Фота: Уладзімір Радыёнаў / РИА Новости.

Фота: Уладзімір Радыёнаў / РИА Новости.

Мне тады быў 31 год. Я быў простым хлопцам з Магілёўшчыны, паспеў скончыць Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і адслужыць два гады ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. А пасля працаваў брыгадзірам наладчыкаў станкоў на Гомельскім радыёзаводзе, які ў той час працаваў на патрэбы абароны.

Абралі мяне брыгадзірам па волі калектыву, якая ва ўмовах перабудовы ўжо пачынала быць больш важнай, чым жаданне начальства. Нешта мяняць на прадпрыемстве мы пачалі з увядзення справядлівасці ў размеркаванні прэмій і сацыяльных даброт: кватэр, аўтамабіляў, пуцёвак на адпачынак і падобнага. Гэта здавалася важным і актуальным.

У другой палове 1980-х гадоў разам з лозунгамі абранага ў сакавіку 1985-га генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова пра паскарэнне, галоснасць і перабудову ў жыццё заводскіх калектываў усяго Савецкага Саюза прыйшла карпаратыўная дэмакратыя. Прыняты ў 1987 годзе закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве» ўзмацніў самакіраванне: раней фактычна бяспраўныя рабочыя пачалі ўплываць на эканамічныя рашэнні і прызначэнне кіраўнікоў.

Перабудова, галоснасць, паскарэнне — ключавыя напрамкі курсу рэформаў у СССР, ініцыяванага генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым. Неабходнасць паскарэння ў эканоміцы дыктавалася застоем і нарастаннем тэхналагічнага адставання ад краін Захаду. Па сутнасці, лозунг пра паскарэнне быў прызнаннем гэтага адставання і меў на мэце мадэрнізацыю, хоць меры па яе правядзенні прымаліся, як было заўсёды і раней, выключна адміністрацыйныя. 
Асноўнай мэтай галоснасці было звярнуць увагу на недахопы гаспадарчай сістэмы, але практычна адразу ж лозунг сарваў літаральна ўсе інфармацыйныя табу: сталі гучна гаварыць і пра палітычныя злачынствы, і пра экалагічныя катастрофы, і пра іншыя вострыя праблемы, якія раней замоўчваліся. 
Перабудова была афіцыйна абвешчана новым дзяржаўным курсам 27 студзеня 1987 года. Гэта была кардынальная рэформа — не толькі гаспадарчая, але ўсёй сістэмы, у тым ліку палітычнай.

«Рабочае самакіраванне» югаслаўскага ўзору пры Брэжневе лічылася небяспечным «рэвізіянізмам». А Гарбачоў паспрабаваў увесці яго элементы для ціску знізу на наменклатуру, якая супраціўлялася яго спробам рэфармаваць сістэму, што пагражала абваліцца ў кожны момант. Вярхі, Гарбачоў тое бачылі, нізы, наменклатура ў рэгіёнах поўнай карціны не мелі.

Зрэшты, каб аб’ектыўна ацаніць тагачасныя дасягненні і перспектывы СССР, не трэба было разбірацца ў такіх нюансах, як узровень інфляцыі ці эфектыўнасць вытворчасці. Дастаткова згадаць пра адно: хоць Гомель ніколі не быў захалусцем, а Беларусь лічылася адной з самых паспяховых і заможных рэспублік Саюза, каўбасу са смакам заляжалага сала можна было ў горадзе набыць толькі ў крамах кааператыўнага гандлю па падвоеных цэнах, мяса ў крамах з’яўлялася час ад часу, а каб купіць тэлевізар ці аўтамабіль, трэба было чакаць гадамі.

