Што трэба ведаць пра суд?

Пасля трагедыі пяць краін — Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна — стварылі сумесную Міжнародную следчую групу. Эксперты прыйшлі да высновы, што грамадзянскі самалёт збіла вайсковая ракета, выпушчаная з ракетна-зенітнага комплексу «Бук», сам комплекс знаходзіўся на тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам. Следчыя сцвярджаюць, што «Бук» трапіў на тэрыторыю Украіны з расійскай брыгады супрацьпаветранай абароны, што знаходзіцца пад Курскам, і хутка пасля трагедыі комплекс перавезлі ў Расію. 

Працэс, які пачаўся ў сакавіку 2020-га, разглядае суд Гаагі, але яго не варта блытаць з Міжнародным судом ААН. Некалькі краін, грамадзяне якіх загінулі ў авіякатастрофе, патрабавалі прызначыць міжнародны трыбунал. Але Расія заблакавала гэту ініцыятыву ў Савеце бяспекі ААН, скарыстаўшыся сваім правам вета.

Тады ўлады Нідэрландаў прапанавалі правесці працэс па сваім нацыянальным заканадаўстве, паколькі большасць загінулых (193 чалавекі) — грамадзяне гэтай краіны, апроч таго, міжнароднае расследаванне праводзілася пад кіраўніцтвам нідэрландскай пракуратуры і паліцыі.

Пракуратура Нідэрландаў даказвае, што датычныя да гэтага чатыры прарасійскія баевікі. Гэта адстаўны палкоўнік ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), які кіраваў узброенымі атрадамі сепаратыстаў на Усходзе Украіны і ягоныя падначаленыя: афіцэр ГРУ арміі Расіі ў адстаўцы Сяргей Дубінскі, падпалкоўнік запасу паветрана-дэсантных войскаў Алег Пулатаў і камандзір разведпадраздзялення ГРУ непрызнанай ДНР Леанід Харчанка. Апошні — адзіны грамадзянін Украіны, астатнія — грамадзяне Расіі.

З іх у судзе ўдзельнічае толькі Пулатаў, і тое праз свайго адваката. Такім чынам, лава падсудных пустая. Следства цягнулася больш за пяць гадоў, судовы працэс, па ацэнках юрыстаў, можа цягнуцца да канца 2022 года. 

Па версіі следства, Гіркін і астатнія абвінавачаныя спрыялі пастаўцы «Бука» на тэрыторыю Данецка і каардынавалі дзеянні комплексу. І хоць яны самі не націскалі кнопку запуску ракеты, законы Нідэрландаў дазваляюць прыцягнуць іх да адказнасці, паколькі яны сваімі дзеяннямі сыгралі «ключавую ролю ў забойстве 298 чалавек», як адзначаў кіраўнік нацыянальнай паліцыі, ён жа ўваходзіў у склад міжнароднай следчай групы.

Абвінавачванні вайскоўцам расійскай брыгады, якія верагодна кіравалі пускам, не выстаўленыя, паколькі супраць іх няма дастаткова доказаў. 

«Наша будучыня разбураная, мы атрымалі пажыццёвае пакаранне»

У судзе заслухалі паказанні пацярпелых — сваякоў загінулых пасажыраў.

«17 ліпеня 2014 год — гэта дзень, калі была вырваная частка майго сэрца, — заявіў у судзе Роб Фрыдрыхс, яго сын Брайс загінуў. — Часта кажуць, што мужчына не павінен плакаць. Я выў, я крычаў, у мяне была істэрыка.

У мяне забралі майго адзінага сына і ягоную сяброўку Дэйзі, іх збілі ў небе ракетай «Бук». Канікулы мары сталі кашмарам. Яны трапілі на вайну, да якой не мелі ніякага дачынення. Будучыня нашай сям’і разбураная, мы атрымалі пажыццёвы прысуд. 

