У чацвер, 24 снежня, восьмы раз за апошнія два месяцы ў Мінску судзілі студэнта-чацвёртакурсніка БДУІР і экс-супрацоўніка навукова-тэхнічнага цэнтра КДБ Яна Салановіча. Пасяджэнне праходзіла ў судзе Партызанскага раёна. З улікам тэрмінаў па папярэдніх пратаколах, за кратамі малады чалавек павінен правесці 114 дзён, піша Tut.by.

Справу вядзе суддзя Міхаіл Макарэвіч. Адвакат Дзмітрый Пігуль заявіў адвод суддзі. Суд гэта рашэнне адхіліў.

Судзяць студэнта за падзеі 25 кастрычніка. У матэрыялах адзначаецца, што ў гэты дзень Ян удзельнічаў у вулічным шэсці на праспекце Незалежнасці, якое не было ўзгоднена з Мінгарвыканкамам. Падчас масавага мерапрыемства ён з групай грамадзян выказваў сваю незадаволенасць «па факце ўсяго таго, што адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь». Упершыню за два месяцы віну малады чалавек не прызнаў. Паведаміў, што не памятае, што было ў той дзень. На ўдакладненне, ці ўдзельнічаў ён у шэсці, адказаў: «Напэўна». Магчыма, мяркуе, у гэты дзень ён апынуўся па адрасе, што ў пратаколе, бо вазіў на машыне дзядзьку на дачны ўчастак і яны праязджалі па праспекце.

Ян кажа, што не ведаў, што мерапрыемства несанкцыянаванае. На вуліцу, тлумачыць, ён выйшаў, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права — «на выказванне сваіх палітычных поглядаў».

На працэсе Ян паведаміў, што на мінулым тыдні ўмовы ўтрымання крыху сталі больш жорсткімі, цяпер практычна кожны дзень ім трэба падымаць нары. Ні ў душ, ні на прагулкі яго не водзяць. Лістоў за ўвесь гэты час ён ні разу не атрымліваў. Паштовая скрыня яго мамы, як высветліцца пазней, таксама пустуе ўвесь гэты час. Пазней абаронца паведаміць TUT.BY, што мама студэнта падала ў пракуратуру заяву па адбыванні спагнання. Сям'я скардзіцца на тое, што Яна не выводзяць на вуліцу, не водзяць у душ і пазбаўляюць карэспандэнцыі.

У сваім выступе адвакат назваў умовы, у якіх утрымліваецца Ян, катаваннямі.

Рашэнне па справе студэнта суддзя Міхаіл Макарэвіч прыняў на месцы — 15 сутак. З улікам тэрмінаў па папярэдніх пратаколах, за кратамі малады чалавек павінен правесці 114 дзён.

Нагадаем, Яна Салановіча затрымалі ў нядзелю, 1 лістапада, падчас маршу ў Курапаты. Назаўтра суд даў яму 12 сутак, але, адседзеўшы іх, на волю Ян так і не выйшаў. Як пазней высветліў адвакат, падчас разбору малады чалавек паведаміў, што ў знак пратэсту выходзіў на вуліцу са жніўня, і пералічыў 15 эпізодаў.

Праваабаронцы прызналі Яна палітвязнем і патрабуюць неадкладна яго вызваліць.

Хлопец працаваў у КДБ і хадзіў на Маршы. Цяпер яму бясконца даюць суткі — ужо набег 71 дзень на Акрэсціна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0