Джулі Фішэр заявіла, што Злучаныя Штаты працягнуць выказвацца пра сытуацыю ў Беларусі ад імя палітвязьняў і нацыянальных меншасьцяў. Амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джулі Фішэр выказалася пра ўціск беларускіх пратэстоўцаў, а таксама польскай нацыянальнай меншасьці рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, паведамляе Свабода са спасылкай на Polsat.

Паводле Фішэр, ЗША не зьбіраюцца «сядзець склаўшы рукі» ў чаканьні зьменаў у Беларусі, яны плянуюць супрацоўнічаць з саюзьнікамі і дзеячамі дэмакратычнага руху Беларусі. Пакуль жа рэпрэсіі, гвалт, катаваньні, пабоі, арышты і затрыманьні, якія выкарыстоўваюцца афіцыйным Менскам супраць мірнага насельніцтва, несумненна, уплываюць на колькасьць людзей, гатовых штодня выходзіць на вуліцу, заключыла яна.

«Калі я думаю пра сувэрэнітэт Беларусі, я ўяўляю сабе ня кнопку «ўключэньня-выключэньня», а хутчэй «паўзунок». Ён усё больш рухаецца да залежнасьці ад Масквы» — сказала Фішэр.

Таксама амэрыканская амбасадарка пракамэнтавала інфармацыю пра так званы «замах» на жыцьцё Лукашэнкі. На яе думку, калі б сытуацыя ў краіне не была настолькі складанай, «большасьць з нас сьмяялася б з гэтых абвінавачаньняў. Яны цалкам недарэчныя і бязглуздыя»:

«Можа, гэта быў гэты прэзыдэнт, можа, іншы, можа, гэта амэрыканскае агенцтва, можа, іншае, і, магчыма, гаворка ішла пра многія краіны. Ня ведаю, ці ёсьць сэнс гэта камэнтаваць».

Крымінальную справу і іншы перасьлед польскіх асяродкаў і дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі амэрыканская дыпляматка лічыць яскравым доказам таго, наколькі экстрэмальная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

«Нашы польскія сябры робяць вельмі шмат, каб міжнародная супольнасьць зьвярнула ўвагу на іхны лёс. ЗША, як і дагэтуль, будуць дзейнічаць ад імя меншасьцяў і палітвязьняў», — заявіла Фішэр.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?