Міліцыя прыехала дадому да Ілоны Златкінай — былой медсястры Бабруйскага раённага анкалагічнага дыспансера — 23 снежня, паведамляе «Бабруйскі кур'ер». Калі жанчына доўга не адчыняла дзверы, супрацоўнікі міліцыі выклікалі МНС. Падчас ператрусу ў Ілоны канфіскавалі тэхніку, затым жанчыну да вечара апытвалі ў РАУС і Следчым камітэце.

23 снежня Ілона з мужам былі дома. Каля 11 гадзіны раніцы да іх у дзверы сталі стукаць супрацоўнікі міліцыі. Муж і жонка спачатку вырашылі зрабіць выгляд, што дома нікога няма, але неўзабаве ўбачылі, як пад'язджае пажарная машына. Яшчэ праз нейкі час пачулі, як на лесвічнай клетцы, па словах Ілоны, «заводзяць балгарку». Каб пазбегнуць узлому дзвярэй, жанчына адчыніла.

Супрацоўнікі прад'явілі ёй пастанову на ператрус, патлумачылі, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы аб паклёпе на галоўнага лекара Бабруйскай цэнтральнай бальніцы. Нібыта ёсць падазрэнне, што менавіта Ілона размясціла ў нейкім тэлеграм-канале інфармацыю аб тым, што па загадзе галоўнага лекара ў Бабруйску звальняюць медыкаў.

У выніку ператрусу ў сям'і Златкіных забралі ноўтбук, флэшкі, у Ілоны таксама канфіскавалі тэлефон.

Пасля ператрусу медсястру павезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна г. Бабруйска. Там апыталі на паліграфе, пасля чаго даставілі ў Следчы камітэт. Толькі там ад следчага Ілона даведалася, што яна праходзіць як сведка па справе аб паклёпе, а не як падазраваная. Пасля апытання жанчыну адпусцілі, да вечара яна была дома.

Ілона кажа, што бачыла пасты, пра якія казалі супрацоўнікі міліцыі і следчы, у тэлеграме, нават дзялілася імі з сябрамі, але сама іх не пісала.

Ілона Златкіна працавала медсястрой у аддзяленні камп'ютарнай тамаграфіі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры. 4 кастрычніка гэтага года яна была затрымана на мірным шэсці. Ноч жанчына правяла ў ІЧУ, на наступны дзень яе асудзілі па арт.23. 34 КаАП РБ за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 10 базавых велічынь.

Пасля гэтага эпізоду ёй прапанавалі звольніцца. Ілона не стала абвастраць сітуацыю і напісала заяву па пагадненні бакоў.

Пасля звальнення былая медсястра стала на ўлік у цэнтр занятасці, але, пахадзіўшы па накіраваннях, якія ёй выдавалі, зразумела, што не хоча вяртацца ў гэтую сістэму.

Падчас пошукаў новай працы з Ілонай адбыўся даволі пацешны выпадак. У Цэнтры занятасці ёй выдалі накіраванне на вакансію медсястры аддзялення камп'ютарнай тамаграфіі ў анкадыспансеры — на яе былое працоўнае месца. Ілона вырашыла схадзіць. Па словах жанчыны, у аддзеле кадраў не ведалі, што рабіць, пабеглі раіцца да галоўнага лекара, а праз дзень даслалі ёй адказ, што вакансій няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0