Адзін з дэмакратычных мітынгаў часоў перабудовы на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці) у Мінску. Фота: архіў аўтара

Адзін з дэмакратычных мітынгаў часоў перабудовы на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці) у Мінску. Фота: архіў аўтара

Увогуле, запыт на рэформы сістэмы тады быў відавочны, ледзь не ўсеагульны, хоць, як засведчыў час, розныя людзі разумелі пад неабходнымі пераменамі нешта сваё. І не заўсёды гэтае сваё адпавядала чаканням іншых людзей. 

Чэргі па газеты

Акрамя попыту на спажывецкія тавары, якіх усім не хапала, існавала тады і неймаверная прага да праўдзівай інфармацыі. Паколькі інтэрнэту яшчэ не было, асноўныя навіны людзі даведваліся праз тэлебачанне, радыё і газеты. Накладаў папулярных выданняў, рэдакцыі якіх актыўна ўключыліся ў працэс перабудовы — «Крыніца», «Аргументы и факты», «Літаратура і мастацтва», «Московские новости», «Огонёк», «Знамя юности», — не хапала. Каб на іх падпісацца, цягнулі жэрабя, каля газетных шапікаў стаялі чэргі, а здабытымі газетамі і часопісамі абменьваліся паміж сабой. Такая сітуацыя ўзнікала з-за савецкай зарэгуляванасці ўсяго, што можна: нават наклады выданняў вызначаліся не рэальным попытам на іх, а партыйнымі пастановамі.

Пісьменнік Алесь Адамовіч, навуковец Іван Нікітчанка і іншыя пісалі пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася ў 1986 годзе. Гэта была вялізная бяда для Беларусі і Украіны. Але і ў іншых рэгіёнах Савецкага Саюза былі свае «чарнобылі»: перасыхала Аральскае мора, знікалі малыя народы, іскрылі міжэтнічныя і міжрэлігійныя канфлікты.

Аральскае мора — былое бяссцёкавае возера на мяжы Казахстана і Узбекістана, некалі чацвёртае па велічыні ў свеце. Праз выкарыстанне для арашэння водаў рэк, што сілкавалі яго, у 1989 годзе возера распалася на два вадаёмы. Да нашага часу паўднёвая частка мора высахла, паўночную яшчэ намагаюцца ўратаваць. Праблема перасыхання Аральскага мора паднятая ў знятым у 1988 годзе культавым фільме казахстанскага рэжысёра Рашыда Нугманава «Ігла» з удзелам у якасці выканаўцы адной з галоўных роляў спевака Віктара Цоя. Фота: KINOPOISK.RU

Аральскае мора — былое бяссцёкавае возера на мяжы Казахстана і Узбекістана, некалі чацвёртае па велічыні ў свеце. Праз выкарыстанне для арашэння водаў рэк, што сілкавалі яго, у 1989 годзе возера распалася на два вадаёмы. Да нашага часу паўднёвая частка мора высахла, паўночную яшчэ намагаюцца ўратаваць. 
Праблема перасыхання Аральскага мора паднятая ў знятым у 1988 годзе культавым фільме казахстанскага рэжысёра Рашыда Нугманава «Ігла» з удзелам у якасці выканаўцы адной з галоўных роляў спевака Віктара Цоя. Фота: KINOPOISK.RU

Беларуская партнаменклатура адзначалася вялікай кансерватыўнасцю, ад галоснасці яна актыўна адбівалася. І часта з-за неразумення і неўспрымання новых павеваў трапляла ў недарэчныя сітуацыі. Незадаволенасць народа расла, а ў газеце «Правда» тым часам выйшаў хвалебны артыкул у падтрымку першага сакратара Гомельскага абкама партыі Аляксея Камая. У ім распісваліся казачныя сацыяльна-эканамічныя дасягненні рэгіёна пад яго кіраўніцтвам, геройская ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Артыкул толькі падліў смалы ў агонь, бо напісанае ў ім мела мала дачынення да рэчаіснасці.

