Фота Deutsche Welle

Фота Deutsche Welle

Многія эксперты называюць вадарод палівам будучыні, бо гэты газ найбольш прывабны з пункту гледжання экалогіі. Спальванне вадароду ў рухавіках суправаджаецца выкідамі вадзяной пары, а не вуглякіслага газу, які з’яўляецца галоўнай прычынай кліматычнага крызісу. Аднак пакуль вадарод не стаў дамінуючай крыніцай энергіі, бо, каб атрымаць гэты газ, трэба расшчапіць ваду на кісларод і вадарод, на што патрабуецца шмат энергіі. А каб паліва было па-сапраўднаму экалагічным, то энергія для электролізу вадароду павінна быць з аднаўляльных крыніц, што пакуль эканамічна нявыгадна.

Тым не менш, вадароднае паліва знаходзіць усё больш шырокае прымяненне ў чыгуначным транспарце. У 2018 годзе ў Германіі ўпершыню запусцілі цягнік на вадародзе Coradia iLint, які распрацавала французская кампанія Alstom, піша Deutsche Welle.

Знешне такі цягнік нічым не адрозніваецца ад дызельнага, але з тэхнічнага пункту гледжання Coradia iLint — гэта прарыў, які можа прывесці да рэвалюцыі ў транспарце.

Цягнікі на вадародзе маюць два электраматоры, электрычнасць для якіх паступае з крыніцы энергіі, якая знаходзіцца непасрэдна ў цягніку. На даху Coradia iLint усталяваная цыстэрна з вадародам і паліўны элемент. У ім вадарод злучаецца з кіслародам, у выніку чаго атрымліваецца электрычны ток, а ў навакольнае асяроддзе вылучаецца толькі вада.

Максімальная хуткасць Coradia iLint — 140 км за гадзіну. На адной запраўцы цягнік можа праехаць ад 800 да 1000 кіламетраў, а сама запраўка займае 15 хвілін. Яшчэ адна з пераваг такога цягніка — адсутнасць шуму.

Цяпер кампанія Alstom актыўна развівае інфраструктуру для цягнікоў на вадародзе. Пабудаваць вадародныя заправачныя станцыі для чыгуначнага транспарту прасцей, чым для іншых транспартных сродкаў, бо заўсёды вядома, у якіх кропках цягнік спыняецца, як часта і а якой гадзіне, піша The Wall Street Journal.

Цягнікі на вадародзе ўжо маюць рэгулярныя маршруты ў Германіі і Францыі, і ўсё больш еўрапейскіх краін задумваюцца над закупкай Coradia iLint.

Кампанія Alstom стала наватарам у вытворчасці цягнікоў на вадародзе, аднак цяпер такіх кампаній стала больш. Свае мадэлі для Еўропы распрацоўваюць іспанская CAF, нямецкая Siemens і швейцарская Stadler.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0