Брайс быў клапатлівым сынам. Ён быў закаханы ў Дэйзі, і калі ў яе былі праблемы, ён мог яе суцешыць. Ён заўсёды быў побач. У іх была цудоўная якасць — яны заўсёды станавіліся на абарону слабых. Яны жылі для сям’і і для сяброў.

Кожны дзень нараджэння Брайса мы ладзілі барбекю, кожны год усе сябры збіраліся разам. Калі я думаю пра гэта, я зноў у думках вяртаюся ў той час. У мяне перахоплівае дыханне, сэрца замірае. Мяне разрываюць эмоцыі, злосць, я дрэнна сплю, у мяне праблемы з памяццю і канцэнтрацыяй. Боль страты становіцца ўсё мацнейшым. Я не магу больш нармальна жыць. 

Кожны раз, калі я бачу ў небе самалёт, у мяне ўзнікае пачуццё страху — яго не саб’юць? Пакуль я буду жыць, маё сэрца будзе аблівацца крывёю. Але я спадзяюся на сумленны прысуд.

Больш за ўсё мяне расстройвае, што тыя, хто гэта зрабіў, не хочуць прынесці прабачэнні. Яны ўсё адмаўляюць. Ніхто з іх не задумваецца пра пачуцці і боль сваякоў. Гэта баязлівыя забойцы без сумлення. Яны працягваюць хлусіць. І самае балючае, што яны адмаўляюць сваю адказнасць.

Мне даслалі часткі цела Брайса і Дэйзі. Гэта мая рэальнасць. Яны ўсведамляюць, на што асудзілі родных, у тым ліку мяне і маю сям’ю? Вайна заўсёды жорсткая, але наступствы гэтага масавага забойства для мяне і маіх блізкіх апісаць немагчыма. Такога я не пажадаю найгоршаму ворагу.

Невыносна ўсведамляць, што, нягледзячы на тое што будзе вынесены прысуд, злачынцы працягнуць спакойна жыць, не панясуць пакарання, а мы застанёмся з нашай стратай і болем». 

Маці Брайса Фрыдрыхса прыйшла ў суд з урнай, у якой знаходзіцца прах яе сына і яго дзяўчыны. Жанчына патлумачыла, што хацела, каб яны таксама прысутнічалі на працэсе. Брайс і Дэйзі сядзелі ў самалёце на месцах 17 D і E — побач узарвалася ракета. 

«Я бачу дзяцей паўсюль. Да гэтага часу чакаю, што яны вярнуцца дадому, — заявіла Селена Фрыдрыхс у судзе. — Кожны раз, калі бачу ў горадзе дзяўчыну з чорнымі валасамі, углядаюся: можа, гэта Дэйзі? Кожны раз, калі бачу высокага хлопца ў бейсболцы, углядаюся: можа, гэта Брайс? Я працягваю іх шукаць, заўсёды і паўсюль. 

Я была вельмі рада, калі стала вядома, што пачнецца судовы працэс. Я была рада, што абвінавачванне выстаўлена менавіта ў забойстве. Доказы пракуратуры я лічу пераканаўчымі. Калі я даведаюся, хто націснуў кнопку, хто аддаў загад запусціць ракету, я знайду спакой. Пакаранне вінаватых менш важна для мяне. Калі злачынцы будуць жыць дастаткова доўга, я спадзяюся, сумленне іх дагоніць.

Можа быць, з-за таго, што яны зрабілі, яны не змогуць спакойна спаць. Можа быць, Пуцін ці Крэмль калі-небудзь скажа: «Прабачце, мы вінаватыя». Можа быць, калі-небудзь. Хутчэй за ўсё — ніколі. Мы атрымалі пажыццёвае пакаранне». 

«Цяжка для бацькі рабіць труну для свайго дзіця»

Джойс Бай была адной з загінулых на борце MH17. Яе родныя вельмі чакаюць справядлівага прысуду па справе.