Тое ж і з гучнай справай Курапатаў. Стварэнне афіцыйнай урадавай камісіі нагадвала спробу перахапіць ініцыятыву і адвесці расследаванне ўбок ад праўды. Але грамадскасць і прэса ўжо пільна кантралявалі сітуацыю — і пракуратура БССР вымушана была прызнаць факты рэпрэсій нашых грамадзян у 1930-я гады менавіта з боку сталінскага НКВД. У 1990 годзе тагачасны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі нават стаў адным з аўтараў кнігі «Куропаты: следствие продолжается».

Гульня па-новаму

Між тым дэмакратычныя працэсы ў СССР няўхільна развіваліся, і зусім ігнараваць іх ніхто ўжо не мог. У лістападзе 1988-га мяне запрасілі да дырэктара завода, у ягоным кабінеце былі таксама сакратар парткама і старшыня прафкама. Для гульні ў дэмакратыю ім быў патрэбен для выстаўлення на выбарах народных дэпутатаў СССР, якія набліжаліся, кандыдат з рабочых. Я прапанову начальства не прыняў: было загадзя вядома, хто атрымае мандаты на пленуме, а маё вылучэнне планавалася толькі для імітацыі канкурэнцыі.

Але ўжо адчувалася, што правілы змяніліся і можна гуляць па-новаму і самастойна. Таму ў канцы восені 1988 года на Гомельскім радыёзаводзе з’явілася ініцыятыўная група па маім вылучэнні ў народныя дэпутаты СССР. Заснаваная самімі рабочымі, без узгаднення з начальствам.

Дзякуючы парткамаўцу і прафкамаўцу

Тры канферэнцыі працоўных калектываў, якія вылучылі мяне ў якасці кандыдата, акруговая камісія адну за адной забракавала, дачапіўшыся да фармальных момантаў. Але дзякуючы прынцыповасці і настойлівасці старшыні прафкама і сакратара парткама суседняга прадпрыемства, канструктарскага бюро «Прамень», мяне запрасілі на чацвёртую. І да справы гэтым разам падышлі максімальна сур’ёзна. У фінальны для вылучэння дзень у залу літаральна пад канвоем прывялі старшыню акруговай камісіі. З ім узгаднялі кожнае галасаванне і іншыя працэдуры. Падстаў забракаваць працэдуру і вынікі галасавання пасля таго больш не было, таму ўрэшце мы вырваліся «за заводскі плот» і выйшлі на шырокі прастор.

У гэты час я пазнаёміўся са сваім будучым калегам і сябрам Юрыем Варонежцавым. Юрыя, кандыдата тэхнічных навук, вылучыў у дэпутаты акадэмічны Інстытут механікі металапалімерных сістэм, які месціўся ў Гомелі. На фільтрацыйным акруговым сходзе мы з паплечнікамі выступілі адзінай камандай — і перамаглі афіцыйных кандыдатаў. А назаўтра пачалася непасрэдна выбарчая кампанія, якая была першай для ўсіх без выключэння. І вялі мы яе без фондаў, падручнікаў і паліттэхнолагаў.

 Перадвыбарчы мітынг у Гомелі. Каля мікрафона — Юрый Варонежцаў і Віктар Карняенка. У цэнтры — старшыня Гомельскага гарвыканкама Анатоль Казлоўскі. Крайні злева, з паперкай у руках — будучы заснавальнік Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Грамыка. Фота: архіў аўтара

 Перадвыбарчы мітынг у Гомелі. Каля мікрафона — Юрый Варонежцаў і Віктар Карняенка. У цэнтры — старшыня Гомельскага гарвыканкама Анатоль Казлоўскі. Крайні злева, з паперкай у руках — будучы заснавальнік Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Грамыка. Фота: архіў аўтара

Афіцыйнымі вылучэнцамі па 84- й нацыянальна-тэрытарыяльнай выбарчай акрузе былі намеснік галоўнага доктара абласной бальніцы Станіслаў Здота і дырэктар завода станочных вузлоў Леанід Дзялец. Пасля нашага няпланавага вылучэння акруговая камісія пастанавіла сабраць сход і пакінуць у бюлетэні толькі двух (спадзяваліся, сваіх) кандыдатаў.

