У новым памяшканні 11 выставачных залаў. Яно ў пяць разоў большае за ранейшы музей Мунка, які працаваў у Осла з 1963 года. У новай установе будзе захоўвацца самая вялікая ў свеце калекцыя работ мастака, у тым ліку тры версіі яго знакамітай карціны «Крык». Акрамя твораў Мунка тут будуць паказваць палотны аўтараў, на якіх паўплывала яго творчасць.

Верхняя частка будынка нахіленая ў бок гістарычнага цэнтра Осла, што, паводле задумы стваральнікаў, сімвалізуе прывітанне. Збудаванне ўзвышаецца над оперным тэатрам, бібліятэкай і жылымі дамамі — усё гэта было пабудавана ў апошнія гады ў рамках праекта рэканструкцыі горада. 

Вестыбюль музея падзелены на дзве часткі: адна адведзена пад гандлёвыя плошчы, другая прызначана для адпачынку наведвальнікаў і правядзення мерапрыемстваў. Тут будуць праходзіць канцэрты, лекцыі і майстар-класы. На верхнім паверсе размешчаны рэстаран і назіральная пляцоўка з відам на горад.

У 2018-м Музей Мунка выклаў у адкрыты доступ анлайн-архіў графікі мастака. Калекцыя налічвае каля 7,6 тысячы работ і ўключае ў сябе дзіцячыя малюнкі, кніжныя ілюстрацыі, карыкатуры і накіды, выкананыя Мункам у розныя гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0