17-гадовы Максім Бабіч — самы юны палітвязень. Яго разам з прыяцелем асудзілі за перакрыцце дарогі ў Серабранцы і патасоўку з кіроўцам і пасажырам аднаго з аўто (якую апошнія, калі верыць паказанням у судзе, і завязалі). Максіму далі тры гады хатняй хіміі і вызвалілі ў зале пасяджэння.

У калідоры яго чакалі сябры і сям’я. Мама Ірына не змагла стрымаць слёз: яна нарэшце абняла сына, якога не бачыла ўжо два месяцы.

Напярэдадні пасяджэння «Наша Ніва» пагутарыла з ёй — пра Максіма, яго праблемы з сэрцам і арышт.

Максіму толькі ў жніўні споўнілася 17. Ён вучыцца на другім курсе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. Паступіў туды пасля 9 класа, бо вельмі цікавіцца аўтамабілямі і хоча звязаць сваё жыццё з іх дызайнам і рамонтам.

З дзяцінства хлопец займаўся спортам. Барацьба, дзюдо, таэквандо… Пасля перайшоў на акадэмічнае веславанне — быў адпаведны целасклад для гэтага віду спорту. Паспрабаваў сябе, паказаў добрыя вынікі. Але праз праблемы з сэрцам прафесійны спорт давялося пакінуць.

«У Максіма парок сэрца. Праблемы пачаліся ва ўзросце 10 год. А ў 12, калі сын стаў прафесійна займацца веславаннем, мы прайшлі сур’ёзную камісію і даведаліся пра дакладны дыягназ. Аперацый не было, але вельмі доўга лячыліся. Максіму былі супрацьпаказаны вялікія нагрузкі, стрэс. Цяпер, кажуць, ужо пачаў гэта перарастаць, стан палепшыўся — упершыню ў яго былі нядрэнныя паказчыкі УГД. Але стрэсу ўсё адно трэба пазбягаць.

Калі яго арыштавалі, я пісала прашэнне пракурору, каб сыну замянілі меру стрымання на хатні арышт, бо непаўналетні, з сэрцам ёсць праблемы. Пісала, што ў нас добрая сям’я, будзем за ім сачыць. Але нам адмовілі», — расказвала Ірына.

Максім рос у сям’і вайскоўца і заўсёды хацеў быць у Беларусі, перажываў за краіну, нягледзячы на юны ўзрост.

«Звычайны хлопец, сумленны, справядлівы, — апісвае яго мама. — Яму крыўдна было, што з кожным годам нам складаней становіцца жыць. Стаў больш паглыбляцца ў гэту тэму апошні год. Казаў, што трэба штосьці змяняць. Канечне, у сілу свайго ўзросту не зусім разумеючы, як і што, можа быць».

Максіма затрымалі 19 кастрычніка, калі ён ранкам выходзіў на заняткі ў каледж. Супрацоўнікі чакалі яго каля кватэры. Хлопец паспеў набраць бацьку — сказаць, што яго забіраюць.

Студэнта адвезлі на Акрэсціна, а праз тры дні бацькі даведаліся пра крымінальны артыкул. Да суда Максім знаходзіўся пад вартай у СІЗА Жодзіна. Ужо перад пасяджэннем яго перавезлі на Валадарку.

«Сын пісаў лісты. Я пыталася ў яго пра ўмовы, але ён адказваў: мама, я нічога не магу расказаць, бо чытаюць. Пісаў, каб не перажывала, бо ўсё нармальна. Але што нармальна? Не ведаем», — расказвала Ірына.

Максім прасіў перадаваць яму кнігі — мастацкую літаратуру, у асноўным класіку. Але чамусьці нічога не даходзіла.

Ірына дзеліцца, што многія людзі адгукнуліся на іх бяду. Прадуктовую дапамогу аказалі, грошы на адваката перадалі.

У каледжы Максім яшчэ лічыцца студэнтам. Праўда, не зразумела, ці надоўга.

«За сына вельмі хвалююцца выкладчыкі, але кіраўніцтва спрабуе яго адлічыць, шукаюць падставы для гэтага. Адмаўляюць нам у прадаўжэнні адтэрміноўкі па плацяжы, бо Максім платна вучыцца», — кажа Ірына.

Гэты вечар яны нарэшце правядуць дома ўсёй сям’ёй.

Чытайце таксама:
Вользе Класкоўскай прысудзілі 2 гады калоніі за перакрытую дарогу ў Серабранцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?