Паводле закона, палову дэлегатаў сходу прызначалі кандыдаты, а другую палову набіралі ад працоўных калектываў горада. Мы дамовіліся, што нашы з Юрыем прадстаўнікі будуць галасаваць за нас абодвух. Гэта стварыла на сходзе відавочную атмасферу супрацьстаяння старога з новым. Таемнае галасаванне дало нечаканы і для нас, і для камісіі вынік: у бюлетэнь трапілі Карняенка і Варонежцаў. Так мы з Юрыем часова сталі сапернікамі.

Запыт на перамены тады быў вялікі, але пры першым галасаванні ні ён, ні я не набралі патрэбныя 50% галасоў, таму мелі адбыцца перавыбары. На перавыбарах мы ўлічылі сваю памылку і раздзяліліся, каб не пераходзіць дарогу адзін аднаму: я застаўся ў 84-й нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе, а Юрый перайшоў у 555-ю тэрытарыяльную. Але і стратэгія барацьбы партнаменклатуры з намі памянялася: каб адцягваць галасы, улады навылучалі ў акругах для складання канкурэнцыі як мага больш сапернікаў — у мяне іх было дзевяць, у Юрыя шэсць.

Віктар Карняенка на адной з перадвыбарчых сустрэч. Фота: архіў аўтара

Віктар Карняенка на адной з перадвыбарчых сустрэч. Фота: архіў аўтара

Гэта была самая напружаная і найбольш цікавая ды запамінальная частка кампаніі. Цягам трох месяцаў адбылося больш за 450 сустрэч: у перапоўненых залах, на мітынгах, прыватныя дыялогі. Ад кандыдатаў звычайна патрабавалі выказаць сваё стаўленне да гучных карупцыйных спраў, пракаментаваць антыпартыйны дэмарш Барыса Ельцына, стаўленне да вядомых дысідэнтаў і чыноўнікаў, да адраджэння беларускай культуры. І людзі хацелі не адгаворак, а салідарнасці з імі: адказы на многія задаваныя пытанні яны ўжо цвёрда сфармавалі для сябе самастойна.

Кампанія набыла такія змест і дынаміку, што перамога была наканаванай. А 7-й раніцы 21 мая 1989 года мы з Юрыем Варонежцавым даведаліся, што перамаглі з вялікім адрывам — і акруговыя выбарчыя камісіі прызналі гэта. А праз некалькі гадзін мы ўжо ляцелі ў Маскву, на першы з’езд народных дэпутатаў СССР. 

І 25 рублёў сутачных

Падчас рэгістрацыі кожны дэпутат атрымаў папку з дакументамі, нумарок з месцам у зале пасяджэння і па 25 рублёў сутачных. Цяпер дэпутаты самастойна аплачвалі пражыванне ў гатэлі і харчаванне.

Пасяліліся мы, як і ўсе іншыя беларусы, у гатэлі «Масква» ў звычайным пакоі на дзве асобы. Ніякай аховы, арганізаванай культурнай праграмы, забеспячэння дэфіцытам не было. Цікавыя і патрэбныя ў дэпутацкай працы выданні мы набывалі самі, за свой кошт і па сваёй ахвоце, нам толькі прапанавалі іх спіс.

