Алесь Шупо (злева) і Станіслаў Нікановіч. Фота: асабісты архіў.

Алесь Шупо (злева) і Станіслаў Нікановіч. Фота: асабісты архіў.

Усё пачалося з Алеся Шупо. Мінчуку 35 год. Ен памочнік кіраўніка кампаніі, якая працуе ў сферы сельскай гаспадаркі, але без сацыяльнай актыўнасці і дабрачынных праектаў па дапамозе беларусам хлопец сябе не ўяўляе.

У вольны ад працы і спорту час Алесь часцяком становіцца валанцёрам самых розных праектаў. Гэта з яго дапамогай на Нямізе ў Мінску з’явіўся класны мурал, у горадзе праходзілі дабрачынныя забегі, а дзеткі з анказахворваннямі атрымлівалі падтрымку.

Станіслаў Нікановіч — увогуле сапраўдная зорка. Гэты хлопец з Мінска настолькі філігранна і таленавіта стварае маленькія фігуркі людзей з гліны, што копіямі гліняных сябе сёння ганарацца сотні людзей па ўсім свеце, нават у Афрыцы. У тым ліку Джоні Дэп, Рычард Брэнсан, Барыс Грабеншчынкоў, Уладзімір Познер, Сяргей Міхалок, Дзіма Білан.

«Сапраўды змагу лічыць: хоць і сімвалічна, але ў космасе я ўсе ж пабываў»

«Для мяне космас заўсёды быў чымсьці неверагодным, — прызнаецца Алесь. — Часцяком марыў: вось бы да гэтага космасу хоць неяк дакрануцца. А потым даведаўся, што існуюць палёты на стратастатах. І што сёння яны нават выступаюць альтэрнатывай спадарожнікаў».

Неяк Алесь дазнаўся, што два хлопцы з Расіі ў адказ на запуск у космас кабрыялета Ілана Маска пабудавалі ўласны стратастат і адправілі на ім у блізкі космас фігурку кіраўніка Раскосмаса Рагозіна на вішнёвай сямёрцы. Пра гэта тады нават Ілан Маск даведаўся і асабіста пракаментаваў гэтую навіну.

«Шмат часу шукаў гэтых хлопцаў — і знайшоў. Гэта былі Мікіта Чабан і Марк Рудакоў, — кажа хлопец. — Абодва — неверагодна разумныя і таленавітыя навукоўцы, якія дагэтуль ужо змаглі запусціць у космас піцу, мадэлі машынак і шмат яшчэ якіх прадметаў.

Я быў знаёмы са Станіславам Нікановічам і падумаў: а што, калі запусціць у космас маю ж фігурку, якую зробіць Стась? Тады ж я сапраўды змагу лічыць: хоць і сімвалічна, але ў космасе я ўсе ж пабываў».

Так нарадзіўся сапраўдны касмічны праект, які хлопцы прыдумалі зрабіць яшчэ і дабрачынным.

«Мы падумалі, што ўсю гэтую гісторыю можна ператварыць у NFT-токен — (гэта такі ўнікальны лічбавы аб’ект, яго копій не існуе), які для шматлікіх калекцыянераў у свеце можа мець вялікую каштоўнасць.

Многія такія NFT-токены выстаўляюць на платформе ОреnЅеа. Там у фармаце аўкцыёну прадаюць свае працы тысячы творчых людзей з усяго свету. У тым ліку і наш беларускі мастак Уладзімір Цэслер. Усе грошы ў выпадку поспеху мы вырашылі аддаць на дабрачыннасць».

Як распавёў нам Алесь, увасобіць ідэю было не так ужо і проста.

«Фігуркі Станіслава Нікановіча — гэта заўсёды шэдэўры. Каб іх зрабіць, часам майстру патрабуецца некалькі месяцаў. А тут Стасю прыйшлося вырабляць яшчэ і такую фігурку, якая б змагла вытрымаць палёт у космас.

Шчыра кажучы, спачатку мы планавалі запусціць дзве фігуркі, але гэта аказалася занадта складаным. Вырашылі адну. Нават дзеля гэтага хлопцам-навукоўцам прыйшлося зрабіць вельмі шмат разлікаў: фігурка павінна была адпавядаць усім зададзеным параметрам. У выніку яе давялося рабіць з пустотамі ўнутры, каб прыбіраць лішнюю вагу».

