Даследчыкі з Лондана навучылі сабак знаходзіць інфікаваных каранавірусам. Людзі, якія хварэюць на кавід, маюць адметны пах, які навучаныя сабакі могуць выяўляць з высокай дакладнасцю, піша The Guardian. 

У даследаванні ўзялі ўдзел шэсць навучаных сабак. Яны змаглі паставіць дыягназ менш чым за секунду. Выявілася, што жывёлы правільна ідэнтыфікуюць 94 з кожных 100 інфікаваных людзей. Сабакі маглі знаходзіць кавід нават на адзенні, якое насілі хворыя на каранавірус.

Больш за тое, сабакі беспамылкова вызначалі людзей з бессімптомнымі выпадкамі.

Лепш за ўсё для выяўлення каранавіруса навучаюцца спаніэлі, рэтрыверы і лабрадоры. Гэтыя пароды любяць штосьці шукаць, а таксама ім падабаецца працаваць у грамадскіх месцах, адзначаюць даследчыкі.

Навучанне сабакі знаходзіць хворых на каранавірус займае ад васьмі да дзесяці тыдняў. Для даследавання навукоўцы выкарыстоўвалі элементы адзення, ахвяраваныя пацыентамі, якія мелі станоўчы вынік на кавід. За правільнае выяўленне станоўчых выпадкаў або ігнараванне адмоўных сабак узнагароджвалі якім-небудзь ласункам.

Вядома, што сабакі не змогуць замяніць ПЦР-тэсты, але яны могуць быць вельмі карыснымі ў грамадскіх месцах, напрыклад аэрапортах, каб хутка правяраць пасажыраў на наяўнасць каранавіруса. Праблема ў тым, што навучанне сабак займае шмат часу, а таксама трэба пастаянна знаходзіць адзенне, якое носяць інфікаваныя і неінфікаваныя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0