Навукоўцы з Эдынбургскага ўніверсітэта распрацавалі спосаб, каб змагацца з пластыкавымі адкідамі. Даследчыкам з дапамогай бактэрый удалося ператварыць пластык у ванілін.

Штогод у свеце з'яўляецца каля 50 мільёнаў тон пластыкавых адкідаў, што прыводзіць да сур’ёзных эканамічных і экалагічных праблем. Частка пластыку перапрацоўваецца, але цяпер навукоўцы прапаноўваюць ператвараць адкіды ў харчовыя прадукты.

Навукоўцы высветлілі, што тэрэфталевая кіслата, манамер, які ўтварае пластык, можа ператварацца ў ванілін праз ланцужок з пяці хімічных рэакцый. Затым даследчыкі ў лабараторыі мадыфікавалі кішачную палачку такім чынам, каб яна спрыяла ператварэнню тэрэфталевай кіслаты ў ванілін.

Каманда прадэманстравала, як працуе гэты метад. Навукоўцы ўзялі дэградаваны пластык, дадалі да яго мадыфікаваную кішачную палачку і атрымалі ванілін пры пакаёвай тэмпературы. Даследчыкі сцвярджаюць, што такі ванілін прыдатны для ўжывання, аднак неабходна правесці яшчэ дадатковыя эксперыменты.

Гэта першы ў свеце прыклад ператварэння пластыкавых адкідаў у каштоўнае прамысловае хімічнае рэчыва.

Ванілін шырока выкарыстоўваецца ў харчовай і касметычнай прамысловасці. У 2018 годзе сусветны попыт на ванілін перавысіў 37 тысяч тон.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0