Мінск. «Бярэш якія-небудзь 50 рублёў, а на іх ужо столькі не купіш, як раней»

Алене 42 гады, жанчына жыве ў Мінску і працуе лагістам. У Алены ёсць сям’я — муж і дачка, таму ў краме жанчына закупаецца па выхадных, каб ежы было дастаткова на працягу тыдня.

«На месяц нам трэба каля 800 рублёў на сям’ю. У прадуктах мы сябе не абмяжоўваем. Мы ядзім усё: мяса, гародніну, садавіну, мучное, — расказвае яна. — Ёсць у Мінску дарагія крамы, дзе цэны адрозніваюцца ад іншых. Напрыклад, «Гіпа» і «Грын». З танных — «Еўраопт», «Санта». Я хаджу больш ў «Еўраопт». Там можна купіць мяса таннейшае.

Але нейкіх іншых прадуктаў, якія ёсць у іншых крамах, там, напрыклад, няма. Дарэчы, многія прадукты сталі даражэйшыя. Напрыклад, малочныя тавары, курыца, памідоры, яйкі ўжо два з паловай рубля, бананы пад тры рублі. Яшчэ дзесьці зніклі цэлыя кураняты. Кураня прадаецца ў частках», — кажа яна.

Па словах Алены, яна карыстаецца зніжкамі, але спецыяльна па іх у краму не ходзіць.

«Зразумела, што ёсць зніжкі, але ці сапраўдныя яны? Не ведаю. Калі ёсць нешта на зніжцы, што мне трэба, бяру. Няма на зніжцы, але трэба — таксама бяру, — кажа яна. — Але тое, што кошты выраслі, гэта дакладна. Бярэш якія-небудзь 50 рублёў, а на іх ужо столькі не купіш, як раней купляў. На прадукты выдаткоўваю больш за палову зарплаты. Колькі гэта дакладна ў працэнтах, не ведаю. Але ідзе шмат грошай».

Сярэдні заробак у Беларусі за кастрычнік склаў 1479 рублёў «бруднымі». Між тым, паводле звестак Белстата, выдаткі на прадукты харчавання беларусаў складаюць у сярэднім 39% ад даходаў.

Масква. «Купляю прадукты ў розных месцах, каб сэканоміць і не пераплачваць»

Алёне 33 гады, яна беларуска і вось ужо дзевяць гадоў жыве ў Маскве і працуе на радыё. Яны жывуць разам з мужам. І, як правіла, у месяц на ежу трацяць каля 20-30 тысяч расійскіх рублёў, то-бок прыкладна 690-1035 рублёў.

«У нас даволі тыповы прадуктовы кошык, як ва ўсіх: курыца, гародніна, садавіна, мучное і гэтак далей. Праўда, мы не купляем чырвонае мяса. — кажа Алёна. — Чырвоную ікру, вядома, мы не ядзім лыжкамі, але ў прадуктах сябе не абмяжоўваем. Я люблю якасную гародніну, таму купляю на рынку. Яна таннейшая там і смачнейшая».

Звычайна Алёна ходзіць па розныя прадукты ў розныя крамы, каб не пераплачваць. Кажа, не можа сабе дазволіць закупляцца толькі ў адным месцы.

«Я ў краму хаджу кожны дзень, але пытанне ў маштабах закупак. Мужу часта гатую ежу з сабой на працу. Таму нейкія дробныя тавары дакупляю», — гаворыць яна.

Па словах Алёны, нават нягледзячы на зніжкі, кошты на прадукты ў Маскве апошнім часам адчувальна выраслі.

«Не думаю, што ў зніжках ёсць вялікі сэнс. Самая ў нас дрэнная крама ў Маскве — «Дыксі». Шмат пратэрмінаваных і сумнеўных прадуктаў. Дарагая крама — «Азбука вкуса». Лічу, што крама вельмі пераацэненая. Самыя хадавыя прадукты там каштуюць значна даражэй. Нацэнка за статуснасць. Мне вось падабаецца хадзіць у «Ашан». Але якасны сыр у нас усюды дорага каштуе. Рыба белая і чырвоная таксама, добры алей — гэта ўсё нятанна. Карысныя прадукты ў прынцыпе дарагія».

Сярэдняя налічаная зарплата ў Расіі ў верасні складала 54 687 расійскіх рублёў, ці 1892 беларускія. Па звестках vedomosti.ru, амаль траціна выдаткаў расіян — 29,7% — прыпадае на прадукты харчавання.

