Прыбытковасць гэтых каштоўных папер з пачатку сакавіка ўпала на 6,27 працэнтных пункта. Tut.by разбірае з аналітыкам даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандрам Мухай, што адбываецца з беларускімі дзяржаблігацыямі, чаго чакаць далей і якое дачыненне тое, што адбываецца на рынку каштоўных папер, мае да шараговых беларусаў.

Што адбываецца з беларускімі еўрабондамі?

Каціроўкі беларускіх еўрабондаў рэзка пайшлі ўніз. Напрыклад, па размешчаных у чэрвені дзяржаблігацыях тэрмінам пагашэння ў 2031 годзе на Франкфурцкай біржы на раніцу 15 сакавіка яны ўпалі да 92,04% ад наміналу. Гэта не самае вялікае падзенне каціровак еўрабондаў Беларусі, размешчаных у чэрвені мінулага года. Найбольшы правал здарыўся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні — верасні.

— Відавочна, што інвестары, у першую чаргу еўрапейскія і амерыканскія, вымушаныя былі пазбаўляцца ад гэтых папер на фоне ўзрослых палітычных і эканамічных рызык у нашай краіне, — удакладняе Аляксандр Муха.

Пазней каціроўкі аднавіліся і нават таргаваліся на ўзроўні, ледзь вышэйшым за намінал. А цяперашняе падзенне каціровак, узмоцненае ў сакавіку, звязана ў тым ліку з прыцягненнем увагі да праблемы Беларусі з боку Народнага антыкрызіснага кіравання, лічыць аналітык. На фоне заяў шэрагу інвестыцыйных фондаў аб продажы беларускіх еўрабондаў з 11 да 15 сакавіка адбылося падзенне з 95,48% да 92,04% ад наміналу.

— Трымальнікі вырашылі скінуць еўрабонды гэтага выпуску. Напэўна, распродаж працягнецца і ў найбліжэйшы час. Адпаведна, можна прагназаваць, што цана гэтага скандальнага выпуску будзе зніжацца, таму што НАК афіцыйнымі зваротамі аб праблемах, звязаных з размяшчэннем апошняга выпуску суверэнных еўрабондаў Беларусі, прыцягнула увагу не толькі сусветнай грамадскасці і інвестыцыйнай супольнасці, але і ўладаў еўрапейскіх дзяржаў і ЗША.

Чаму трымальнікі каштоўных папер ад іх пазбаўляюцца?

Прычын некалькі. Не выключана, што можа быць ініцыяванае расследаванне рэгулятараў ЕС і ЗША ў частцы размяшчэння апошняга выпуску суверэнных еўрааблігацый Беларусі, кажа эксперт. У выпадку выяўлення ў рамках названага расследавання парушэнняў заканадаўства ЕС і ЗША могуць быць заблакаваныя разлікі па еўрабондах Беларусі ў вядучых міжнародных дэпазітарыях Depository Trust Company( DTC), Euroclear Bank SA/NV (Euroclear) і Clearstream Banking s.a. (Clearstream, Luxembourg). У выніку Мінфін Беларусі будзе накіроўваць купонныя даходы плацежнаму агенту Citibank N. A. (London Branch), але той не будзе далей выплачваць іх трымальнікам беларускіх папер да моманту заканчэння расследавання, якое можа доўжыцца гадамі.

— У канчатковым выніку ў рамках расследавання ўладаў ЕС і ЗША могуць з'явіцца прававыя падставы для адмены здзелкі па размяшчэнні апошняга выпуску еўрабондаў у судовым парадку і прымяненні да яе наступстваў мізэрнасці. Прасцей кажучы, у выпадку адмены названай здзелкі ўрад Беларусі будзе вымушаны вярнуць інвестарам раней прыцягнутыя грашовыя сродкі, а ў інвестараў будуць ануляваныя адпаведныя запісы на рахунках па ўліку еўрааблігацый у банках і дэпазітарыях. Пры гэтым ужо атрыманыя купонныя даходы інвестары будуць абавязаныя вярнуць беларускаму боку, — тлумачыць Аляксандр Муха. — Думаю, што асобныя трымальнікі еўрабондаў могуць выйсці з беларускіх папер, баючыся стаць фігурантамі расследавання.

