумовы — падагнаць пад яго можна ўсё што заўгодна. Тут пытанне, як і наколькі шырока ён будзе выкарыстоўвацца. Бо бываюць жа законы, якія нібыта стрэльба, што вісіць на сцяне — іх прымаюць, але гадамі нікога па іх не судзяць. Таму, можа, пакуль нікога па ім не пакараюць, а можа і наадварот, зладзяць некалькі паказальных працэсаў над гісторыкамі, проста каб астатнія баяліся».

Але ці ёсць хоць якая карысць ад будучага закона?

«Я ніякіх пазітыўных момантаў не бачу, бо ўжо казаў — ніхто не адмаўляе генацыд, гэта не дыскусійнае пытанне. У нас няма нічога такога, што трэба з дапамогай гэтага закона спыняць ці забараняць. І таму я не бачу ніякага пазітыву ў гэтым законе — гэта чыста рэпрэсіўны закон, накіраваны на тое, каб яшчэ больш узяць у ціскі гістарычную навуку, а таксама мець яшчэ адзін механізм, каб рэпрэсаваць людзей», — мяркуе Пашкевіч.

Яшчэ пачытаць:

«Лукашэнка «прысвойвае» ахвяр Халакосту, аб’яўляючы іх у прапагандысцкіх мэтах «беларускім народам». Гісторык пракаментаваў праект закона аб генацыдзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0