Вялікі ўплыў на фармаванне мяне як палітыка зрабіў, незаўважна для сябе, Васіль Быкаў. Аднойчы дэпутаты з Грузіі прапанавалі паглядзець дакументальны фільм пра гвалтоўны разгон мітынгу ў Тбілісі. Выпадкова мы апынуліся побач з Васілём Уладзіміравічам, абменьваліся думкамі, каментавалі ўбачанае. Пасля ён прапанаваў мне наведаць разам з ім беларускую дыяспару ў Маскве. Сустрэча дала зразумець, наколькі для беларускага палітыка важным з’яўляецца нацыянальнае пытанне. Беларуская мова была мне тады не чужая, але прызабытая. Тым разам я ледзь паспеў адрэпеціраваць перад выступленнем у галаве кароткую прамову па-беларуску, але ўсвядоміў: калі хочаш мець палітычную будучыню ў Беларусі, неабходна валодаць беларускай мовай. На фота злева направа: Юрый Варонежцаў, Аляксандр Дабравольскі, Васіль Быкаў. Крайні справа — Віктар Карняенка. Фота Станіслава Шушкевіча

Вялікі ўплыў на фармаванне мяне як палітыка зрабіў, незаўважна для сябе, Васіль Быкаў. Аднойчы дэпутаты з Грузіі прапанавалі паглядзець дакументальны фільм пра гвалтоўны разгон мітынгу ў Тбілісі. Выпадкова мы апынуліся побач з Васілём Уладзіміравічам, абменьваліся думкамі, каментавалі ўбачанае. Пасля ён прапанаваў мне наведаць разам з ім беларускую дыяспару ў Маскве. 
Сустрэча дала зразумець, наколькі для беларускага палітыка важным з’яўляецца нацыянальнае пытанне. Беларуская мова была мне тады не чужая, але прызабытая. Тым разам я ледзь паспеў адрэпеціраваць перад выступленнем у галаве кароткую прамову па-беларуску, але ўсвядоміў: калі хочаш мець палітычную будучыню ў Беларусі, неабходна валодаць беларускай мовай. На фота злева направа: Юрый Варонежцаў, Аляксандр Дабравольскі, Васіль Быкаў. Крайні справа — Віктар Карняенка. Фота Станіслава Шушкевіча

Масква, якую я тады ўспрымаў як і сваю сталіцу, у той час была яшчэ досыць добра забяспечаная таварамі і прадуктамі. Але праз год усё рэзка памянялася — і ўжо мы частавалі масквічоў беларускім сырам.

Вялікае ўражанне на мяне зрабілі залы, палаты і палацы Крамля. Гэта не была экскурсія — у Гранавітай палаце, Вялікім Крамлёўскім палацы, Георгіеўскай зале мы працавалі.

У Маскве нас ужо чакалі іншыя дэпутаты дэмакратычных поглядаў, абраныя ў Беларусі. Спачатку такіх было не больш за дзесяць чалавек, сярод якіх малады інжынер Аляксандр Дабравольскі, аўтарытэтны пракурор Мікалай Ігнатовіч і прарэктар БДУ Станіслаў Шушкевіч з Мінска, а таксама Мікалай Бабрыцкі з Бабруйска, Сяргей Габрусеў і Уладзімір Фаменка з Магілёва. Безумоўным аўтарытэтам гэтай невялікай групы быў Васіль Быкаў, абраны ад Саюза пісьменнікаў. Адно яго слова магло змяніць усім настрой, хоць увогуле Васіль Уладзіміравіч быў негаваркі, больш слухаў.

Збірае першы сакратар

За два дні да з’езда ў адным з памяшканняў гасцініцы «Масква» беларускіх дэпутатаў сабраў першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў. Партыйныя босы збіраліся ўзначаліць умоўную беларускую фракцыю. Гэта быў маналог-інструктаж аб тым, як павінны дзейнічаць дэпутаты, паводле меркаванняў ЦК. Але, на шчасце, інструкцыі і даручэнні мне ўжо выдалі выбаршчыкі, а да партыі я не меў дачынення.

Правадыр тагачасных беларускіх камуністаў увогуле падчас той сустрэчы расчараваў як асоба. Усё ж адна справа — зачытаць з трыбуны падрыхтаваную рэферэнтамі прамову, і зусім іншая — імправізацыя. У ёй Сакалоў выглядаў як рыбіна, выцягнутая з вады.

