«Яго немагчыма забараніць проста таму, што немагчыма забараніць Беларусь.

Не, можна, вядома, выдаць цыркуляр і думаць, што гэта нешта зменіць. Але не зменіць нічога. БЧБ будзе да таго часу, пакуль будзе Беларусь.

Логіка ябацек такая: раз сцяг выкарыстоўвалі калабарацыяністы, значыць, што ён фашысцкі і ад яго трэба адмовіцца. Паслядоўнае развіццё гэтай логікі не ў тым, каб прапаноўваць ябацькам, у такім выпадку, забараніць і сцягі Бельгіі ці Расіі. Для гэтага ў іх рукі кароткія, ды і дзе Бельгія тая знаходзіцца, яны на карце не пакажуць.

Паслядоўнае развіццё гэтай логікі ў тым, што пад гэтым сцягам была заснавана сучасная беларуская дзяржава Рэспубліка Беларусь. І, калі ўжо сцяг «фашысцкі», то і ад дзяржавы, што выкарыстоўвала яго, трэба адмовіцца? Або пагадзіцца, што ўсе мы жывём у першапачаткова ў аснове сваёй у «фашысцкай» дзяржаве?

Унікальнасць і сакральнасць БЧБ у тым, што гэта — нацыянальны сцяг, які з'явіўся ў той гістарычны момант, калі беларусы заявілі пра сябе як пра сфармаваную нацыю. Менавіта пад ім былі заснаваныя абедзьве беларускія нацыянальныя дзяржавы — і БНР, і РБ. Гэты сцяг — сімвал нацыі і сімвал адбытай і аформленай у 1991-м нацыянальнай дзяржавы. Менавіта ў гэтай дзяржаве мы жывём ужо 30 гадоў і менавіта бел-чырвона-белы быў сімвалам яе з'яўлення і застаецца сімвалам існавання.

Аб дзейнай сімволіцы гэтага сказаць нельга. Гэта — варыяцыі на сімволіку ідэалагічнай дзяржавы СССР, у якой інтарэсы людзей, народаў і нацый былі засунутыя на трыццаць трэці план, каб дагадзіць нейкім нежыццяздольным ідэалагічным і тэарэтычным канструкцыям, што пацярпелі ў выніку поўны крах. У выніку чаго поўны крах пацярпела і тая дзяржава, знікшы з карты свету.

Спробы навязаць ідэалагічную (супраць нацыянальнай) сімволіку памерлай дзяржавы сучаснай нацыі — палітычная некрафілія і не больш за тое. Будучыні на такім фундаменце не пабудуеш. І цалкам лагічна, што прыйшоў момант, калі ў грамадстве гэта зразумелі. Магчыма, яшчэ не ўсе, але працэс пайшоў і ён незваротны.

У 90-я гады я глядзеў адзін футбольны матч, паміж Германіяй і Галандыяй. Галандскія заўзятары прымудрыліся працягнуць на трыбуну ровар, які паднялі з плакатам: «Больш не адбераце». Ужо не ведаю, прыдумаў каментатар гэтую гісторыю на хаду, ці такое і напраўду было, але ён патлумачыў, што падчас Другой сусветнай нацысты ўвялі ў Нідэрландах забарону на велікі.

Галандцы, вядома, не зрабілі з ровара нацыянальны сімвал толькі таму, што яго забаранялі немцы. Транспартны сродак застаўся тым, чым і быў, — транспартным сродкам.

Сапраўды гэтак жа і наш БЧБ, якія б ідыёцкія распараджэнні хто ні выдаваў, назаўжды застанецца тым, чым ён ёсць, — сцягам, пад якім сфармавалася беларуская нацыя і была заснаваная існая беларуская дзяржава — Рэспубліка Беларусь.

А пасля ўсіх тых пакут, якія былі (і, напэўна, на жаль, яшчэ будуць) пад ім вынесеныя — яшчэ і сапраўднай святыняй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0