Тйо самы балкон

Тйо самы балкон

У сям'і мінчанкі Вольгі жыве пяць чалавек. І толькі адзін з іх — яе бацька — падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Такая сітуацыя склалася не ўчора, але нядаўна ўжо занадта накалілася. У нядзелю, 6 снежня, бацька жанчыны выклікаў міліцыю ва ўласную кватэру, каб супрацоўнікі паўплывалі на Вольгу і яна зняла шторы ў бел-чырвонай-белай гаме. Прозвішча сям'і не публікуецца з этычных меркаванняў, але Tut.by расказвае падрабязнасці.

Што адбылося ў нядзелю

Вольга жыве ў спальным раёне Мінска. У кватэры — цэлая сям'я: яе бацька, яна сама, яе брат з жонкай і іх сынам.

У нядзелю, 6 снежня, пад вокнамі дома, дзе жыве Вольга, бегалі амапаўцы — затрымлівалі людзей. Такое ў гэтым раёне было ўпершыню.

— Бацька на гэта паглядзеў, паслухаў нашы размовы пра тое, што бегае міліцыя, ганяе людзей. Ён у нас за Лукашэнку, а нашы палітычныя погляды мы выказалі, павесіўшы шторку. Яго, напэўна, усё ў той дзень раз'юшыла канчаткова, — мяркуе Вольга. — Раптам бацька прыйшоў да нас і сказаў: «Я выклікаў міліцыю». Мы спачатку падумалі, што гэта жарт, але калі пачуўся званок у дзверы і за ёй былі двое міліцыянтаў у цывільным, мы былі ў шоку.

Супрацоўнікі спыталі, што здарылася. Бацька Вольгі, па яе словах, сказаў прама: «Вось, мая сям'я тут вывесіла сцягі». Хоць, падкрэслівае жанчына, гэта нельга назваць сцягамі: звычайныя белыя шторкі з намаляванымі ад рукі чырвонымі палоскамі.

Міліцыянты сфатаграфавалі балкон Вольгі.

— Сказалі, што расцэньваюць гэта як адзіночны пікет. Але мы дамовіліся: здымаем шторы пры міліцыянтах і разыходзімся — кажа мянчанка. — Ніякай адказнасці да нас прымяняць не будуць, прынамсі, яны так сказалі. Да таго ж пасля таго, як мы знялі шторы, міліцыянты выдалілі фатаграфію балкона. Але хто ведае: можа, потым яны яе адновяць?

Па словах жанчыны, міліцыянты былі «добрыя хлопцы», размаўлялі нармальна, культурна. Нават разуліся, калі заходзілі ў кватэру.

— Мне здаецца, яны проста ўбачылі, што нас натоўп супраць аднаго, і пашкадавалі яго — смяецца суразмоўца. — Калі сыходзілі, нават сказалі нам: «Не крыўдзіце яго больш». Але мы ж і так не крыўдзім яго.

«Такога не чакалі: у нас нармальныя адносіны»

Вольга не хавае: канфліктныя сітуацыі ў сям'і ўзнікалі і раней.

— Натуральна, былі спрэчкі, маглі нават трошкі пасварыцца, але ўсё гэта было спакойна. Вядома, бацька заўсёды выступаў супраць нашых поглядаў, падымаў голас, казаў: «Куды вы ходзіце на мітынгі, сцягі гэтыя вывешваеце, вам гэта трэба?» — пералічвае жанчына. — Але такога, каб выклікаць міліцыю, ніколі не было.

Аднойчы бацька ўжо зрываў гэтыя шторы самастойна. Тады астатнія члены сям'і павесілі іх назад.

— Хоць такога мы ад яго не чакалі. У нас нармальныя адносіны, усе сямейныя святы праводзім разам: Новы год, дні нараджэння. Яшчэ ў нас ёсць дача — мы туды ездзілі кожныя выхадныя разам. Згодная — спрэчкі былі, я гэта ўжо сказала. Але каб на родных дзяцей выклікаць міліцыю? — здзіўляецца жанчына. — Я б яшчэ магла зразумець, калі б ён на маю маці выклікаў: яны ў разводзе. Але каб на сына, дачку і роднага ўнука … Нам вельмі крыўдна. Не страх, не злосць, не нянавісць, а вось проста бярэ крыўда.

Па словах суразмоўніцы, у іх кватэры кожны вечар гучна ўключаныя дзяржканалы па тэлебачанні. І яна заўважыла: асабліва раздражняльным бацька становіцца пасля іх прагляду.

— Калі пачынаюць паказваць па дзяржканалах маршы, шэсці, як людзей затрымліваюць, яго гэта як быццам бударажыць. Раней такой агрэсіі не было, — лічыць Вольга. —Нават і да гэтых выбараў, мы заўсёды, усёй сям'ёй, супраць улады. Але да 9 жніўня такога паводзінаў мы не бачылі. Я з братам таксама магла і ліхтарыкамі памахаць, і з суседзямі на гарбату сустрэцца —бацька ўсё гэта ведаў. І нічога.

Вольга падкрэслівае, што пры гэтым ва ўсёй сям'і погляды супадаюць з сябрамі, суседзямі. А з бацькам — не.

— Можа, як раз гэта яго так ятрыць? Мы ўжо тыдзень не кантактуем. Так і жывём — нібы вялікай сям'ёй, а на самай справе атрымліваецца, што ён проста «здаў» сваіх блізкіх.

Tut.by спрабаваў датэлефанавацца ў аддзел грамадскага пункта аховы правапарадку па месцы жыхарства гераіні, каб высветліць падрабязнасці гісторыі, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Не атрымалася датэлефанавацца і ў Кастрычніцкі РУУС, да якога належыць раён чытачкі.

Атрымаць каментар у прэс-службе ГУУС з нагоды сітуацыі і даведацца статыстыку падобных выпадкаў па Мінску таксама не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?