Гэта быў найлепшы год за ўсе часы, што я сябе памятаю! Калі б 31 снежня 2019 года мне далі пачытаць храналогію 2020 года, я б сказаў: «Афігець, дайце два!» Так, пакуль не здарыўся той самы дзень, калі на гулянні з феерверкамі выйдзе ўся краіна. Але нічога страшнага, значыць, будзе чым адзначыцца і 2021 году.

Я не ведаю, які канкрэтны эпізод вылучыць з усіх гэтых маршаў з сотнямі тысяч удзельнікаў. Напэўна, 30 жніўня, калі натоўп збіраўся каля Стэлы і мэтанакіравана рушыў да Палаца Незалежнасці. Я адправіўся ў самай галаве і падышоў да самага ланцуга сілавікоў і іх тэхнікі. А там такі рэльеф, што ад Стэлы трэба ісці ўніз. І вось глядзіш на людзей — плыве бясконцае бел-чырвона-белае мора на ўвесь гарызонт. З кожнай хвілінай яно бліжэй-бліжэй-бліжэй… І раз на хвіліну-дзве натоўп вымаўляе такое аглушальнае «У-у-у-у-у-у!», што сілавікі нервова пераступаюць з нагі на нагу: а раптам сапраўды пойдуць на штурм?

Але тры самыя моцныя моманты-абставіны-дні ўсё ж іншыя.

3) Я прапусціў першы тур Святланы Ціханоўскай па гарадах Беларусі. Але тое, што адбывалася ў Глыбокім — Наваполацку — Віцебску, уражвала нават праз маніторы. Таму ў трохдзённае турнэ ад Смаргоні да Слоніма я паехаў сам. І не пашкадаваў ні на хвіліну.

Самае эмацыйнае з гэтых выбарчых сустрэч — выхад Ціханоўскай на сцэну пад «Муры». Яна ўсміхаецца, але насамрэч плача. Людзі глядзяць на яе, думаюць пра яе арыштаванага мужа — і многія таксама плачуць.

Пікавы момант — гэта калідор гонару на мітынгу ў Горадні, калі кандыдатка з аховай ідзе пад авацыі праз шматтысячны натоўп, а людзі падбягаюць, каб зрабіць сэлфі з новай рок-зоркай.

2) Гэтую з'яву складана патлумачыць нейкай адной сцэнкай, бо падобных гісторый былі дзясяткі. Гэта той момант, калі ты едзеш на машыне, а паўсюль уздоўж дарогі бачыш людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яны стаяць у Серабранцы, у Каменнай Горцы, у Зялёным Лузе — проста паўсюль. На самай забытай богам вуліцы!

Іншы момант — людзі ідуць калонай свайго раёна на Марш. Ты ім сігналіш, а яны ўсе — сотні ці нават тысячы чалавек — у адказ паказваюць табе сімвал перамогі. Ты іх чакаў 20 гадоў, і вось нарэшце яны выйшлі — прычым адразу ўсе!

1) Увесь дзень 9 жніўня — самы сканцэнтраваны незабыўны згустак энергіі. Чэргі ахвотных прагаласаваць ад самай раніцы — на ўваходзе на мой участак каля 20 назіральнікаў, якія каардынуюць людзей — аб’езд самых гарачых участкаў Мінска: у чарзе ў Ржаўцы тысячы чалавек…

9 жніўня, вечар. Чарга на ўчастак для галасавання ў Мінску ў Ржаўцы. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

9 жніўня, вечар. Чарга на ўчастак для галасавання ў Мінску ў Ржаўцы. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

…У школе каля «Дана-Мола» скончыліся бюлетэні — на маім участку ў Грушаўцы ў чарзе аднамомантава стаяць больш за 300 чалавек, амаль усе з белымі стужкамі — на падліку галасоў працэнтаў 80-90% бюлетэняў складзеныя гармонікам, як прасіла Ціханоўская — пры гэтым старшыня камісіі абвяшчае перамогу Лукашэнкі — пад участкам больш за сотню чалавек, якім я абвяшчаю вынікі выбараў…

Людзі чакаюць вынікаў падліку галасоў каля аднаго з участкаў Мінска. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

Людзі чакаюць вынікаў падліку галасоў каля аднаго з участкаў Мінска. Фота даслаў чытач «Нашай Нівы»

…Прашу людзей падвезці нас з Надзяй Бужан у бок Стэлы — ужо каля «Кароны» рух стаіць намертва, але на вуліцах народныя гулянні — разуменне перамогі — ля Стэлы чуваць выбухі, бачым тысячы чалавек, сярод якіх вылучаюцца футбольныя фанаты — аўтазак збівае чалавека — людзі будуюць сімвалічныя барыкады — сілавікі закідваюць людзей выбуховамі пакетамі — доктарка з хуткай дапамогі плача над акрываўленым дэманстрантам: «Мы яго не давязём»…

…Шматтысячная калона рушыць па Раманаўскай Слабадзе, выходзіць на праспект Незалежнасці, дзе ўжо чакаюць сілавікі, і патрохі разыходзяцца, абяцаючы зноў сабрацца заўтра…

Жыхары Мінска блакуюць вуліцы ў раёне ўніверсама «Рыга», патрабуючы сумленнага перападліку галасоў. 10 жніўня

Жыхары Мінска блакуюць вуліцы ў раёне ўніверсама «Рыга», патрабуючы сумленнага перападліку галасоў. 10 жніўня

…Недзе а 3-й ночы сустракаемся з калегамі каля Стэлы, дзе некаторыя пакінулі машыны.

Апоўначы наступнага дня адна з гэтых калег, Наташа Лубнеўская, будзе ляжаць у Бальніцы хуткай дапамогі з прастрэленай нагой, а я буду ляжаць тварам на траве на «Пушкінскай» са звязанымі рукамі ў чаканні аўтазака. На жаль, без такіх выдаткаў вытворчасці абысціся немагчыма. Але як кажуць, гэта была ўжо зусім іншая гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?