«Джойс была маім першынцам. Яна нарадзілася ў нядзелю. Кажуць, што нарадзіцца ў нядзелю — да поспеху. І сапраўды, у яе было шчаслівае жыццё. Яна без праблем скончыла школу, а потым факультэт псіхалогіі. Яна была вельмі камунікабельнай і адкрытай. Заводзіла сяброў усюды, куды б ні паехала, — расказаў у судзе яе бацька Яба Бай. — Я быў у Бельгіі і ў вячэрніх навінах пачуў, што рэйс МН17 пацярпеў крушэнне над Украінай.

Я адразу адчуў горшае, бо ведаў, што яна была на гэтым самалёце. Мы размаўлялі з ёй па тэлефоне, спачатку калі яна рэгістравалася на рэйс, і потым, ужо ў самалёце, калі размяшчала свой багаж на паліцы над сядзеннем. Праз пяць хвілін я атрымаў сумнае пацверджанне, што гэта сапраўды быў яе самалёт.

Чаканне ў невядомасці было вельмі балючым. Калі пачалі вяртаць целы самалётамі, мы кожны дзень ездзілі ў аэрапорт Эйндховена, бо не ведалі, у якой труне можа быць яе цела. Толькі праз пяць тыдняў мы атрымалі паведамленне, што яе ідэнтыфікавалі. 

Тады мы пачалі рыхтавацца да пахавання. Мая малодшая дачка — графічны дызайнер, і яна зрабіла дызайн труны, а я яе збіў.

Вельмі цяжка для бацькі рабіць труну для свайго дзіця. Але гэта было апошняе, што я мог зрабіць для яе.

Кожны дзень я думаю пра яе і пра тое, якім магло быць яе жыццё, калі б яго не забралі такім жорсткім спосабам. Балюча думаць аб апошніх момантах агоніі, калі яна і іншыя пасажыры зразумелі, што іх самалёт распадаецца на часткі і ім не выратавацца. Балюча ўсведамляць, што амаль 300 чалавек, якія знаходзіліся на борце авіялайнера, пакінулі пасля сябе столькі ж людзей у горы, як і мая дачка.

Мне балюча, калі прэзідэнт вялікай краіны, якая пастаўляла зброю, паводзіць сябе, нібыта нічога не адбылося, нібыта гэта ўсё няпраўда. Я думаю, як бы ён сябе адчуваў, калі б на борце была ягоная дачка».

«Бяспекі больш няма»

Астрыд і Луіз Кроўн страцілі ў катастрофе бацькоў. Маці было 52 гады, бацьку — 57. Яны любілі вандраваць, мелі бізнэс — магазіны оптыкі, якія былі адначасова грамадскімі цэнтрамі, дзе можна было сустрэцца з сябрамі і выпіць каву за размовай. 

«Раптам ты застаешся сама па сабе, з малодшай сястрой, — адзначыла Астрыд. Ёй давялося прадаць бізнэс сям’і і пакінуць іх родны дом. — Усё становіцца складаным. Мая аснова пахіснулася з-за неверагодна жорсткага злачынства. У адзін момант, адным махам.

Як цяпер жыць свабодна, калі магчыма, каб у небе збілі грамадзянскі самалёт? Як грамадзянін Нідэрландаў ты можаш проста стаць ахвярай масавага забойства ў вайне на мяжы Еўропы… Больш няма ніякай бяспекі».

У пачатку працэсу ў судзе зачыталі імёны ўсіх 298 ахвяраў. Тры тыдні іх сваякі распавядалі, як перажываюць гэта гора. 

«Вы дазволілі ўсім убачыць іх сэрцы і душы, — падсумаваў суддзя Хэйндрык Стэйнгаюс. — Каб зрабіць такое, патрэбная смеласць. Але гэта таксама азначае, што ёсць патрэба дзяліцца такімі гісторыямі. Суд удзячны за тое, што цяпер мае больш поўнае ўяўленне аб людзях, якіх вы страцілі».

Працэс працягваецца, суд перайшоў да вывучэння позваў аб кампенсацыі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0