Падчас ператрусу ў Барбука знайшлі архіў штаба Валерыя Цапкалы. Так ён трапіў у рукі сілавікоў. Па вызваленні з ізалятара Святаслаў падзяліўся ўражаннямі з «Нашай Нівай».

Святаслаў і Вера Барбукі. Фота з фэйсбука

Святаслаў і Вера Барбукі. Фота з фэйсбука

«Я прыехаў на абед дамоў, а ля кватэры ўжо дзяжурылі супрацоўнікі. Можна было чакаць чаго заўгодна, але страцілі пільнасць. Атрымалася як атрымалася. Кайданкі, апорны пункт, гарадскі аддзел міліцыі (ГАМ), РУУС. Машыну нешта яны доўга шукалі.

Я адразу адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказанняў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі. А з ГАМа жонку павезлі дамоў на вобшук. Толькі цяпер спрабуем высветліць, што яны там знайшлі. Заключылі пагадненне з адвакатам, які дапамагае знайсці матэрыялы даследчай праверкі. Жонка кажа, што падпісвала не гледзячы. Двое сутак ад яе гэтага дабіваліся, не давалі нават вады папіць, кайданкі, адсутнасць сродкаў гігіены, такі вось ціск на жанчыну. Яе шантажавалі, што са мной нешта зробяць. Калі ты на волі, то можаш з гэтага пасмяяцца, а там было зусім нясмешна.

Мяне апошні раз выводзілі на размову ўжо з РУУС. Пыталіся, што я рабіў у нейкую дату, маўляў, тады спалілі «Табакерку» па адрасе Незалежнасці, 170. Мы ваш тэлефончык яшчэ паглядзім, кажуць. Сапраўды, глядзелі. Я нічога не падпальваў, нічога не маляваў.

Са мной спрабавалі пагаварыць тройчы, але ніякага выніку гэта не давала, таму ўсе свае сілы і эмоцыі пераключылі на маю жонку. Яна нешта падпісала, але мы нават не ведаем што, перада мной папку гэтую проста закрылі. Мы чакаем навін ад адваката, але і яму не даюць ні з кім сустрэцца па гэтай справе, мала што тлумачаць. З таго, што мы мелькам убачылі, — гэта можа быць артыкул і 339 (Хуліганства), і 341 (Апаганьванне будынкаў і псаванне будынкаў), і 293 (Масавыя беспарадкі). Калі размовы з адвакатам раней надавалі нейкі аптымізм, то цяпер не вельмі. Але пакуль мы нават не ведаем, што яны хочуць інкрымінаваць.

Ведаеце, яны ж нават пакінулі ў сябе ключы ад кватэры. Першы вобшук праводзілі разам з жонкай, а пра другі мы даведаліся, калі сусед прыйшоў карміць хатнюю жывёлу. Адну Вера аддала суседу, дык ён прыйшоў і ўбачыў, што па кватэры нехта поўзае. Зусім незразумела, што яны ў другі раз рабілі ў кватэры. Ключы і тэхніку нам не вярнулі. Ну ладна тэхніка, а ключы чаму забралі? Калі яны забралі ключы, то месца зусім небяспечнае. У кватэры з’яўляцца нельга — зусім непрыемныя адчуванні.

Далей нас завезлі этапам на Акрэсціна. Адносіны паўсюль да палітычных такое, што каментаваць не хочацца. Змена змене розніца, канечне. Але бывае адчыняецца акенца, нехта зазірае: «О, змагары, паглядзіце». Фактычна палова аддзялення ходзіць і здзекуецца, смяюцца. Гэта дробязі насамрэч, ім і адказаць можна. Але ні вады, ні туалетнай паперы дабіцца немагчыма.

Суд па скайпе. Прынеслі папку з дакументамі вобшуку. Паказваюць, што канфіскаваныя падпісныя лісты, сімволіка. Суддзёй была Філіповіч, мы просім штраф. Яна пытаецца: а гэта ў вас што? Я кажу, у мяне дома яшчэ партрэт Цапкалы ёсць, але яго не забралі чамусьці. Мерч агітацыйны часткова забралі, часткова — не. Майкі не ўзялі. Уся кватэра была перавернутая. Выстаўлялі многія рэчы як экстрэмісцкія матэрыялы.

Забралі ў тым ліку архіўную дакументацыю штаба Цапкалы. Шмат што захоўвалася, бо мае юрыдычную значнасць. Напрыклад, у нас была сітуацыя ў Гомелі, дзе мы арандавалі памяшканне, палічылі, што мы не даплацілі. Былі суды, але тут у нас дакументы на руках. Праўда, нічога так і не даказалі. Натуральна, там былі і падпісныя лісты, яны не перабраныя нават былі. Дасталі каляндарык з Ціханоўскай. Пытаюцца, а гэта што такое ў вас? Гэта адэкватна паказваць каляндарык і казаць, гэта экстрэмізм?