«Мая фігурка пабывала ў стратасферы на вышыні 34 км ад паверхні Зямлі і вярнулася назад»

Але і гэта яшчэ не ўсё. Для палёту ў космас трэба было збудаваць стратастат. 23-гадовы Мікіта Чабан і 22-гадовы Марк Рудакоў патрацілі на гэта больш за год. Іх сумесны праект ToSky працуе ў рамках студэнцкага бізнэс-інкубатара.

Хлопцы самі збіраюць і запускаюць у космас аэрастаты. Так маладыя навукоўцы спрабуюць ажывіць галіну аэрастатаў у краінах СНД, дзе запускі аўтаматычна дрэйфуючых аэрастатаў не здзяйсняюцца з 2013 года. З іх дапамогай можна праводзіць кліматычны маніторынг, вывучэнне раставання леднікоў, запуск спадарожнікаў…

«Калі казаць, што космас нас натхняе — значыць не казаць нічога, — дзеляцца хлопцы. — На ракеце ў космас мы пакуль наўрад ці паляцім, а вось на аэрастаце, калі дарасцём да жаданага ўзроўню, напэўна, зможам».

Як распавялі маладыя навукоўцы, дагэтуль іх аэрастаты падымаліся ў космас максімум на 20 км над Зямлёй. Фігурку ж Алеся вырашылі запусціць вышэй чым на 30 км. Дзеля гэтага трэба было правесці шмат даследаванняў і выпрабаванняў.

«Стратастат (аэрастат для палётаў у стратасферу, то-бок на вышыню больш за 11 км — заўв. «НН») — гэта такі вялікі шар з геліем і парашутам, які прасцей за ўсё запусціць у космас, — тлумачыць Мікіта. — Гэты апарат можа падымацца да таго часу, пакуль у яго абалонцы не скончыцца вольнае месца для газу.

З наборам вышыні газ пашыраецца, і абалонка можа разарвацца. Каб гэтага не адбылося, мы выкарыстоўвалі дрэйфуючыя абалонкі, здольныя выпускаць лішкі газу і завісаць на вышыні».

Каб палёт фігуркі Алеся ў космас можна было назіраць на відэа, навукоўцы ўсталявалі на зонд камеру. А каб знайсці яго пасля прызямлення, вырашылі ўсталяваць на стратастат спадарожнікавы трэкер.

«І вось гэты дзень настаў, — з захапленнем успамінае Алесь. — Усе вельмі хваляваліся, але ўсё атрымалася. Мая фігурка пабывала ў стратасферы на вышыні 34 км ад паверхні Зямлі і вярнулася назад усяго за паўтары гадзіны.

Тэмпература, якую зафіксавалі датчыкі стратастата на максімальнай вышыні склала −70°. Паветра на гэтай вышыні застаецца ўсяго 0,25%. Атрымліваецца, самалёты туды не далятаюць, а я даляцеў (усміхаецца). Калі пра гэта даведаліся родныя, яны маглі вымавіць толькі: «Ваў, нічога сабе!»

Дарэчы, каб палёт «глінянага Алеся» ў космас адбыўся, яго давялося ўзгадніць з мясцовым занальным цэнтрам у Томску, бо паветранай прасторай карыстаюцца ж яшчэ і самалёты.

Як і задумвалі з самага пачатку, гісторыю з палётам Алеся ў космас хлопцы аблічбавалі ў NFT-токен і выставілі на аўкцыён у ОреnЅеа. Пакуль што яго ніхто не набыў, але, мяркуючы па яе відовішчнасці, пакупнік знойдзецца ўжо хутка. На відэа можна бачыць, як стылёвая фігурка Алеся аўтарства Станіслава Нікановіча развітваецца з Зямлёй і, весела боўтаючы галавой, высока-высока падымаецца.

Унізе застаецца рэльефны зямны шарык у абдымках аблокаў і прамянёў сонца. Стартавая цана гісторыі касмічнага палёту Алеся складае крыху больш за 1200 долараў. Усе атрыманыя грошы ў выпадку продажу токена хлопцы, як і абяцалі, ахвяруюць на дабрачыннасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0