Аднадумцы-дэмакраты з розных рэспублік аб’ядналіся ў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Яе ядром былі масквічы, сярод якіх — вядомыя па публікацыях у прэсе інтэлектуалы: легендарны акадэмік Андрэй Сахараў, прафесар-гісторык Юрый Афанасьеў, эканаміст Гаўрыіл Папоў, будучы мэр Масквы. Дзякуючы ім я перагледзеў некаторыя свае ранейшыя погляды. Напрыклад, я лічыў, што варта скарачаць касмічныя праграмы, бо галоднай краіне не да космасу. Але Папоў на гэта адказаў, што лепш ліквідаваць усю адсталую аўтавытворчасць, чым закрываць адзіную галіну, дзе мы не толькі канкурэнтаздольныя, але і на вышыні.

Андрэй Сахараў (1921—1989) — фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР, адзін са стваральнікаў савецкай вадароднай бомбы. Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы. З канца 1950-х рэзка разышоўся з савецкай уладай у поглядах, стаў адным з твараў дысідэнцкага руху ў СССР і барацьбітоў за мір і дэмакратыю. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 1975 год. Фота: STUDME.ORG

Андрэй Сахараў (1921—1989) — фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР, адзін са стваральнікаў савецкай вадароднай бомбы. Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы. З канца 1950-х рэзка разышоўся з савецкай уладай у поглядах, стаў адным з твараў дысідэнцкага руху ў СССР і барацьбітоў за мір і дэмакратыю. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 1975 год. Фота: STUDME.ORG

 Юрый Афанасьеў (1934—2015) — рэктар Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута, адзін з лідараў Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. У канцы 1980-х здабыў вялікі аўтарытэт сярод інтэлігенцыі праз публікацыю цыкла артыкулаў з крытыкай становішча ў гістарычнай навуцы. Фота: Уладзімір Заўялаў / TASS.RU

 Юрый Афанасьеў (1934—2015) — рэктар Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута, адзін з лідараў Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. У канцы 1980-х здабыў вялікі аўтарытэт сярод інтэлігенцыі праз публікацыю цыкла артыкулаў з крытыкай становішча ў гістарычнай навуцы. Фота: Уладзімір Заўялаў / TASS.RU

Але на трыбуну нечакана выйшаў Вілен

З першых гадзін працы з’езда стала ясна, што арганізатары планавалі яго як дэкаратыўны орган. Не было нават механізму падліку галасоў — здаецца, лічыць іх і не планавалі, прынамсі, раней у гэтым не было патрэбы: рашэнні прымалі аднагалосна.

Аднак адразу пасля дзяжурнай прамовы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі на трыбуну нечакана выйшаў дэпутат з Латвіі лекар-рэнтгенолаг Вілен Талпежнікаў. Ён прапанаваў ушанаваць памяць мірных пратэстоўцаў у Тбілісі, што загінулі напярэдадні з’езда, і ўнёс дэпутацкі запыт аб расследаванні гэтых падзей. Прапанову сустрэлі апладысментамі — і стала зразумела, што форум не стане будзённым мерапрыемствам.

«Тбіліскія падзеі», або Трагедыя 9 красавіка 
21 чалавек загінуў (па іншых звестках — 19) і больш за 250 пацярпелі ў выніку разгону мітынгу ў Тбілісі перад Домам урада ў ноч на 9 красавіка 1989 года.

Барацьба за ініцыятыву пачалася са спрэчак пра парадак дня. Апазіцыя разумела, што, пакуль яна ў меншасці, не варта ставіць на галасаванне склад Вярхоўнага Савета. Мы прапаноўвалі пачаць з дыскусіі аб палітычнай сітуацыі ў краіне, вызначэння спісу неабходных для развіцця перабудовы законапраектаў і толькі потым, пад акрэсленыя задачы, правесці выбары. Аднак камуністычная большасць пастанавіла спачатку ўсё ж абраць старшыню і сам Вярхоўны Савет. Прапановы прадэмакратычнай «Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы» набіралі крыху больш за 400 галасоў з 2250 дэлегатаў з’езда. Гэтая магічная лічба і надалей адлюстроўвала колькасць маіх аднадумцаў-дэпутатаў пры галасаванні.