Фармальна нас судзілі за пікетаванне. Я ў камеры на Акрэсціна быў сямнаццатым на чатыры спальныя месцы, жонка — дзевятнаццатая на два месцы. Пад кожнай шконкай спала па два чалавекі, пад сталом — тое самае. Я быў у камеры з раварыстамі, якіх затрымалі на Цнянцы. Усе нават не ўлезлі, пяцёра пайшлі ў іншую камеру, ім было горш, яны сядзелі з бамжамі.

Потым раніцай этап у Баранавічы. Я чуў, што там мякчэй, але калі гэта мякчэй, то што такое жорстка? З намі ў камеры быў чалавек з сур’ёзным крымінальным мінулым, у палітыку не лезе. Ён трапіў на суткі за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, а ў РУУС — за алкаголь. Проста выпадкова ўбачылі гэтыя шкарпэткі. У яго шмат адсідак, дык кажа, што ўмовы ў Баранавічах горшыя, чым у карцары ў калоніі. Палітычных трымалі асобна ад іншых. Спачатку былі без матрацаў і з уключаным святлом, потым усё ж матрацы дазволілі, але бялізну не далі.

Усе, хто быў на Акрэсціна, маюць вошы, сып. У жонкі ў камеры былі людзі з каростай і вошамі. Медыцына: гэтая палова таблеткі табе ад жывата, гэтая — ад галавы. Жонку таксама этапавалі ў Баранавічы. Там быў такі падвальны паверх, былыя царскія стайні, паўпадвальнае памяшканне, сырасць.

Людзі, якім далі па 30 сутак, падбадзёрвалі сябе тым, што ўспаміналі Вольгу Хіжынкову. Казалі, што калі яна вытрымала, то і мы вытрымаем абавязкова. Гэта не ўмовы ўтрымання, гэта катаванні. Хіба што туалетную паперу давалі — ужо добра. У жанчын адабралі сродкі гігіены, бо сказалі, што там ёсць, але нейкі час не давалі. Якасць ежы кепская, але аб’ёмы нармальныя.

На Акрэсціна палівалі хлёркай, трапіла на жонку. У нашу камеру не вылівалі, бо калі б захацелі нават, то ў камеры не было месца для гэтага, толькі ў прыбіральні. Жонка кажа, што спала на прыступках прыбіральні, а ў нас нават калі б хто так і хацеў зрабіць, то заўсёды быў нейкі «дазорца паняццяў». І ён нават прасіў не рабіць так, бо яму нельга будзе знаходзіцца ў камеры з намі.

Штоноч кожныя дзве гадзіны былі праверкі з дакладамі дзяжурнага па камеры. У жанчын даходзіла нават да таго, што яны дакладвалі, колькі палітычных, а колькі — непалітычных. У мужчын у камеры былі ўсе палітычныя. Днём спаць нельга. Толькі потым прыходзіць усведамленне, што гэта катаванне. Спачатку не разумееш, для чаго гэта.

Калі нас прывезлі ў Баранавічы, то ніякіх допытаў больш не было. Я бачыў людзей, якіх прывозілі з ГУБАЗіКа, на іх страшна глядзець: зламаныя насы, з вушэй кроў, зуба няма. Цяпер у РУУСе правіла, што патрэбна фатаграфаваць людзей перад адпраўкай на Акрэсціна, дык міліцыянеры нават фоткаць не хацелі пасля ГУБАЗіКа, бо баяліся, што на іх могуць такое павесіць. Нас, дзякуй богу, затрымлівалі звычайныя міліцыянеры. Жонцы, праўда, кайданкі надзявалі нават на ногі.

Наконт подпісаў і іншых дакументаў, што былі на штабе. [Летам 2020 года] было прынятае экстраннае рашэнне — усё збіраем і звозім, каб там нічога не засталося. Сабралі ў скрыні, пагрузілі. Нікім там нічога не было праверана і адсартавана. Але спальваць было нельга, бо там былі бухгалтарскія дакументы, якія павінны захоўвацца. Маглі ж быць прэтэнзіі ў праваахоўнікаў.

Чалавек, можа, не разумее, што калі ён ставіць подпіс за пару дзён да канца тэрміну збору, то гэтыя подпісы ўжо ў камісію не трапяць, бо мы фізічна не маглі ўжо гэта зрабіць. У нас жа была дастаткова малая ініцыятыўная група. Фактычна апошнія дні мы выкарыстоўвалі збор подпісаў як інфармацыйны складнік, каб падняць рэйтынг Цапкалы.

Я не ведаю, чаму яны рабілі вобшук. Не думаю, што гэтыя дакументы ёсць нейкай каштоўнасцю. Гэта неадсартаваныя дакументы, каб разабрацца ў іх, ім патрэбна, мабыць, мяне арыштаваць і прымусіць гэта рабіць (смяецца). Тады, можа, нешта ў іх атрымаецца. Калі яны будуць гэтым займацца, то можна спаць спакойна, бо яны гэта будуць рабіць вельмі доўга, а мы ў гэты час зможам пагуляць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?