Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель 17 снежня выступіў перад калектывам прадпрыемства «Гродна-Азот». Гаварылі на актуальныя тэмы. «Наша Ніва» атрымала аўдыязапіс сустрэчы. Сярод іншага, Іван Церцель негатыўна ацаніў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Польшчы.

«Пазбегнуць, прайсці ўсе рызыкі далёка не ўсім краінам удаецца. Не зразумела, як яшчэ скончыцца сітуацыя ў Польшчы, яна іх нашмат больш сур’ёзная па шэрагу аспектаў, чым у нас. Гэта проста не асвятляецца. Недзе ў нас па афіцыйным тэлебачанні ці па Еўраньюс між іншым паказваюць, што ў Варшаве перакрываюць вуліцы, там маніфестацыі і масы народы кіруюцца іншымі мэтамі.

У эканоміцы Польшчы сур’ёзныя праблемы, і там практычна рухнула сістэма аховы здароўя на фоне кавіду, бо там трэба за ўсё плаціць. Медыцына платная, яна ўся развалена.

У Літве ўвогуле сямейныя дактары! Інфекцыяністаў як такіх увогуле не засталося.

Не ясна, чым закончыцца сітуацыя ў Штатах. Чаму Амерыка займае крыху ўзважаную пазіцыю? Бо амерыканцы паміж сабой абмяркоўваюць: як мы можам абмяркоўваць, што адбываецца ў Беларусі, калі паглядзіце, што ў нас адбываецца ў паўднёвых штатах — гінуць паліцэйскія (больш за 100 загінулых на кастрычнік)».

Варта адзначыць, што рэакцыя прысутных работнікаў на выступ Церцеля была рэзкая, пытанні гучалі выключна крытычныя, а адзіныя апладысменты за час сустрэчы прагучалі пасля аднаго з такіх рэзкіх пытанняў.

«Перад тым, як задаць пару пытанняў, хачу пракаментаваць вашы словы. Што тычыцца Польшчы, Германіі. Справа ў тым, што ў людзей, якія сядзяць у зале, шмат родзічаў працуюць за мяжой. Мы з першых вуснаў ведаем, што там робіцца, таму я б не зусім з вамі пагадзіўся, што там чорт ведае што, — сказаў кіраўніку КДБ адзін з начальнікаў цэхаў. — Што тычыцца Амерыкі, вы не забывайце, што там вольны продаж зброі, і там любы грамадзянін можа вольна яго набыць. Таму дзеянні паліцэйскага гэтым абгрунтаваныя, бо ў яго кішэні можа пісталет ляжаць. У нас, прабачце, людзі без зброі. Што ў вашым разуменні дэмакратыя такое, вось вы патлумачце, каб мы разумелі? Мы зразумелі адно: не высоўвайцеся, сядзіце, іначай вас «замочаць у сарціры».

Чытайце таксама: У Польшчы з 2021 года мінімальны заробак складзе 629 еўра 

Мінімальны заробак у Літве вырасце да 642 еўра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0