Акрамя асцярогі магчымага расследавання з боку ўладаў краін ЕС, прадаўцы беларускіх дзяржаблігацый ацэньваюць рызыкі. Пры захаванні цяперашняй сітуацыі досыць прыкметна расце верагоднасць дэфолту па еўрабондах, лічыць эксперт. Прадаючы беларускія паперы цяпер, яны жадаюць скараціць свае страты.

Даныя Франкфурцкай біржы па цане беларускіх аблігацый, размешчаных летам 2020 года (пагашэнне — 2031 год)

Даныя Франкфурцкай біржы па цане беларускіх аблігацый, размешчаных летам 2020 года (пагашэнне — 2031 год)

Трэцяя прычына звязана з рэпутацыйнымі рызыкамі. Да таго часу, пакуль трымальнікі беларускіх еўрабондаў атрымлівалі дывідэнды ў цішыні, яны маглі не задумвацца аб рэпутацыі свайго даўжніка або заплюшчваць вочы на палітычны і прававы кантэкст. Але як толькі пытанне фінансавання імі беларускага ўрада стала абмяркоўвацца ў кантэксце палітычнага крызісу і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, то рызыка засвяціцца ў гэтай гісторыі набыла новы змест. У гэтым выпадку рэпутацыйныя страты таму могуць быць значна вышэйшымі за рэальныя ад продажу беларускіх дзяржаблігацый цяпер.

Хто цяпер купляе гэтыя еўрабонды?

Цікавасць да выпушчаных летась Мінфінам еўрабондаў могуць праяўляць беларусы, расійцы, а таксама заходнія інвестары, якія вераць у палітычныя перамены ў Беларусі.

— Пакупнікі набываюць еўрабонды Беларусі ў разліку на сыход Лукашэнкі, змену ўлады і ўрэгуляванне палітычнага крызісу, што прывядзе да моцнага росту каціровак беларускіх еўрабондаў. У гэтым выпадку такія інвестары змогуць зарабіць дадатковы даход на росце цаны беларускіх папер, — ацэньвае сітуацыю эканаміст. — Напрыклад, мы можам за аблігацыю наміналам у 200 тысяч даляраў пры каціроўцы 92% заплаціць па факце 184 тысячы даляраў. Гэта азначае, што можна зарабіць як мінімум 16 тысяч даляраў на адной еўрааблігацыі апошняга выпуску.

Навошта наогул еўрабонды, калі ёсць звычайныя крэдыты?

Еўрабонды ўяўляюць сабой класічныя аблігацыі, якія размяшчаюцца па заканадаўстве еўрапейскіх дзяржаў і ЗША. Гэтыя каштоўныя паперы, насуперак назве, часцей за ўсё размяшчаюцца ў далярах.

— Эмітэнт каштоўных папер размяшчае аблігацыі, у нашым выпадку еўрааблігацыі, а пакупнік гэтых каштоўных папер такім чынам пазычае ў рамках гэтага інструмента свае грашовыя сродкі пад пэўную стаўку, якая называецца купонным прыбыткам. Напрыклад, купонны прыбытак па выпуску чэрвеня 2020 года з пагашэннем у 2031-м складае 6,378% гадавых, што выплачваецца раз на паўгода, — тлумачыць эксперт.

Размяшчэнне такіх каштоўных папер — гэта магчымасць для ўрада Беларусі і іншых рэзідэнтаў краіны прыцягнуць на параўнальна камфортных умовах буйныя сумы грашовых сродкаў на досыць працяглы перыяд часу.

— Гэта важная крыніца знешніх запазычанняў для фінансавання эканамічнага росту Беларусі. У гэты момант у абарачэнні знаходзіцца адразу пяць выпускаў еўрабондаў урада на агульную рэкордную суму 3,250 млрд даляраў. Плюс аблігацыі на суму 500 млн даляраў Банка развіцця, які па сутнасці падкантрольны ўраду, і 210 млн беларускіх рублёў.

Навошта нам еўрабонды, калі працэнты па іх вышэйшыя, чым па крэдытах Расіі ці МВФ?