Кіеў. «Калі кожны дзень абедаць у сталовай, то за месяц атрымаецца каля 150 даляраў»

Аляксандр жыве ў Кіеве і працуе дыстанцыйна ў міжнароднай IT-кампаніі. Хлопец нядаўна скончыў ВНУ, забраў дыплом і вырашыў з’ехаць з Беларусі. У прадуктовых крамах Аляксандр бывае некалькі разоў на тыдзень, часцей заходзіць у кавярні.

«У Кіеве шмат дзе можна паесці, і гэта танна. Нават танней, чым купляць прадукты ў краме. На суп трэба мяса, бульба, морква. А тут можна за 30 грыўняў (каля 2,8 беларускага рубля, — заўв. «НН») купіць гатовы суп. І кожны дзень хадзіць, і ён будзе розны», — кажа малады чалавек.

Калі ўсё ж Аляксандр заходзіць у краму, то набывае самае неабходнае і паўфабрыкаты, каб пры патрэбе хутка паесці.

«Харчуюся гранолай, малаком, купляю яйкі, кашы, макароны, рыс. Запякаю курыцу, усялякія сасіскі, люблю рыбу — усё гэта неяк камбінуецца, — адзначае ён. — Шмат чаго купляю гатовага ў краме.

Акцыі і карты ёсць, але зніжкавыя, назапашвальныя карты збольшага электронныя. Колькі я трачу на прадукты ў месяц, вельмі складана сказаць, але мне майго заробку хапае, і нават яшчэ застаецца. Калі кожны дзень абедаць у сталовай, то за месяц атрымаецца каля 150 даляраў».

Ва Украіне сярэдні налічаны заробак за кастрычнік склаў 14 045 грыўняў, ці 1313 рублёў. Згодна з інфармацыяй economy.24tv.ua, выдаткі на прадукты харчавання ўкраінцаў складаюць 39,5% ад даходаў.

Варшава. «Цэны на адным узроўні з беларускімі, але ёсць прадукты, якія трохі таннейшыя»

Іллі 22 гады, ён пераехаў у Варшаву летам 2021га. Хлопец скончыў у Мінску БДУ і пасля гэтага вырашыў ісці ў магістратуру, але ўжо не ў Беларусі.

Звычайна Ілля харчуецца ўсухамятку, як і ўсе студэнты. Таму ў супермаркет каля дома заходзіць досыць часта. Хлопец кажа, што звычайна карыстаецца зніжкавымі картамі: мае карты ледзь не кожнага супермаркета.

«У іх добрая сістэма назапашвання. Потым гэтымі бонусамі можна расплачвацца. Зніжкі бываюць дастаткова часта, ледзь не кожны тыдзень, — расказвае малады чалавек. — Распаўсюджаная акцыя «два па цане аднаго», тады зніжкі вагаюцца ў межах ад 10% да 70%».

«На прадукты ў мяне ідзе у месяц прыкладна 250 даляраў, ці 615 беларускіх рублёў, — кажа Ілля. — Гэта з тым улікам, што я сабе наогул ні ў чым не адмаўляю. Абедаць я хаджу ў сталовыя, кавярні. Звычайна трачу 4 даляры, ці каля 10 беларускіх рублёў. Цалкам даступны кошт.

У краме купляю мяса, макароны, кашы, малако. Сёння ў мяне ў кошыку цыбуля за 1,69 злотага за кілаграм, цукар за 2,48 злотага за кілаграм, грэчка за 4 злотыя за 400 грамаў, хлеб за 3,5 злотага за 500 грамаў».

У Польшчы на канец другога квартала сярэдняя зарплата склала 5505 злотых, або 3633 беларускія рублі. Па звестках anothercitizenship.com, на пакупку прадуктаў у паляка сыходзіць каля 30% ад заробку.

Літва. «За адзін паход у краму трачу каля 10 еўра»

Глеб таксама студэнт. Ён жыве і вучыцца ў Вільні, а ў Беларусі вучыўся ў БДУ. Кажа, што пакуль вяртацца не збіраецца.

Прадуктовая крама знаходзіцца побач з домам Глеба. Калі хлопец толькі прыехаў, перш за ўсё ён вырашыў пайсці ў супермаркет і паглядзець на еўрапейскія кошты.

«Трачу на прадукты прыкладна 150 еўра ў месяц, — расказвае ён. — Купляю гародніну, садавіну, паўфабрыкаты, бліны, цэпеліны. На сняданак у мяне звычайна мюслі ці кашы. Па адчуваннях, кошты на ўзроўні беларускіх. Вось, напрыклад, 400-500 грамаў курынага філе каштуе 2,44 еўра. Гэта 6,89 беларускага рубля.