З’езд не стаў трыумфальным шэсцем дэмакратыі. Складвалася ўражанне, што ініцыятары перабудовы змагаліся з наступствамі папярэдняй уласнай актыўнасці, спрабуючы намацаць запаветны рычаг кіравання масамі. Не было ліквідавана двухуладдзе паміж саветамі і КПСС, а эканамічная частка пастановы з’езда была фармальнай.

Разам з тым гістарычную ролю з’езда пераацаніць цяжка. Для будучых палітыкаў і ўсяго грамадства на абшарах былога СССР форум стаў адкрытым урокам дэмакратыі. У маўзалеі на Краснай плошчы ўсё яшчэ ляжаў Ленін, на Доме ўрада вісеў савецкі герб, але з’езд стварыў дэпутацкія камісіі па расследаванні гвалту над дэманстрантамі ў Тбілісі і па палітычнай ацэнцы пакта Молатава — Рыбентропа 1939 года. Упершыню публічна прагучала крытыка ленінскай сістэмы не таму, што яе, маўляў, сапсавалі Сталін з Брэжневым, а з прычыны заганнасці ад самага пачатку.

А праз два з паловай гады пасля таго першага з’езда на сумесным пасяджэнні дзвюх палат Вярхоўнага Савета СССР менавіта мне даручылі паведаміць, што ў сувязі з дэнансацыяй дамовы аб стварэнні СССР і спыненнем яго існавання народныя дэпутаты СССР, абраныя на тэрыторыі Беларусі, спыняюць паўнамоцтвы ў Вярхоўным Савеце і іншых органах улады СССР. Дэкларатыўны перыяд незалежнасці скончыўся, і Беларусь займела рэальны шанец стаць сапраўды самастойнай суверэннай краінай. Пачыналася новая старонка нашай гісторыі. 

Разумны шукае сяброў

Пасля вяртання са з’езда я вырашыў, што важкі мандат трэба выкарыстоўваць і на развіццё дэмакратыі ў сваім родным горадзе.

У чэрвені 1989 года мы стварылі пляцоўку для сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатамі — Гомельскі клуб выбаршчыкаў. Штотыднёвыя пасяджэнні ў Політэхнічным інстытуце збіралі сотні людзей. Стратэгічнай задачай было падрыхтавацца да выбараў у Вярхоўны Савет БССР і гарадскі савет. У Вярхоўны Савет я балатавацца не стаў, але атрымаў мандат дэпутата гарадскога савета. Тым разам, дзякуючы нашай папярэдняй сістэмнай працы, апазіцыя атрымала ў Гомельскім гарсавеце большасць. Падобных прыкладаў у Беларусі больш не было.

Віктар Карняенка: «Людзі хацелі не адгаворак, а салідарнасці». Фота: архіў аўтара

Віктар Карняенка: «Людзі хацелі не адгаворак, а салідарнасці». Фота: архіў аўтара

Ледзь толькі я стаў дэпутатам, адразу зразумеў, як мала значу без каманды. Як ні дзіўна, тады самыя розныя людзі і па сацыяльным становішчы, і па прафесіі станавіліся аднадумцамі. У 1990 годзе падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР нечакана вызначыўся прынцыповасцю палкоўнік міліцыі Ігар Пырх, і мы ніколі не пашкадавалі, што падтрымалі яго. Недарэмна кажуць: разумны шукае сяброў, а дурань стварае ворагаў. Гэта была, магчыма, галоўная мая выснова з таго кароткага «паходу» ў саюзныя дэпутаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?