Крымінальную справу за вандалізм распачалі ў Магілёве ў дачыненні да 52-гадовага мужчыны. Яго падазраюць у нанясенні бел-чырвона-белай сімволікі. «Прылады злачынства — слоік з чырвонай фарбай і бутэлька з эмаллю белага колеру», — паведамляе МУС. Пра тое, як міліцыянты з сабакам шукалі выявы і іх аўтара, міліцыя зняла цэлы кароткаметражны фільм.
Раніцай 14 снежня ў міліцыю паведамілі пра тое, што ўздоўж вуліц Барысаўскай і Лермантава ў Магілёве выявілі «свежананесеную сімволіку неўстаноўленага ўзору», — так у МУС называюць выявы бел-чырвона-белага сцяга — кадры з ім ёсць на відэа.
Выяву сцяга міліцыя называе ў сваім паведамленні «апазіцыйным сімвалам».
Той, хто тэлефанаваў, паведаміў, што фарба свежая, і на пошукі аўтара малюнкаў адразу накіравалі нарад аховы са службовым сабакам. Той у выніку прывёў сілавікоў да прыватнага дома, каля якога ў гаражы знайшлі «прылады злачынства — слоік з чырвонай фарбай і бутэльку з эмаллю белага колеру».
На грукат сілавікоў жыхары дома адразу не адкрылі. «Толькі праз тры гадзіны следча-аператыўнай групе ўдалося выправадзіць падазраваных з дому», — гаворыцца ў паведамленні МУС.
Сілавікі затрымалі дваіх магіляўчанак — 30 гадоў і 21 года — і 52-гадовага бацьку адной з іх. У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за вандалізм.