Палітвязень Ігар Лосік у лісце з турмы патлумачыў прычыны сваёй галадоўкі пратэсту і звярнуўся да неабыякавых беларусаў, піша Радыё Свабода.

«Я абвясціў галадоўку, бо больш не засталося ніякай магчымасці паўплываць на неабгрунтаваныя абвінавачанні і маё неправамернае знаходжанне пад вартай. Я несправядліва пазбаўлены волі і магчымасьці ўбачыць сваю сям’ю. За апошнія шэсць месяцаў я прапусціў вельмі шмат. Найбольш крыўдна, што не пачуў першыя словы сваёй дачкі».

«Праз паўгода мне прад’явілі яшчэ адно абсурднае абвінавачанне — падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. Як гэта магчыма, калі да майго затрымання ні пра якія «масавыя беспарадкі» наагул гаворкі не ішло? У гэты час не было вядома, чым скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты. Мабыць, з пункту гледжання следства, я ўмею прадказваць будучыню», — напісаў Ігар Лосік.

Добра ўсё абдумаўшы і ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», блогер адважыўся на галадоўку пратэсту, каб дамагчыся справядлівасці.

«Я цудоўна разумею: следам за абвяшчэннем галадоўкі на мяне можа пачацца ціск: могуць перавесці ў адзіночку ці ў карцар, пазбавіць асабістых рэчаў, лістоў, прэсы, зносінаў з адвакатам. Я магу займець сур’ёзныя праблемы са здароўем ці нават памерці. Але дзеля магчымасці зноў абняць дачку я гатовы ісці да канца. Усё яшчэ веру ў рэшткі сумлення тых людзей, якія кантралююць расследаванне гэтых ліпавых абвінавачванняў», — заявіў Ігар Лосік.

У справе прыцягнення ўвагі да абуральнай несправядлівасці і аднаўленні правоў паўтары сотні палітычных вязняў Ігар Лосік выказаў спадзеў на падтрымку неабыякавых беларусаў, міжнародных арганізацый, амбасадараў краін ЕС, урадаў дэмакратычных дзяржаваў.

«Дапамажыце ўсім невінаватым вярнуцца дадому. Наша сям’я, як і сем’і іншых вязняў сумлення, ужо дастаткова напакутаваліся за апошні час. Я спыню галадоўку толькі пасля зняцця зь мяне ўсіх абвінавачанняў або змены меры стрымання», — падкрэслівае Ігар Лосік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0