Скрыншот з пабліка УКантакце
Што адбываецца? Аказваецца, гэта шматпавярховая гісторыя з ноткамі трагікамедыі.
Як расказалі «Нашай Ніве» абазнаныя, учора ўвечары ў адным з банкаматаў скончылася валюта — яе проста не паспявалі падвезці: у «Прыёрбанка», як і ў некаторых іншых банкаў, няма ўласнай службы інкасацыі, яны карыстаюцца цэнтралізаванай, што не дазваляе дагружаць банкаматы хвіліна ў хвіліну.
За гэты час хтосьці сфатаграфаваў абвестку аб адсутнасці валюты на дысплэі банкамата і пераслаў у папулярныя тэлеграм-каналы, у выніку чаго «за вечар з банкаматаў вынеслі ўсю валюту».
Дагрузіць банкаматы своечасова было немагчыма, таму банк праінфармаваў аб праблемах.
Але ёсць і яшчэ адзін паварот гісторыі. Справа ў тым, што валюта гатоўкай завозіцца ў той жа «Прыёр» самалётамі з Франкфурта.
Пералёты цяпер забароненыя, таму ў банку сапраўды адчуваюць праблемы, але называюць іх часовымі.
На практыцы пакупка валюты адбываецца так: беларускі банк плаціць эмісійнаму цэнтру ў лічбавай валюце трошкі больш, а назад атрымлівае гатоўку, якую можа прадаць насельніцтву.
Груба кажучы, калі ўчора прыёраўскія банкаматы спустошылі трымальнікі іншых картак, то банк на гэтым нават зарабіў.
І вось цяпер, выглядае па ўсім, тым банкам, якія куплялі валюту ў Еўропе, прыйдзецца купляць яе ў дадатковага пасярэдніка — Расіі.
Нейкі расійскі банк будзе яе купляць і дастаўляць у Расію, а потым яна будзе паступаць у Беларусь. Гэта дадатковыя выдаткі, без уліку лагістыкі фінансісты кажуць пра 0,25% камісіі з сумы ўгоды. Няясна, ці адаб'ецца гэта на курсе, найхутчэй, што не — у існай палітычнай сітуацыі банкі будуць вымушаныя пакрываць гэтую розніцу з уласных прыбыткаў.