Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Афіцыйны Мінск у адказ на трэці пакет санкцый ЕС забароніць уезд у Беларусь і на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы шэрагу еўрапейскіх чыноўнікаў і перагледзіць рэалізацыю шэрагу гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, у тым ліку дзейныя і пад эгідай пасольстваў замежных дзяржаў. Аб гэтым кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў журналістам, піша Tut.by.

Макей чарговым разам паўтарыў, што Мінск катэгарычна не прымае палітыку і логіку санкцый, але «вымушаны адказваць адэкватна на тыя недружалюбныя рэстрыктыўныя захады, якія, на жаль, робяць нашы партнёры ў дачыненні да Беларусі».

— Мы ўважліва вывучылі ўвесь так званы трэці пакет рэстрыктыўных мер, і, натуральна, мы прапанавалі нашы дзеянні ў адказ на гэты пакет. Яны ўключаюць у сябе таксама павелічэнне адпаведнага персанальнага спісу. Гэта азначае, што шэраг дадатковых персон з краін Еўрасаюза не змогуць трапіць на тэрыторыю Беларусі і на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы, з улікам таго, што ў нас гэты спіс аднолькавы з Расійскай Федэрацыяй. Мы распачнём, натуральна, шэраг дзеянняў юрыдычнага характару ў адказ на абсалютна неабгрунтаванае ўключэнне шэрага прадпрыемстваў і персаналій у спіс ЕС, — заявіў Уладзімір Макей.

Акрамя таго, афіцыйным Мінскам прынятае рашэнне аб абмежаванні дзейнасці шэрагу палітычных фондаў у Беларусі, а таксама аб пераглядзе рэалізацыі шэрагу гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі, у тым ліку дзеючыя і пад эгідай пасольстваў.

— Ёсць яшчэ як мінімум тры напрамкі, па якіх будуць прыняты адэкватныя меры ў адказ з боку Беларусі ў адрас нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы не хацелі б агучваць гэтыя меры, але яны будуць сапраўды вельмі адчувальнымі і сур'ёзнымі, — сказаў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0