Тры сцэнары, якія проста цяпер паралельна развіваюцца ў Беларусі, Павел Латушка акрэсліў у новым выпуску дэбатаў «ДысКУТ».

Адзін сцэнар ён называе расійскім, другі — сцэнаром Лукашэнкі, трэці — беларускім. 

«Калі мы кажам пра расійскі сцэнар, то ён выглядае наступным чынам. Расійскі бок цісне на Лукашэнку, каб ён змяніў Канстытуцыю, зменшыў паўнамоцтвы прэзідэнта, стварыў шматпартыйную сістэму ўлады, у якой урад будзе абірацца ці прызначацца парламентам і толькі фармальна зацвярджацца прэзідэнтам. І гэта тады дае магчымасць фарміраваць палітычныя сілы, якія будуць зацікаўленыя ў больш шчыльных адносінах з Расійскай Федэрацыяй», — тлумачыць Латушка.

У сцэнары Лукашэнкі ён бачыць жаданне ўтрымаць уладу на бліжэйшыя пяць гадоў. 

«Лукашэнка супраціўляецца падыходу Расійскай Федэрацыі і тым дамоўленасцям, якія былі дасягнутыя падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы. Ён выводзіць на парадак дня адмову ад змен у Канстытуцыю. Пазней прыязджаюць высокія прадстаўнікі Расіі, націскаюць на яго, ён зноў размаўляе пра Канстытуцыю, уздымае пытанне Усебеларускага народнага схода, які можа тэарэтычна атрымаць прапарламенцкі статус. Але для гэтага патрэбныя змены ў Канстытуцыю. А каб іх унесці, патрэбны рэферэндум.

Логіка ў Лукашэнкі адна — гэта пяць гадоў застацца пры ўладзе. Ён не хоча новых выбараў, не хоча змен у Канстытуцыю. Але ўсё ж такі ціск Расіі будзе мець для яго важнае значэнне», — кажа палітык. 

Трэці варыянт Латушка называе сцэнаром беларускага грамадства, пры якім Лукашэнка адыходзіць ад улады і адбываюцца новыя дэмакратычныя выбары. 

«Зразумела, перадумовы — гэта вызваленне ўсіх палітзняволеных, пакаранне тых, хто спрычыніўся да злачынстваў супраць беларускага народа, прыпыненне ўсіх рэпрэсій і самі выбары, — мяркуе Павел Латушка. — Дык вось два з трох сцэнароў прадугледжваюць адыход Лукашэнкі ад улады. Так што ўжо 2:1 на дэмакратычным баку». 

Ён кажа, што пратэсты, санкцыі, крымінальны пераслед вінаватых у злачынствах, знешне-палітычная ізаляцыя і далейшая самаізаляцыя — усё гэта разбурае існуючую палітычную сістэму і робіць непазбежнай змену ўлады. 

«Калі вы гулялі ў «Джэнгу», то можна сказаць, што вось гэтых кубікаў, якія падчас гульні вымаюць ў канструкцыі і перастаўляюць наверх, — іх ужо зашмат вынята. Так і сістэма разбурыцца, як падчас гэтай гульні ў «Джэнгу», — параўноўвае Латушка. 

Глядзець дыскусію цалкам на ютубе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0