Гэту гісторыю пераказаў «Вячэрняму Мінску» гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Пачуў ён яе ад прыбіральшчыцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дзе працаваў. Падзеі адбываліся пасля вайны, калі прыбіральшчыца была яшчэ дзяўчынкай.

«У адзін з дзён у раёне Ніжняга рынку мы з мамай ўбачылі шмат людзей, якія сабраліся ля куч зямлі. Паспрабавалі падысці бліжэй і разгледзець, што там адбываецца.

Але мама не змагла праціснуцца праз натоўп, а я была маленькая, спрытная і пралезла».

Дзяўчынка прабралася праз натоўп і ўбачыла на дне ямы труны.

А што адбывалася ў рэальнасці?

Пасля вайны ў раёне Нямігі пачаліся раскопкі. Імі кіраваў археолаг Васіль Тарасенка. У 1949-м ён і яго калегі выпадкова знайшлі рэшткі каменнага храма. Ён знаходзіўся недалёка ад цяперашняга метро «Няміга». 

Большасць мінчукоў мяркуе, што месцазнаходжанне храма пазначана знакам, які стаіць на прыгорку Свіслачы. У рэальнасці храм знаходзіўся крыху ў бок, побач з будынкам на Пераможцаў, 2.

Сучасная імітацыя падмурка першай мінскай царквы

Сучасная імітацыя падмурка першай мінскай царквы

Храм даследавалі да 1951-га.

«Адкрыццё з Мінску руін храма стала поўнай нечаканасцю, бо ніякіх пісьмовых сведчанняў аб ім не маецца», — пісаў Тарасенка.

Чаму гаворка пра руіны?

Храм так і не быў дабудаваны. Захаваўся яго падмурак і ніжняя частка сцен (на глыбіні 4,03—6,75 м).

Рэшткі мелі даўжыню 16 метраў, шырыню — 12 метраў, што давала агульную плошчу храма 192 квадратныя метры.

Хутчэй за ўсё, будаўніком храма з’яўляўся мінскі князь Глеб, сын Усяслава Чарадзея. Пасля таго як ён трапіў у палон (1119), горадам кіраваў кіеўскі намеснік. Магчыма, недабудаваны храм быў разбураны пры ім — каб падкрэсліць страту Мінскам свайго статусу.

У перыяд з 1119 да 1146 гадоў унутры сцен храма з’явіліся могілкі.

Усяго археолагі знайшлі 21 пахаванне. Самым цікавым аказалася жаночая магіла. Яна захавалася лепш за ўсё.

«Чэрап і буйныя косткі шкілета ацалелі. Захавалася дзве касы, укладзеныя вакол галавы. На галаве аказаліся венчыкі: (…). Вакол шыі знаходзіліся каралі са скуры, у таліі — ваўняны пояс з меднай або бронзавай падковападобнай спражкай, ашытай ваўнянай матэрыяй. (…) На нагах пахаванай былі мяккія скураныя туфлі, адна з якіх, левая, добра захавалася. На пярэдняй яе частцы прыкметныя праколаты і, верагодна, прашыты ніткамі (…) ўзор», — пісаў Тарасенка.

Вучоныя высветлілі, што труп належалаў маладой дзяўчыне або падлетку 14-17 гадоў. Яна памерла пасля гнойнага запалення ў правым вуху або ў касці.

А як жа легенда, што труп рассыпаўся? «Натуральна, не. Гэта дзіцячае ўяўленне дамалявала», — каментаваў Тарасаў.

Як расказаў гісторык і выдавец Андрэй Гардзіенка, ён «шмат разоў запытваў у археолагаў Георгія Штыхава і Эдуарда Загарульскага, дзе знаходзяцца матэрыялы з таго некропаля, але яны так і не змаглі адказаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0