Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Шматмільярдны праект у Балтыйскім моры завяршаецца. Засталося дабудаваць толькі 148 з 1230 кіламетраў газаправода. Праект быў распачаты з мэтай транспарціроўкі большай колькасці расійскага газу ў Заходнюю Еўропу праз Германію, піша выданне DW.

Аднак супраціўленне расце. Праект пад пагрозай закрыцця ўсяго за некалькі месяцаў да яго завяршэння. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн збіраецца захаваць санкцыі, уведзеныя яго папярэднікам. Але нягледзячы на палітычную спрэчку, будаўніцтва працягваецца.

Яшчэ да інаўгурацыі Байдэна было зразумела, што трансатлантычным адносінам неабходны новы старт: вярнуцца да папярэдняга партнёрства, шматбаковасці і міжнароднага супрацоўніцтва. Але дасягнуць гэтага будзе не так проста.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на слуханнях у Сенаце паабяцаў захаваць санкцыі, прынятыя Кангрэсам ЗША, каб спыніць будаўніцтва газаправода. Той жа пазіцыі прытрымліваецца і Джо Байдэн.

Такая пазіцыя ЗША тлумачыцца эканамічнымі інтарэсамі: Вашынгтон зацікаўлены ў продажы амерыканскага газу ў Еўропу, а будаўніцтва «Паўночнага патоку-2» будзе гэтаму перашкаджаць. Акрамя таго, існуе знешпалітычная мэта — захаваць дамінантнае становішча ЗША і не дапусціць росту моцы Расіі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, настойвае на тым, што праект будзе завершаны. На прэс-канферэнцыі ў снежні ён адзначыў, што «Паўночны паток-2», без сумненняў, выгадны праект для ўсёй эканомікі Еўропы.

Канстанцін Касачоў, старшыня Камітэта замежных спраў Савета Федэрацыі, сцвярджае: «У нашым стратэгічным плане мы зыходзім з таго, што Германія заўсёды разглядала гэты праект як выключна эканамічны, а не палітычны. Мы лічым, што гэтай пазіцыі варта прытрымлівацца і далей».

Аднак не ўсе ў Расіі падзяляюць гэта меркаванне. Партнёр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін лічыць, што праект даўно мёртвы са снежня 2019 года, калі Кангрэс ЗША прыняў закон аб санкцыях.

А ў сярэдзіне студзеня расійская дзяржкарпарацыя «Газпрам», якая займаецца будаўніцтвам «Паўночнага патоку-2», заявіла, што не выключае магчымасці правалу праекта. У Расіі гэта навіна выклікала ажыятаж, бо, калі будаўніцтва газаправода не будзе завершаным, краіне прыйдзецца транспартаваць свой газ праз Украіну.

ЕС настойвае на тым, што гэты праект датычыцца толькі Германіі. З іншага боку, на мінулым тыдні Еўрапарламент большасцю галасоў заклікаў адмовіцца ад «Паўночнага патоку-2», бо Расія мае завялікі ўплыў на еўрапейскі энергетычны рынак, а Крэмль мусіць быць пакараны за парушэнне правоў чалавека.

Сярод краін-членаў ЕС за будаўніцтва газаправода выступаюць Германія, Нідэрланды, Аўстрыя і Францыя.

Польшча і Літва, у сваю чаргу, бачаць магчымасць шантажу з боку Расіі, а таксама пагрозу краінам-транзітарам газу, такім, як Украіна і Славакія.

Калі гаворка ідзе пра санкцыі з боку ЗША, то Еўракамісія перакананая, што гэта парушыць міжнароднае права і прывядзе да зваротных санкцый.

Нямецкі ўрад пазітыўна ацэньвае будаўніцтва газаправода і заўсёды імкнецца падкрэсліць, што гэта выключна эканамічны праект. Пасля атручвання Аляксея Навальнага Германія была пад моцным міжнародным ціскам, каб краіна адмовілася ад праекта. На гэта нямецкі ўрад адказваў, што справа Навальнага і газаправод — рэчы, якія ніяк не суадносяцца паміж сабой.

Запасы газу ў Германіі і Еўропе на цяперашні момант дастатковыя, таму завяршэнне будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» не ўяўляе сабой пагрозы для энергазабеспячэння Германіі. Аднак цана на газ знізіцца значна, калі праект усё ж такі будзе завершаны, сцвярджаюць эксперты.

У той жа час эксперты па экалагічных пытаннях лічаць, што для дасягнення мэтаў па абароне клімату Германіі неабходна цалкам адмовіцца ад выкарыстання нафты, вугалю і газу. Адной з асноўных праблем выкарыстання прыроднага газу з’яўляецца высокі ўзровень выкідаў парніковых газаў, у прыватнасці метану, які, па звестках Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату, за 20-гадовы перыяд меў у 87 разоў горшы ўплыў на навакольнае асяроддзе, чым вуглякіслы газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0