За адзін паход у краму трачу каля 10 еўра, хаджу некалькі разоў на тыдзень. На мой погляд, нейкай розніцы, дзе купляць ежу, няма. У нейкай краме можа быць зніжка, а ў нейкай не, але тут трэба мець час, каб гэта адсочваць», — кажа ён.

Сярэдні заробак ў Літве ў другім квартале 2021 года быў 1566 еўра да выплаты падаткаў, або 4425 беларускіх рублёў. Baltnews паведамляў, што літоўцы трацяць на прадукты харчавання каля 31,5% даходаў.

Латвія. «Можна купіць ласося па 4 еўра або гранат за 19 цэнтаў за кіло»

Жэні 33 гады. Яна жыве ў Рызе разам з мужам і сабакам. У Латвіі яна з красавіка гэтага года. Па спецыяльнасці яны праграмісты.

Што тычыцца трат на прадукты, то дзяўчына адзначае: амаль адразу зразумела, што ў Латвіі можна жыць вельмі эканомна, калі хадзіць у гіпермаркеты.

«У Рызе ёсць некалькі танных гіпераў, у якіх усе закупляюцца. Мы жывём у цэнтры, таму ў крамы каля дома не ходзім — там цэны ў разы вышэйшыя, чым у гіперах і на ўскраіне, — гаворыць дзяўчына. — Калі я кажу ў разы, я маю на ўвазе ў разы: у сярэднім у 2,5 раза. У гіперах тавары на зніжках разбіраюць за паўдня, таму што тут яны сапраўдныя: 50-25%. Можна купіць ласося па 4 еўра за кіло або гранат за 19 цэнтаў за кіло. А праз тыдзень ласось будзе па 10 еўра, а гранат — па 2».

Таксама дзяўчына карыстаецца і зніжкавымі картамі з праграмамі назапашвання бонусаў. Па іх, кажа беларуска, можна эканоміць каля 10%. Так, на харчаванне ў Рызе сям’я траціць каля 350 еўра за месяц, ці 1010 рублёў.

«Пры гэтым не магу сказаць, што мы ў чымсьці сабе адмаўляем. Ядзім тое ж, што елі ў Беларусі, трацім на ежу прыкладна столькі ж. Толькі на цэны глядзім, а ў Беларусі амаль не глядзелі, — расказвае Жэня. — У астатнім няма розніцы. Мы мяса не ядзім, наш рацыён — рыба, гародніна, садавіна, малочка, макароны, кандытарскія вырабы. У Латвіі ў параўнанні з Беларуссю вельмі дарагая стаматалогія. Камуналка і грамадскі транспарт. А па ежы асаблівай розніцы няма».

Сярэдні заробак у Латвіі на канец трэцяга квартала складаў 1143 еўра ў месяц да выплаты падаткаў, або 3299 рублёў. Baltnews паведамляе: сярэднестатыстычны латвіец з такім заробкам траціць на прадукты 23,3% ад свайго даходу.

Дзе танней? Параўноўваем кошты з крамаў, куды ходзяць нашы героі

Мы папрасілі герояў нашага матэрыялу пафатаграфаваць цэны ў крамах, куды яны заўжды заходзяць. Перавялі цэны ў беларускія рублі па актуальным курсе і супаставілі ў вялікай табліцы.

Прадукт Цэны ў розных гарадах (беларускія рублі)
Варшава Вільня Рыга Кіеў Масква Мінск
Бананы, 1 кг 3,04 2,80 2,80 2,39 2,23 3,29
Бульба, 1 кг 1,82 1,13 0,54 0,66 1,71 1,40
Курынае філе, 1 кг 10,88 13,78 16,17 11,08 12,68 8,99
Макарона, пачак 4,86 3,62 5,65 3,32 3,43 2,75
Мука, 1 кг 1,15 4,49 2,83 1,62 3,43 2,32
Свініна, 1 кг 15,2 21,13 9,86 10,7 12,68 8,99
Яблыкі, 1 кг 2,12 2,23 1,10 1,85 3,43 1,95
Яйка, 10 шт. 4,56 6,49 2,83 3,19 2,74 3,01
Малако, 1 л 1,52 2,80 1,13 3,07 2,91 2,07
Чыпсы, пачак 2,00 5,62 2,83 4,61 2,60 4,19
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0