Сафія Бурэнь трапіла пад машыну непадалёк ад бальніцы.

Мясцовыя СМІ пішуць, што за стырном «Нівы», якая збіла жанчыну, быў Уладзімір Ільінчык — старшыня Кастрычніцкага сельсавета, які раней займаў пасаду намесніка начальніка Лагойскага РАУС.

71-гадовая Сафія Бурэнь працавала гінеколагам у Плешчаніцкай райбальніцы №2. Муж памёр, жыла адна, кажуць калегі.

«Яна была вельмі добрым чалавекам. Нягледзячы на немалады ўзрост, цікавілася і захаплялася ўсім. Ёй усё было цікава. І гісторыя, і палітыка, любіла падарожнічаць. Востры розум, памяць. Вельмі добры доктар. Магла б сядзець на пенсіі, але праз сваю актыўнасць хадзіла на працу, нягледзячы на каранавірус. Я маладзейшы за яе на 20 гадоў. І мне было вельмі цікава абмяркоўваць з ёй падзеі, становішча ў краіне і свеце», — распавёў пра Сафію Бурэнь адзін з калег. — Што здарылася, дакладна не ведаю. Але гэта была якраз яе дарога на працу, адносна непадалёку ад бальніцы.

Але і месца як бы не падыходзіць для пераходу… Цяжка сказаць, хто вінаваты.

Містыка ў тым, што ў гэтым месцы — ну за метраў 10 — гадоў дзесяць таму на яе напаў алкаголік, параніў нажом, забраў сумку. Тады яна выжыла».

«Наша Ніва» звязалася з Уладзімірам Ільінчыкам, але ён адмовіўся ад каментароў: сказаў, што заняты размовай са следчымі.

Інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Кацярына Сільчанка расказала карэспандэнту Млын.by:

«Здарэнне адбылося каля 08:00 на 66-м кіламетры аўтадарогі Р63 Барысаў — Вілейка — Ашмяны, у межах пасёлка Плешчаніцы. Аўтамабілем «Ніва» кіраваў 49-гадовы вадзіцель. Наезд на жанчыну апынуўся смяротным. Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0