Аркадзь Добкін даў вялікае інтэрв'ю каналу «Рускія норм!». Вядучая праекта Лізавета Асяцінская cпыталася ў кіраўніка EPAM у тым ліку пра Беларусь. Dev.by публікуе вытрымкі.

Скрыншот з відэаінтэрв'ю

Скрыншот з відэаінтэрв'ю

— Вы ж разумны чалавек, як паказвае ваш жыццёвы шлях, і чалавек глыбокі. Вы ж разумееце, што зубную пасту нельга запхнуць назад у цюбік. Які ваш прагноз, чым усё скончыцца?

— Няма прагнозу.

— Але вы ж пралічваеце для сябе варыянты.

— Пытанне пра бізнэс або пра краіну?

— Пра краіну. Бо не бывае ніякага бізнэсу ў краіне, дзе татальны непарадак.

— Я не ведаю, што адбудзецца. Я галавой не разумею, як можа адбывацца тое, што адбываецца. Гэта цяжка зразумець.

А да чаго гэта прывядзе? Гэта можа быць сапраўды самы вялікі зыход за апошнія 30 гадоў. Гэта вельмі-вельмі імаверная штука, і гэта будзе вельмі балюча і крыўдна. Гэта значыць, што некалькі генерацый (пакаленняў) людзей, хутчэй за ўсё, зноў знікнуць з Беларусі. Бо дзяцей тых, хто адсюль з'язджае, назад зацягнуць сюды вельмі цяжка.

Калі бізнэс пайшоў і я стаў трапляць на сустрэчы з вялікімі начальнікамі [сталі ўзнікаць такія сітуацыі]. Ты распавядаеш гісторыю ЕРАМ і кажаш, што ты з Мінска, а гэтыя вялікія начальнікі [ўздыхаюць]: «Ох, а ў мяне бабуля з Вільні. (Ці з Пінска, ці з Мінска, ці з Брэста). Вось выдатна, давайце я калі-небудзь да вас прыеду». І такіх людзей маса, гэта людзі, якія рабілі Амерыку. Для краіны [Беларусі] гэта вельмі сумна.

Вядучая таксама падняла пытанне аб уплыве палітычнага крызісу на бізнэс.

— Чатыры апошнія месяцы краіна расколатая.

— А рэпутацыя працуе.

— Але гэта ж рызыка-фактар.

— Гэта ўжо другі раз. Першы раз быў у 2014 годзе. У нас ёсць залежнасць ад Украіны, а там канфлікт быў значна больш гарачы. Тады наш stock канкрэтна асеў, а потым мы даказалі, што на працу гэта не моцна ўплывае.

— Тады на працу не моцна ўплывала, таму што інтэрнэт не адсякалі.

— Рэальнасць такая, што інтэрнэт у Мінску адсякалі на паўдня. Мабільны інтэрнэт — у выходныя, але гэта не ўплывае на працу. А рэальны інтэрнэт адсякалі толькі на паўдня (мінчане, напэўна, паспрачаюцца з гэтым сцвярджэннем — dev.by). Тое ж самае было ва Украіне. Там амаль на дзень усюды выключылі святло, але гэта быў адзін дзень.

— Гэта значыць, Вы сваім інвестарам не кажаце: сябры, у нас такая рызыка-фактар, давайце памяншаць долю Беларусі?

— Мы натуральна гаворым, але мы гаворым разумна. Мы ацэньваем рызыкі, наколькі гэта паўплывае на бізнэс. Нейкія кліенты і сёння гавораць: мы хочам дыверсіфікавацца і паменшыць нашу залежнасць ад Беларусі. Гэта нармальна з пункту кліента, тут нічога нельга зрабіць. Вядома, гэта страты для Беларусі. Гэтак жа былі кліенты, якія казалі: мы не хочам працаваць ва Украіне, мы баімся, што там пачнецца вайна. Пры гэтым агульны попыт, агульная колькасць кліентаў дазваляе пакуль нармальна рэбалансаваць.

— Сёння Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Лукашэнкі. Санкцыі ЗША — пытанне часу. Гэта нейкім чынам уплывае [бізнэс]?

— На бізнэс не ўплывае. Мы ж жывём у Беларусі вельмі шмат гадоў. Па Беларусі санкцыі былі заўсёды, але на прыватны бізнэс гэта ніяк не ўплывае.

Ліза Асецінская нагадала аб жнівеньскім лісце кіраўніка ЕРАМ супрацоўнікам.

— Вы сказалі супрацоўнікам: «Беражыце сябе, калі што, мы ўсім дапаможам». А ў чым заключалася дапамога і наколькі шырокай яна была?

— Мы можам аказаць супрацоўнікам юрыдычную дапамогу, паклапаціцца аб іх блізкіх, калі гэта спатрэбіцца. Як яшчэ можна дапамагчы ў гэтай сітуацыі?

А даводзілася гэта рабіць?

— Вядома, даводзілася. Іншая справа, што гэтая дапамога досыць абмежаваная.

— Чым?

— Чым? Усім! Проста ты нічога не можаш зрабіць.

— Вы маеце на ўвазе, нельга дамовіцца з уладай, каб выцягнуць аднекуль людзей?

— Дамовіцца пра гэта практычна немагчыма.

— Я так разумею, што ў вас пачалася праграма рэлакацыі людзей з Беларусі.

— У любой вялікай кампаніі ёсць праграма па перамяшчэнні супрацоўнікаў. Такая праграма ў ЕРАМ існуе шмат гадоў. Людзі могуць сказаць: хочам перамясціцца туды, калі там ёсць адкрытая пазіцыя. Гэтак жа па гэтай праграме сотні людзей прыязджалі ў Беларусь з епамаўскіх і не-епамаўскіх лакацый. Фармальна і нефармальна мы, безумоўна, не збіраемся сыходзіць з Беларусі. Мы будзем працягваць там працаваць. У той жа час калі людзі хочуць пераехаць, мы будзе ствараць усе ўмовы. У гэтым сэнсе ў нас ёсць адкрытыя пазіцыі ў офісах па ўсім свеце. Калі людзі падымаюць рукі і гэтыя пазіцыі адпавядаюць іх здольнасцям, то мы даём магчымасць [пераезду].

— Можна сказаць, што больш людзей сталі хацець з'ехаць з Беларусі?

— Безумоўна.

Скрыншот з відэаінтэрв'ю

Скрыншот з відэаінтэрв'ю

На 25-й хвіліне Аркадзь Добкін адмовіўся размаўляць далей пра Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0