Сапраўды, крэдыты міжнародных фінансавых інстытутаў і Расіі для Беларусі таннейшыя за прыцягненне сродкаў праз еўрааблігацыі, таму што па сутнасці яны прадастаўляюцца на льготных умовах.

— Гэта інструмент таннага фінансавання, які прыцягваецца на рынкавых умовах. Яго перавага ў тым, што ўрад і іншыя рэзідэнты Беларусі могуць прыцягнуць досыць буйныя сумы замежных рэсурсаў без выканання якіх-небудзь іншых эканамічных і палітычных умоў, таму што ў адрозненне ад крэдытаў Расіі і міжнародных фінансавых інстытутаў, прыцягненне сродкаў не суправаджаецца выкананнем такіх умоў, у тым ліку негалосных. У гэтым сэнсе еўрабонды — гэта інструмент забеспячэння эканамічнай незалежнасці краіны, паколькі дазваляе персаніфікаваць геаграфічную структуру знешняга дзяржаўнага доўгу, разам са зніжэннем залежнасці ад асноўнага замежнага крэдытора — Расійскай Федэрацыі.

Размяшчэнне каштоўных папер таксама дазваляе суб'ектам гаспадарання прыцягваць на розныя праекты буйныя сумы, якія складана знайсці на ўнутраным рынку.

Чым лепш эканамічная сітуацыя ў краіне, чым больш даверу да яе, тым ніжэй стаўкі. Напрыклад, у снежні мінулага года Украіна размясціла пад рэкордна нізкую прыбытковасць за гісторыю яе незалежнасці — 6,2% гадавых з пагашэннем ў 2033 годзе.

— Калі б у нас быў урэгуляваны палітычны крызіс, Беларусь магла б прыцягнуць замежныя рэсурсы па рэкордна нізкай стаўцы, якая была б ніжэйшая, чым ва Украіны, менш за 6% гадавых. За кошт новага выпуску суверэнных еўрабондаў Мінфін мог бы прыцягнуць больш танныя доўгія замежныя рэсурсы, тым самым знізіўшы сярэдні кошт абслугоўвання знешняга дзярждоўгу, а значыць і паменшыць выдаткі бюджэту на гэта, — лічыць эксперт.

Інвестфонды прадаюць еўрабонды. А што нам з гэтага?

— На той жа Франкфурцкай біржы ёсць такі паказчык, як прыбытковасць — цяпер ён 7,6505%. Прыбытковасць па еўрабондах з'яўляецца адлюстраваннем усяго спектру краінавых рызык. На гэтую купонную прыбытковасць глядзяць замежныя інвестары і крэдыторы рэзідэнтаў Беларусі. Відавочна, што на фоне пагаршэння доступу [да новых замежных крэдытаў] гэта прыводзіць да падаражэння ўсіх знешніх запазычанняў, — тлумачыць Аляксандр Муха. — Страты, звязаныя з падаражэннем новых знешніх запазычанняў і прадаўжэннем бягучых даўгавых абавязкаў (не толькі ўрада, але таксама беларускіх кампаній і банкаў — Заўв. рэд.), намінаваных у замежнай валюце, могуць вымярацца сотнямі мільёнаў даляраў.

Але ўсё ж распродаж еўрабондаў Беларусі, як і падаражэнне патэнцыйных знешніх пазык — гэта не хвароба, а яе сімптом. Ён ускосна адлюстроўвае ацэнкі і веру інвестараў у беларускую эканоміку.

Калі палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, на фоне эканамічных санкцый ЕС, ЗША і іх партнёраў, значных плацяжоў па вонкавым доўгу ва ўмовах пагоршанага доступу да новых замежных пазык і высокіх дэвальвацыйных чаканняў эканамічны спад працягнецца. Гэта можа весці да росту пратэрмінаванай запазычанасці кампаній і банкаў па знешніх крэдытах, а па ланцужку і ўнутры краіны.

— У канчатковым выніку гэта прывядзе да істотнага пагаршэння беларускіх прадпрыемстваў і банкаў, што па ланцужку выльецца ў падзенне грашовых прыбыткаў насельніцтва ў рэальным выражэнні і ў даляравым эквіваленце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?